У Беларусі 21 красавіка набудуць моц змены ў законе аб донарстве крыві і ейных кампанентаў, паведаміла міністэрства аховы здароўя. У дакумент дадалі артыкул «Аўтадонарства». Цяпер грамадзянін можа здаць на захоўванне кроў для ўласнай патрэбы. Паслуга платная.
Закон апублікаваны на Нацыянальным прававым партале. Новаўвядзенне дазваляе фізічнай асобе здаць кроў ці ейныя кампаненты на выпадак, калі можа спатрэбіцца пераліванне. Як пазначаецца, «нарыхтоўка і захоўванне ўласнай крыві ажыццяўляюцца за кошт грамадзяніна». Пры гэтым ніякіх кампенсацыяў і гарантыяў такому аўтадонару, у адрозненні ад звычайных, не даюць.
Калі аўтадонару ўласная кроў не спатрэбіцца, яе могуць пераліць іншай асобе. Для гэтага патрабуецца пісьмовая згода.
У законе тлумачыцца, што норму ўхвалілі «у мэтах змяншэння рызыкі неспрыяльных наступстваў пералівання крыві».
Колькі будзе каштаваць гэтая паслуга, пакуль не вядома.
Сяргей Крот belsat.eu