Міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін назваў унікальным «раптоўнае правяранне аднаго са злучэнняў Узброеных сілаў», што трывае цяпер, і анансаваў новыя манеўры. «Гэта не апошняе правяранне такога маштабу», – сказаў генерал. Ягоныя заявы апублікаваў Telegram-канал Міністэрства абароны.
«Раптоўнае правяранне аднаго са злучэнняў Узброеных сілаў» распачалі на даручэнне Аляксандра Лукашэнкі. «У такім маштабе такое мерапрыемства ладзіцца ўпершыню», – заявіў міністр абароны Віктар Хрэнін журналістам.
«У межах гэтага правярання няма ніякіх абмежаванняў. Увесь комплекс мерапрыемстваў у прывядзенні злучэння ў баявую гатовасць «поўная» ладзіцца без абмежаванняў», – заявіў чыноўнік.
Манеўры прадугледжваюць набор рэзервістаў (міністр назваў гэта «пастаўкаю вайсковаабавязаных»), зняцце тэхнікі з захоўвання і рух у месца правядзення баявой зладжанасці. Цяперашні штат брыгады – 6 тысячаў асобаў, як у ваенны час.
«Гэта не апошняе правяранне такога маштабу. На пэўным прамежку часу такія правяранні ўсіх наяўных падраздзяленняў абавязкова зладзім», – адзначыў Хрэнін.
Цяперашнія манеўры распачаліся 4 красавіка.
Сяргей Крот belsat.eu