У Расеі завялі амаль тысячу справаў аб дыскрэдытацыі Узброеных сілаў


Прайшло сем тыдняў з пачатку расейскага ўварвання ва Украіну. За гэты час расейскім праваабаронцам вядома пра 15 428 затрыманняў на тэрыторыі Расеі: удзельнікаў акцыяў, журналістаў, выпадковых мінакоў.

Пік затрыманняў прыпаў на першыя тыдні вайны, падчас акцыяў 6 сакавіка затрымалі не менш як 5558 чалавек у 77 гарадах Расеі. Затрыманні суправаджаліся паліцэйскім гвалтам: людзей валілі на зямлю, кідалі на асфальт, білі дручкамі, душылі, ударалі галавой аб сцяну, выкручвалі і заломлівалі рукі – паведамляюць праваабаронцы.

Масавыя несанкцыянаваныя антываенныя мітынгі. Масква, Расея. 24 лютага 2022 года.
Фота: Рыгор Малец

Паводле звестак расейскага праваабарончага праекту «ОВД-Инфо», у Расеі завялі як мінімум 993 адміністратыўныя справы паводле артыкулу аб дыскрэдытацыі расейскіх Узброеных сілаў у 78 рэгіёнах краіны. Паводле стану на 14 красавіка вядома пра 84 фігурантаў крымінальных справаў, з іх 26 чалавек з 16 рэгіёнаў абвінавачваюцца або падазраюцца ў «публічным распаўсюджванні заведама ілжывай інфармацыі аб выкарыстанні Узброеных сілаў РФ» (арт. 207.3 КК РФ, уведзены ў сакавіку 2022 года). Колькасць крымінальных справаў увесь час расце.

Праваабаронцы ўдакладняюць, што адну з крымінальных справаў завялі ў дачыненні непаўналетняга. Падставамі для крымінальнага пераследу часцей за ўсё становяцца допісы і каментары ў сацыяльных сетках.

Акрамя таго, яшчэ як мінімум шэсць крымінальных справаў за гвалт у дачыненні прадстаўнікоў улады завялі на ўдзельнікаў антываенных акцыяў у трох рэгіёнах краіны.

«Існуе дастатковая верагоднасць таго, што існыя рэпрэсіўныя практыкі будуць пашырацца. За першыя два тыдні ўлады апрабавалі новыя інструменты рэпрэсіяў, і пакуль няма ніякіх падставаў меркаваць, што на гэтым дзяржава спыніцца», – кажуць праваабаронцы.

У «ОВД-Инфо» таксама адзначаюць, што ўсе гэтыя рэпрэсіі праходзяць у кантэксце беспрэцэдэнтнага падаўлення медыяў, блакавання інфармацыйных рэсурсаў, абвяшчэння журналістаў і праваабаронцаў замежнымі агентамі, спынення працы расейскіх і замежных НКА, а таксама ўзмацнення жорсткасці заканадаўства, якое ўсё больш абмяжоўвае грамадзянскія правы і свабоды ў Расеі.

Фота
«Я хачу міру» Як разганяюць антываенныя мітынгі ў Расеі
2022.02.24 22:31

АД belsat.eu

Стужка навінаў