Сяброўку Каардынацыйнай рады Аксану Зарэцкую пакаралі 1,5 гадамі калоніі


Аксану Зарэцкую, якая ўваходзіла ў асноўны склад Каардынацыйнай рады, пакаралі 1,5 гадамі калоніі. Вырак агучылі 14 сакавіка ў судзе Маскоўскага раёну Менску. Такі ж тэрмін запытвала абвінавачанне. Разам з Зарэцкай вырак быў агучаны IT-спецыялісту Багдану Караўцу, яго пакаралі 2 гадамі калоніі.

Аксану Зарэцкую і Багдана Караўца асудзілі паводле «народнага» 342 артыкулу Крымінальнага кодэксу – удзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Вырак агучыла суддзя Кацярына Мурашка. У абодвух асуджаных ёсць непаўналетнія дзеці.

Бізнес-трэнерка Аксана Зарэцкая.
Фота: zaretskaya.by

У апошнім слове Аксана Зарэцкая папрасіла прабачэння ў сям’і за выпрабаванні, якія ім давялося вытрываць у сувязі з ейным зняволеннем.

– Я думала, што магу перажыць любое пакаранне, але развітанне з роднымі і выпрабаванні для блізкіх – самае складанае, – цытуе словы Зарэцкай Тэлеграм-канал Каардынацыйнай рады.

Аксана Зарэцкая – сяброўка асноўнага складу Каардынацыйнай рады, трэнерка ў галіне этыкету і бізнес-камунікацыяў. Мае дваіх дзяцей.

Багдан Каравец. Крыніца: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Багдан Каравец – дырэктар кампаніі «Astronim», якая ўзнікла ў 2000 годзе і займаецца распрацоўваннем сайтаў пад розныя задачы і комплекснымі інтэрнэт-рашэннямі: кансалтынг, маркетынг, праграмаванне, дызайн і рэклама ў інтэрнэце.

АА belsat.eu

Стужка навінаў