Пральны парашок ужо 78 руб, але ўлады пераконваюць, што інфляцыя невялікая. Як змяняецца спажывецкі кошык беларусаў?


Чыноўнікі ў Беларусі заяўляюць, што кантролю за цэнаўтварэннем у бліжэйшы час адмяняць не маюць намеру. Але нягледзячы на адміністрацыйныя захады і кантроль, беларусы заўважаюць, што на набыццё звыклага набору харчоў шторазу заплаціць трэба ўсё больш. Цэны ў крамах працягваюць расці.

Цэны ў беларускіх крамах.
Фота: чытачы Белсату

Паводле падлікаў Белстату, цэны ў Беларусі на тавары і паслугі за першыя два месяцы года ў параўнанні з леташнім снежнем выраслі на 2 %, за год інфляцыя склала 11,7 %. Беларусы ж перакананыя, што афіцыйныя лічбы не зусім карэктна адлюстроўваюць рэальную сітуацыю. Інфляцыйныя адчуванні грамадзянаў краіны нашмат большыя, чым падае статыстыка.

«Яшчэ ў лютым сярэдні чэк у краме пры набыцці прадуктаў на тыдзень для сям’і з чатырох асобаў складаў каля 150 рублёў. Гэта вельмі заўважна, калі набываеш тавары раз на тыдзень. А вось у сакавіку раптоўна за той самы набор прадуктаў прыйшлося заплаціць ужо 200 рублёў. Гэта, падаецца, зусім не 2 %, а больш за 30 %», – кажуць у размове з «Белсатам» беларусы.

Чытачы «Белсату» наракаюць, што афіцыйныя звесткі і лічбы не адлюстроўваюць рэальнай сітуацыі. Насамрэч цэны на ежу, на нехарчовыя тавары, асабліва на імпартныя вырабы, на паслугі растуць увесь час і далёка не на адзінкі адсоткаў.

Самы танны сыр у беларускіх крамах прадаюць ужо за 18 рублёў.
Фота: чытачы Белсату

Імпартныя прадукты знікаюць, а прывезеныя аналагі даражэйшыя і менш якасныя

Паводле назіранняў чытачоў belsat.eu, у шмат якіх крамах знікаюць танныя імпартныя харчы – напрыклад, макаронныя вырабы. На іх месцы зʼяўляецца больш дарагая макарона, пры гэтым значна горшай якасці. Усё больш на паліцах харчоў беларускай і расейскай вытворчасці.

Фінансіст Віталь Алейнік звяртае ўвагу на тое, што праблема росту цэнаў не ёсць праблемаю выключна для Беларусі. Ва ўсім свеце цяпер адчувальная інфляцыя. Іншая рэч, кажа суразмоўца, што ў краінах Захаду працуюць механізмы, інструменты, каб стабілізаваць сітуацыю. У Беларусі летась улады фактычна загадалі цэнам стаяць на пэўным узроўні і сачылі, каб тыя не раслі. І гэтая адміністратыўная захада часова стабілізавала сітуацыю.

«Камандна-адміністрацыйныя захады застаюцца мінай запаволенага дзеяння, паколькі ўздзеянне на гаспадарку праз забарону на рост коштаў будзе ціснуць на эканоміку ўнутры краіны ў доўгатэрміновай перспектыве, і з гэтым змагацца будзе даволі складана. Улады пачынаюць тое разумець, бо з вуснаў чыноўнікаў пачынае гучаць такое эканамічнае вызначэнне, як манетарная палітыка. Верагодна, кіраўніцтва краіны разумее, што ў эканоміцы трэба кіравацца не толькі рэпрэсіўнымі захадамі, але трэба глядзець, як працуе цывілізаваны свет», – кажа Віталь Алейнік.

Кошты на імпартныя тавары значна выраслі.
Фота: чытачы Белсату

І сапраўды, падчас эканамічнай нарады 13 сакавіка Лукашэнка загадаў стрымліваць рост коштаў манетарнымі, рэгулятарнымі або адміністратыўнымі захадамі. Галоўнае, каб быў вынік. Але ў беларускіх умовах выніку дасягнуць даволі складана.

«У Беларусі эканоміка не празрыстая. Няма нармальнай канкурэнцыі, што прыводзіла б да запавольвання інфляцыі. А калі інфляцыя рэгулюецца праз камандна-адмністрацыйныя захады, то аналізаваць сітуацыю даволі цяжка. Але наступствы такой палітыкі ў любым выпадку адлюструюцца ў істотным росце цэнаў», – перакананы фінансіст.

Алейнік звяртае ўвагу на тое, што назапашаная яшчэ з мінулага года інфляцыя можа цяпер даваць пра сябе ведаць і аказвае ціск. Да таго ж імпартныя тавары праз санкцыі трапляюць у нашую краіну дзякуючы паралельнаму імпарту. Гэтая схема прадугледжвае, што ў ланцугу колькасць пастаўнікоў павялічваецца, адпаведна і кошты на гэтыя тавары растуць. Сітуацыя будзе адбівацца на гаманцах беларусаў.

Чытачы belsat.eu кажуць, што імпартныя тавары або знікаюць з паліцаў, або кошты на іх растуць на дзясяткі адсоткаў. Шмат хто не можа дазволіць сабе гэтых тавараў і пачынае карыстацца беларускімі.

Каментар
Дарагая лагістыка. Кошты на імпартныя тавары зноў пайшлі ў рост
2023.02.23 20:20

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў