news
Агляд
Каралева – на пенсіі, няхай жыве кароль! Што варта ведаць пра старога і новага манархаў Даніі
Змены адбываюцца не самым звычайным для манархіяў чынам.
14.01.202407:10

У нядзелю, 14 студзеня, у Еўропе зробіцца на аднаго кіраўніка са шматгадовым стажам менш: у Даніі змяняецца манарх. Змены адбываюцца не самым звычайным для манархіяў чынам, бо дзейная каралева папросту сыходзіць на пенсію. «Белсат» жа надумаў паглядзець на асобы двух манархаў – старой каралевы і новага караля.

Каралева Даніі Маргрэдэ II махае натоўпу ў свой 83-ы дзень нараджэння з гаўбца замку Амальенбор (Amalienborg) у Капэнгагене, Данія. 16 красавіка 2023 года.
Фота: Mads Claus Rasmussen / Ritzau Scanpix / AFP / East News

Пра свае планы адстаўкі каралева Даніі, а таксама залежных ад яе Грэнландыі і Фарэрскіх Астравоў, Маргрэдэ ІІ абвясціла ў сваім навагоднім звароце 31 снежня 2023 года. Афіцыйны сыход яна прызначыла на 14 студзеня 2024 года – 52-ую гадавіну свайго ўступлення на трон.

Прычыны сыходу Маргрэдэ ІІ патлумачыла праблемамі са здароўем. У лютым 2023 года яна перанесла аперацыю на спіне, што «дало падставу задумацца пра будучыню»:

«Час бярэ сваё, і колькасць недамаганняў павялічваецца. Нельга ўзяць на сябе столькі, колькі ўдавалася ў мінулым».

Сваім пераемнікам Маргрэдэ ІІ абвясціла старэйшага сына Фрэдэрыка, выказаўшы спадзеў, што «новыя кароль і каралева будуць сустрэтыя з такім жа даверам і адданасцю», як яна сама.

Найдаўжэйшы кіраўнік у Еўропе

Пасля смерці ў верасні 2022 года брытанскай каралевы Элізабэт II ейная дацкая калега, якая заняла трон у 1972 годзе, зрабілася першай у Еўропе паводле працягласці кіравання. У свеце яна саступала толькі султану Брунэю, які кіруе сваёй краінаю з 1967 года.

Цяпер жа пальма першынства ў Еўропе пяройдзе ейнаму кузэну па кудзелі – каралю Швецыі Карлу XVI Густафу, які займае трон з 1973 года. На п’едэстале таксама князь Ліхтэнштэйну Ганс-Адам ІІ (кіруе з 1989 года) і кароль Нарвегіі Гаральд V (кіруе з 1990 года). Далей у еўрапейскім спісе ідзе самаабвешчаны прэзідэнт Беларусі з 30-гадовым стажам Аляксандр Лукашэнка, які, у адрозненне ад манархаў, займае быццам бы выбарную пасаду.

За час свайго 52-гадовага кіравання Маргрэдэ ІІ зрабілася аб’яднаўчаю фігураю для датчанаў. Паводле нядаўніх апытанняў, амаль 80 % жыхароў краіны падтрымліваюць манархію, у параўнанні з менш як паловай у год, калі яна заняла трон.

Каралева Даніі Маргрэдэ II прысутнічае на юбілейным парадзе. Капэнгаген, Данія. 30 чэрвеня 2023 года.
Фота: Mads Claus Rasmussen / Ritzau Scanpix / AFP / East News

«Ёй удалося быць каралевай, якая абʼяднала дацкую нацыю ў часіны вялікіх зменаў: глабалізацыі, зʼяўлення мультыкультурнай дзяржавы, эканамічных крызісаў 1970-х, 1980-х і зноў у 2008–2015 гадах і пандэміі», – сказаў AFP гісторык Лярс Гоўбаке Сёрэнсэн (Lars Hovbakke Sørensen).

Роля манарха ў Даніі вызначаецца і абмяжоўваецца канстытуцыяй. Згодна з ёю, манарх ёсць кіраўніком дзяржавы і збройных сілаў, можа ініцыяваць заканадаўчыя акты, змяняць міністраў і гэтак далей. Але на практыцы яго паўнамоцтвы ўжываюцца толькі ў адпаведнасці з законамі, прынятымі парламентам. Фактычна манарх абмежаваны такімі функцыямі, як ушанаванне заслужаных дзеячаў ці афіцыйнае прызначэнне прэмʼер-міністра. Манарх і ягоныя найбліжэйшыя сваякі бяруць на сябе розныя афіцыйныя, цырыманіяльныя, дыпламатычныя і прадстаўнічыя абавязкі.

Старамодная аматарка колераў і цыгарэтаў

Маргрэдэ нарадзілася 16 красавіка 1940 года ў Капэнгагене, які за тыдзень да гэтага быў акупаваны нацысцкімі войскамі. Ейнымі бацькамі былі дацкі прынц Фрэдэрык і шведская прынцэса Інгрыд. Яна належыць да Глюксбургаў, дацкай каралеўскай дынастыі нямецкага паходжання, прадстаўнікі якой з 1905 года таксама кіруюць Нарвегіяй і з 2022 года – Вялікай Брытаніяй.

У 1947 годзе ейны бацька стаў каралём Фрэдэрыкам ІХ. Сыноў у яго не было, і ў 1953 годзе былі ўнесеныя папраўкі ў канстытуцыю, што дазволілі жанчынам успадкаваць трон. 14 студзеня 1972 года 31-гадовая Маргрэдэ сталася першаю жанчынай на дацкім троне з 1396 года.

«Было так шмат шуму вакол таго, што я жанчына. Шчыра кажучы, гэта было не вельмі смешна», – сказала яна ў інтэрвʼю ў 2019 годзе.

Маладая каралева адмовілася ад ранейшых тытулаў, пакінуўшы толькі «Літасцю Божай Каралева Даніі». Сваім дэвізам яна абрала: «Божая дапамога, любоў народу, моц Даніі». Любоў народу яна атрымала ў тым ліку ў выніку шматлікіх падарожжаў па Даніі, падчас якіх шмат размаўляла з простымі суграмадзянамі.

Каралева Маргрэдэ ІІ і прынц Гэнрык падчас штогадовага летняга круізу ў Грэнландыю на каралеўскай яхце «Dannebrog». 21 ліпеня 2015 года.
Фота: Hanne Juul / All Over Press Denmark / East News

Торэ Ляйфэр (Tore Leifer), рэдактар Музею нацыянальнай гісторыі ў Даніі, у каментары «Reuters» сказаў, што Маргрэдэ была сарамлівым і няўпэўненым у сабе падлеткам, ёй часта здавалася, што ёй некамфортна ў ролі спадчынніцы трону.

«Яна паступова вырасла ў вельмі ўпэўненага і моцнага чалавека, жанчыну, якая сапраўды ўпэўненая ў сабе, якая ведае, што робіць, і стварыла гэтую ролю як абʼяднальны сімвал для ўсёй нацыі», – адзначыў ён.

Маргрэдэ вядомая сваім моцным захапленнем археалогіяй, яна сама ўдзельнічала ў раскопках, у тым ліку ў Італіі, Егіпце, Даніі і Паўднёвай Амерыцы. Таксама каралева вельмі творчая асоба. Яна пачала маляваць у раннім веку і з таго часу працавала над тэкстылем для цэркваў у Даніі, Грэнландыі, Нямеччыне і Англіі, графікай, кніжнымі ілюстрацыямі, дэкупажам, вышыўкай. Шмат якія творы выстаўляліся ў Даніі і за мяжой.

Маргрэдэ ІІ рабіла эскізы для дацкага перавыдання раману Джона Толкіна «Уладар пярсцёнкаў» у 1977 годзе, якія высока ацаніў сам аўтар. У якасці суаўтаркі сцэнароў, мастачкі касцюмаў і дэкарацыяў Маргрэдэ працавала над фільмамі і балетамі паводле твораў Ганса Крыст’яна Андэрсэна.

Каралева таксама вядомая эксцэнтрычным выбарам адзення. Яна часта з’яўлялася на публіцы ў яскравых кветкавых строях, у тым ліку пашытых ёю самою. У 2013 годзе «The Guardian» уключыў яе ў лік 50 найлепш апранутых асобаў за 50, а брытанскі «Vogue» назваў яе «гераіняй неапетага стылю».

Насуперак сучасным тэндэнцыям, Маргрэдэ застаецца заўзятым курцом.

«Я палю там, дзе ёсць попельніца», – сказала яна неяк журналістам з цыгарэтай у руцэ.

Няпростае сужэнства

У 1967 годзе прынцэса Маргрэдэ выйшла замуж за французскага дыпламата Анры дэ Ляборда дэ Манпэза, з якім заставалася ў шлюбе да ягонай смерці ў 2018 годзе. Пазнаёміліся яны ў Лондане, дзе пасля Оргусу, Кеймбрыджу і Сарбоны вучылася будучая каралева. Для шлюбу з прынцэсай дыпламату давялося змяніць сваё імя (з Анры на больш дацкага Гэнрыка) і канфесію (з каталіцтва на лютэранства) ды адмовіцца ад кар’еры. Пара мела двух сыноў: наследнага прынца Фрэдэрыка, які стане каралём Фрэдэрыкам X, і прынца Ёакіма.

У апошнія гады паміж сужэнцамі былі відавочныя рознагалоссі, бо муж каралевы, які меў тытул прынца-кансорта, быў не задаволены сваім статусам і хацеў быць каралём-кансортам. З гэтай прычыны ён нават пакідаў Данію і казаў, што не хоча быць пахаваным побач са сваёй жонкай.

Hавiны
Жывы бог, ветэран, але не кароль. Чым запомніўся прынц Філіп – муж каралевы Элізабэт ІІ
2021.04.09 16:46

«Данія для мяне важнейшая за ўсё. Я не думаю, што калі-небудзь нават гулялася з ідэяй паставіць свой шлюб вышэй за трон», – сказала Маргрэдэ ІІ аўтарцы сваёй біяграфіі Анэ Вольдэн-Рэтынге (Anne Wolden-Ræthinge).

Каралеўскі бунтар і эколаг

Будучы кароль Фрэдэрык Х нарадзіўся ў 1968 годзе. Як піша Бі-Бі-Сі, ён прайшоў шлях ад тыповага тынэйджара, які бунтуе супраць бацькоў, да ўзорнага семʼяніна і гарачага змагара са змяненнем клімату.

У юнацтве Фрэдэрык, вельмі злы на сваіх бацькоў, якія праз свае абавязкі не надавалі яму жаданай увагі, шукаў суцяшэння ў хуткіх аўтамабілях і бурлівым свецкім жыцці, заслужыўшы рэпутацыю «прынца-тусоўніка». У 1996 годзе ён прызнаваўся, што ў дзяцінстве хацеў для сябе іншага лёсу.

«Шчыра кажучы, у маладыя гады ён быў бунтаром, якому было вельмі няўтульна ад сталай увагі медыяў і ад усведамлення таго, што ў будучыні ён будзе каралём. Ён здабыў упэўненасць у сабе толькі ў 20 гадоў», – сказала журналістка Гітэ Рэдэр, што сочыць за каралеўскай сямʼёй Даніі.

Фрэдэрык радыкальна змяніўся пасля паступлення ў Оргускі ўніверсітэт у Даніі і ў Гарвардскі ўніверсітэт у ЗША, дзе вучыўся пад псеўданімам Фрэдэрык Гэндрыксэн. У 1995 годзе прынц атрымаў дыплом палітолага. Таксама будучы кароль служыў у корпусе вадалазаў вайскова-марскога флоту, прайшоўшы конкурс 75 асобаў на месца. Там ён атрымаў мянушку Пінгвін, бо аднойчы ягоны касцюм напоўніўся вадой і прынц не мог нармальна хадзіць. У 2000 годзе ён таксама вучыўся на вайсковага пілота.

Каралева Даніі Маргрэдэ II, наследны прынц Даніі Фрэдэрык і наследная прынцэса Даніі Мэры вітаюць дыпламатычны корпус падчас навагодняга прыёму ў палацы Крыст’янсбор. Капэнгаген, Данія. 3 студзеня 2024 года.
Фота: Ida Marie Odgaard / Ritzau Scanpix / AFP / East News

Заўзяты спартовец, Фрэдэрык удзельнічаў у шасці марафонах, адным трыятлоне «Ironman» і экспедыцыі на сабачых запрэжках працягласцю 3500 кіламетраў у Грэнландыі. Таксама Фрэдэрык некалькі разоў трапляў у шпіталь пасля падзенняў з саняў і скутараў.

Прынц сустрэў сваю будучую жонку Мэры Доналдсан, піяр-менеджарку з Аўстраліі, у адным з пабаў у Сіднэі падчас Алімпійскіх гульняў 2000 года. Ёй ён назваўся проста «Фрэдам з Даніі». Год раман працягваўся на адлегласці, а ў 2004-м адбылося вяселле. У пары чацвёра дзяцей: двое хлопчыкаў і дзве дзяўчынкі. Вучыліся дзеці пераважна ў дзяржаўных школах.

Прынц Фрэдэрык актыўна змагаецца са змяненнем клімату і ўсяляк спрыяе таму, каб Данія займала адно з лідарных месцаў у свеце ў галіне ўкаранення зялёных тэхналогіяў. У 2020 годзе ён заснаваў прэмію для міжнародных кампаніяў, што прыклалі асаблівыя намаганні для прасоўвання дацкіх інавацыяў ува ўсім свеце. Акрамя таго, будучы кароль надае ўвагу паляпшэнню становішча людзей з абмежаванымі магчымасцямі і пашырэнню доступу датчанаў да навуковай адукацыі. У 2023 годзе прынц Фрэдэрык сустрэўся ў Капэнгагене з абранай прэзідэнткай Беларусі Святланай Ціханоўскай.

Фрэдэрык вядомы сваймі нязмушанымі і прыземленымі манерамі. Яго можна заўважыць у натоўпе, на ровары або сярод падлеткаў, якія даюць яму пяць. Некаторыя датчане звяртаюцца да яго наўпрост без тытула.

Гісторык Сёрэнсэн лічыць, што ў Фрэдэрыка больш сучасны стыль, чым у ягонай маці, ён лёгка ўступае ў нязмушаную гутарку са звычайнымі людзьмі, хоць і менш праніклівы ў афіцыйных прамовах, піша AP. Таксама ён вядомы любоўю да рок-музыкі, тады як маці аддае перавагу класічнай.

«Калі прыйдзе мой час, я ўстану ля стырна нашага карабля, – сказаў ён у 2022 годзе з нагоды залатога юбілею кіравання сваёй маці, – і буду ісці тым самым курсам, якім гэты карабель вялі Вы, прыняўшы стырно з рук Вашага бацькі, знаходзячыся на чале нашай 1000-гадовай манархіі».

У адрозненне ад Вялікай Брытаніі, афіцыйнай цырымоніі каранацыі будучага манарха не будзе. Замест гэтага 14 студзеня пра яго ўзыходжанне на трон абвесцяць у замку Амальенбор у Капэнгагене.

Гісторыі
Каралева памерла. Якой былі Элізабэт II і яе эпоха
2022.09.08 23:03

Макар Мыш belsat.eu