Беларус, які можа паляцець на Марс: Там сексу няма


Перад палётам на Марс уразлівыя да радыяцыі органы будуць замененыя на штучныя, таму для дзяцей будзе бракаваць здароўя, мяркуе 41-гадовы кандыдат ад Беларусі на каланізацыю Чырвонай планеты.



Першую чацвёрку зямлянаў адправіць на Марс нідэрландская кампанія «Mars one» ў 2023 годзе. Сёлета ў верасні адбяруць 40 кандыдатаў, з якіх толькі 24 будуць праходзіць рыхтаванне да палёту, якое пачнецца ў 2015 годзе і будзе трываць 8 гадоў.

Кандыдат на Марс ад Беларусі Андрэй Арлоў, які цяпер займаецца аўтадыягностыкаю, кажа, што ўвайсці ў гісторыю для яго не галоўнае: “Яе ўсё роўна кожны піша па-свойму. Я раблю гэта для сябе, каб паглядзець”.

{movie}Беларус, які можа паляцець на Марс: Там сексу няма|right|10625{/movie}

Андрэй у разжэнстве, мае 2 дарослых дзяцей, якія, таксама, як і бацькі мужчыны, пакуль не ведаюць, у чым бярэ ўдзел іхны бацька. Кандыдат распавёў, што маральна і фізічна гатовы да выпрабаванняў, а яны абяцаюць быць суровымі: жыццё на Марсе па-за базаю будзе праходзіць выключна ў скафандры, бо атмасфера планеты не дазваляе дыхаць. “Гравітацыя на Марсе крыху меншая, як на Зямлі, але дастатковая, каб нікуды не паляцець”, – заўважыў Андрэй.

Падчас самога палёту астранаўты зазнаюць моцнае выпраменьванне, таму адмыслоўцы мяркуюць, што “марсіяне” згубяць у космасе каля паловы цягліцавай і косцевай масы. “Гэта будзе моцна ўплываць на здароўе, на рэгенерацыю тканак, загойванне ранаў. Таму любое пашкоджанне і пералом можа стаць фатальным”, – падкрэсліў беларус.

Перад палётам найбольш уразлівыя да радыяцыі органы будуць замененыя на штучныя, таму на размнажэнне ўдзельнікам праекту будзе бракаваць здароўя, адзначыў беларус. “Сексу на Марсе няма”, – настойвае Андрэй. На ягоную думку, мужчыны і жанчыны будуць на Марсе толькі для таго, каб астранаўты пачуваліся больш камфортна з псіхалагічнага боку і каб абодвум полам не было крыўдна.

Андрэй не сумняецца, што будзе адным з 24 чалавек, якіх адбяруць для рыхтавання: “Шмат тут бачыў, шмат чаго тут ведаю, цяпер мяне тут нічога не трымае. Чаму не заняцца нечым новым? Прычым да палёту яшчэ 10 гадоў і я не збіраюся заўтра паміраць”. Пакуль жа ён адпачывае, гуляе ў більярд, рыбачыць, бо, як заўважыў, – усяго гэтага на Марсе не будзе.

Пажаданні беларусаў

Даведаўшыся, што беларус збіраецца на Марс, карэспандэнты “Белсату” запыталі менчукоў, чаго б яны пажадалі прадстаўніку нашай дзяржавы ў космасе. “Добра сябе паводзіць і не зганьбіць Беларусі”, – зычыць мянчук сталага веку. “Прывезці добрыя эмоцыі”, – зазначыла спадарыня.

{movie}Апытанне: Чаго б пажадалі беларусу, які паляціць на Марс? |right|10627{/movie}

На пытанне, ці хацелі б вы паляцець на Марс, большасць беларусаў адказала адмоўна.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў