Кіраўнік БФК: Людзям з бел-чырвона-белымі сцягамі заплацілі. Таму што сярод іх былі і цемнаскурыя


Старшыня Беларускай федэрацыі хакея Яўген Ворсін распавёў “Еўрарадыё”, чаму на матчы Чэмпіяната свету па хакеі ў беларускіх заўзятараў спрабавалі забраць нацыянальную сімволіку.

Чыноўнік паабяцаў, што на далейшых матчах ахова не будзе пускаць з бел-чырвона-белымі сцягамі на трыбуны. Сваё абурэнне ён патлумачыў сумневамі ў сумленнасці заўзятараў.

“Я лічу, што гэта не заўзятары прыйшлі на матч, а нейкія староннія людзі, якім па ўсёй верагоднасці заплацілі грошы”. – заявіў ён і патлумачыў як БФК прыйшло да такой высновы – “Таму што сярод іх былі і цемнаскурыя. Незразумела хто – нейкае рыззё. Яны стаялі і незразумела што крычалі. І якія дзеянні ў іх выклікалі захапленне – незразумела. Проста неадэкватныя людзі. Я не лічу, што гэта заўзятары, мяркую, што на ніхто ўвагі не звяртаў”. – цытуе Ворсіна Еўрарадыё.

Пасля гэтага надзвычай паліткарэктнага выказвання, чыноўнік прызнаўся, што БФК усё ж такі ўвагу на бел-чырвона-белыя сцягі звярнула і звярнулася з адпаведнай просьбай да службы аховы чэмпіянату. Так генеральны сакратар імпрэзы Тоні Вірэн у размове з “Радыё Свабода” падцвердзіў словы Ворсіна – бел-чырвона-белы сцяг быў прызнаны “палітычным знакам” і таму не будзе дазволены на чэмпіянаце.

На спартовую імпрэзу з нацыянальнымі сцягамі паехалі актывісты “Беларускай нацыянальнай памяці”. Арганізацыя на сваёй старонцы ў фэйсбуку тлумачыць, што “цемнаскурымі” і іншымі “староннімі людзьмі” былі іншыя заўзятары, якія падтрымалі беларусаў і дапамаглі абараніць сцягі на трыбунах. Нягледзячы на словы чыноўнікаў актывісты абяцаюць прыйсці з нацыянальнай сімволікай і на сённешні матч Беларусі са зборнай Славеніі. Пачатак а 13.15.

belsat.eu

Стужка навінаў