130 дзён пратэсту. Трэці пакет санкцыяў супраць чыноўнікаў і прэмія імя Сахарава для грамадскасці


Паслявыбарчыя пратэсты ў Беларусі працягваюцца 130 дзён. Belsat падводзіць вынікі гэтага дня.

Беларускай супольнасці ўручылі прэмію Сахарава.
Фота: Белсат

Еўразвяз пашырыў санкцыі супраць кіраўніцтва Беларусі

Еўрапейскія амбасадары зацвердзілі трэці пакет санкцыяў супраць набліжаных да Лукашэнкі. Пра гэта напісаў журналіст радыё «Свабодная Еўропа» Рыкард Юзьвяк.

«Амбасадары ЕЗ ухвалілі новыя санкцыі па Беларусі. 29 асобаў, 7 прадпрыемстваў. Будзе апублікавана заўтра ў афіцыйным часопісе ЕЗ», – паведаміў Рыкард Юзьвяк.

Чарговыя абмежаванні сталі трэцім пакетам санкцыяў у дачыненні да кіраўніцтва Беларусі. Яшчэ 2 кастрычніка Еўразвяз увёў санкцыйны спіс з 40 чыноўнікаў, якія датычныя да фальсіфікацыяў і гвалту ў краіне. Але ў спісе не было Лукашэнкі. І толькі 6 лістапада ЕЗ пашырыў абмежавальныя захады ў дачыненні да 59 прадстаўнікоў беларускай улады.

Асобам, якія патрапілі ў санкцыйны спіс, забаронена наведваць краіны ЕЗ, іх актывы, якія знойдуць на тэрыторыі Еўразвязу, будуць замарожаныя. Да абмежавальных захадаў далучыліся і іншыя краіны Еўропы, якія не ўваходзяць у ЕЗ, а таксама ЗША і Канада.

Расейцы заступіліся за беларускіх журналістак

Вядомы расейскі журналіст і пісьменнік Уладзімір Познер, журналіст і грамадскі дзеяч Мікалай Сванідзэ, тэлевядоўца, блогер і палітык Ксенія Сабчак выступілі ў абарону беларускіх журналістаў.

Падтрымаць беларускіх калегаў Уладзіміра Познера заклікала галоўная рэдактарка TUT.by Марына Золатава. Яна звярнулася да Познера з лістом, у якім яна прасіла выказацца з нагоды зняволеных журналістак Кацярыны Андрэевай, Дар’і Чульцовай і Кацярыны Барысевіч.

Банер у падтрымку незалежных журналістаў

Журналістак «Белсату» Кацярыну Андрэеву і Дар’я Чульцову, а таксама журналістку TUT.by Кацярыну Барысевіч затрымалі паводле крымінальных справаў. Праваабаронцы прызналі журналістак палітвязнямі. Amnesty International прызнала журналістку TUT.by Кацярыну Барысевіч вязнем сумлення.

Больш за тысячу чалавек з Расеі, Беларусі і Украіны падпісаліся пад лістом, які заклікае спыніць пераслед беларускіх журналістак Кацярыну Барысевіч, Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову.

Таксама неабыякавыя грамадзяне просяць перагледзець адміністрацыйныя прысуды, якія каралі выражэнне меркавання.

Прэмія Сахарава для беларускай грамадскасці

У Бруселі прадстаўнікам беларускай супольнасці ўрачыста ўручылі прэмію імя Андрэя Сахарава «За свабоду думкі». Прэмію ўручаў спікер Еўрапарламенту Давід Сасолі.

Прэмію імя Андрэя Сахарава «За свабоду думкі» прысудзілі дэмакратычнай апазіцыі Беларусі 22 кастрычніка. Атрымлівалі прэмію прадстаўнікі Прэзідыюма Каардынацыйнай Рады: Святлана Ціханоўская, Алесь Бяляцкі, Сяргей Дылеўскі, Вераніка Цапкала, Сцяпан Пуціла, родныя палітзняволеных, сярод якіх жонка палітвязня Міколы Статкевіча Марына Адамовіч, сястра Марыі Калеснікавай ды іншыя.

Беларускай супольнасці ўручылі прэмію Сахарава.
Фота: Белсат

У Беларусі могуць з’явіцца замежныя агенты

Грамадскія арганізацыі ў Беларусі збіраюцца прыраўняць да замежных агентаў, што істотна абмяжуе дзейнасць НДА. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Андрэй Савіных папрасіў расейцаў падзяліцца напрацоўкамі і досведам у гэтым кірунку. У суседняй краіне Закон аб замежных агентах дзее ўжо 8 гадоў. За гэты час значная частка арганізацыяў спыніла сваю дзейнасць, іншыя ж рэгулярна штрафуюць.

Заявы Савіных пра ўвядзенне ў Беларусі аналагічнага расейскаму закону прагучалі падчас паседжання камісіі для абароны дзяржсуверэнітэту, што зладзіў расейскі Савет Федэрацыі.

Адлічаныя студэнты судзяцца з ВНУ

У Беларусі з пачатку навучальнага году паводле палітычных матываў адлічылі каля двухсот студэнтаў. Найбольшая колькасць – 53 маладзёны – з БНТУ. Больш за дзясятак – з Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэту, 6 студэнтаў – з Беларускага дзяржаўнага медычнага ўніверсітэту. Але не ўсе пагаджаюцца з гэтым. У судзе Кастрычніцкага і Савецкага раёнаў распачаліся разгляды позваў адлічаных студэнтаў да ўніверсітэтаў. Маладзёны патрабуюць адмены загаду аб адлічэнні.

Размова
Ці карнікі могуць адмовіцца выканаць загад?
2020.12.16 21:20

СК belsat.eu

Банер у падтрымку незалежных журналістаў
Стужка навінаў