«Наша ніва» напісала пра затрыманне топ-менеджара «Белаграпрамбанку»


Затрымалі намесніка старшыні праўлення «Белаграпрамбанку» Віталя Крука. Паводле інфармацыі «Нашай нівы», яго западозрылі ў махлярстве. Крук нібыта падтасоўваў вынікі рэкламнай гульні на карысць сваякоў.

Намеснік старшыні праўлення «Белаграпрамбанку» Віталь Крук.
Фота: belapb.by

Пра затрыманне намесніка старшыні праўлення «Белаграпрамбанку» Віталя Крука выданню «Наша ніва» паведамілі дзве крыніцы. Прыярытэтная версія – нібыта створаная ім схема, дзякуючы якой ягоныя сваякі станавіліся пераможцамі рэкламнай гульні банку з буйнымі прызамі.

Топ-менеджара затрымалі на працоўным месцы, гэта адбылося «нядаўна, але канкрэтны дзень невядомы», піша выданне. Разам з Круком за кратамі апынуліся «некаторыя блізкія да яго асобы».

У гэтай рэкламнай гульні галоўнымі прызамі былі кватэры ды аўтамабілі.

Сёлета ў Беларусі не аднойчы затрымлівалі банкіраў. У сакавіку – кіраўніка банку БелВЭБ Васіля Мацюшэўскага і некалькіх ягоных намеснікаў (неўзабаве іх вызвалілі), а таксама старшыню праўлення «Прыёрбанку» Сяргея Касцючэнку, яго прыгаварылі да 3,5 года калоніі паводле абвінавачвання ва ўхіленні ад падаткаў. У красавіку з’явілася інфармацыя пра затрыманне кіраўніка «Белінвестбанку» Андрэя Брышцелева, яго нібыта западозрылі ў атрыманні буйнога хабару.

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў