Аляксандр Лукашэнка спадзяецца, што ваяваць не прыйдзецца


Расея рыхтуе поўнамаштабны напад на Украіну ўжо ў студзені наступнага года – менавіта гэтую гісторыю абмяркоўвалі Уладзімір Пуцін з Джо Байдэнам больш за дзве гадзіны праз відэасувязь. Да чаго дамовіліся кіраўнікі ЗША і Расеі? Ці наважыцца Крэмль на новую ваенную авантуру ў Еўропе? І ці сапраўды расейскія танкі могуць стартаваць ва Украіну з Беларусі?

Усе засталіся пры сваім: Пуцін не можа дапусціць інтэграцыі Украіны з NATO і Еўразвязам, а ЗША, у сваю чаргу, гарантавалі поўнае палітычнае і вайсковае падтрыманне Украіны ў выпадку ўзброенай расейскай агрэсіі. Такі сціслы вынік перамоваў Пуціна і Байдэна.

Каментуе Аляксандр Марозаў, палітолаг, Чэхія:

«Паміж Крамлём і Байдэнам, але не толькі ЗША, а і іншымі краінамі-лідарамі, давер цалкам страчаны, ніхто Пуціну не верыць. Але ён мог зрабіць пэўныя крокі: у сферы кібербяспекі, у плане вяртання да перамоваў аб ракетах, у тым ліку ад яго чакаецца нейкі жэст для дээскалацыі ў адносінах Украіны з ягонага боку. Зразумела, што калі Пуцін будзе проста настойваць на поўным выкананні Менскіх дамоўленасцяў, то ніколі нічога нікуды не зрушыцца і ніякага ўрэгулявання на Данбасе не будзе».

Пуцін жа акурат працягвае гнуць сваю лінію і нават пагражае новай эскалацыяй канфлікту з Украінай. Гэтак, на пачатку снежня журналісты нямецкага выдання «Bild» са спасылкаю на крыніцы ў амерыканскай выведцы паведамілі аб планах Расеі здзейсніць поўнамаштабны наступ на Украіну ў канцы студзеня 2022 года вайсковай групоўкай з 175 тыс. чалавек. Запланаваны напад расейскіх войскаў мае адбывацца з некалькіх кірункаў адначасова, у тым ліку – з тэрыторыі Беларусі.

Дзмітрый Грамакоў, эксперт па камунікацыях, Украіна:

«Уласна, там намалявана «Тбілісі 2.0». Удар з Харкава ў бок Сумаў цалкам лакалізуе нашую вайсковую групоўку на Данбасе. Удар з поўдня адразае камунікацыі і магчымасці падвозу, нейкай лагістыкі, плюс прабіваецца калідор да Крыму і доступ да вады. Ну і паход на Кіеў. Усе войскі будуць сцягнутыя для разблакавання гэтага ўсяго, а ў нас застаецца непрыкрыты паўночны бок, з якога можна дакаціцца ці даляцець».

У такія моманты адразу згадваецца нядаўняе прызнанне Лукашэнкам анексіі Крыму ды ягоная бравада. Што праўда, выглядае гэта як дэманстрацыя лаяльнасці ў спадзяванні, што ў рэальнасці ні да якога канфлікту, канечне, не дойдзе.

«Калі яны развяжуць зноў вайнушку на Данбасе ці недзе на мяжы з Расеяй, Беларусь у баку не застанецца. І зразумела, на чыім баку будзе Беларусь», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Сітуацыя з магчымай эскалацыяй расейска-ўкраінскага канфлікту абмяркоўвалася ў тым ліку і на саміце NATO ў Рызе, што прайшоў на пачатку снежня.

ВІДЭА
Чым NATO адкажа Аляксандру Лукашэнку і Уладзіміру Пуціну?
2021.12.04 14:35

Байба Бража, намесніца генеральнага сакратара NATO па публічнай дыпламатыі:

«Не першы раз мы бачым, як Расея нарошчвае свой вайсковы патэнцыял на мяжы з Украінай – гэта ўжо здаралася сёлета. І ўсе гэтыя сігналы і факты мы бачым: ёсць інфармацыя разведак, ёсць сацыяльныя сеткі – гэта ўсё відавочныя факты. Вядома, гэтая сітуацыя і Украіну, і нас вельмі непакоіць. Бо NATO і ўсе 30 дзяржаваў Альянсу паважаюць міжнародныя правы».

Складваецца ўражанне, што ў Пуціна не засталося іншых аргументаў, каб пераканаць прэзідэнта Злучаных Штатаў выдзеліць для размовы з ім гадзінку-другую, як толькі стварыць пагрозу буйнамаштабнага ўварвання ва Украіну. Ужо ў красавіку сёлета мы бачылі абсалютна такі самы сцэнар: дэманстрацыйнае сцягванне расейскіх ударных груповак войскаў на мяжу з Украінай і аператыўны іх адвод пасля перамоваў гаспадара Крамля з Байдэнам.

Дзмітрый Грамакоў, эксперт па камунікацыях, Украіна:

«Усё, што адбывалася, нагадвала хутчэй псіхалагічную аперацыю. Менавіта псіхалагічную, бо тая колькасць матэрыялаў і заяваў, якія былі зробленыя, так бы мовіць, неадэкватная ступені пагрозы. І на наш погляд гэта хутчэй псіхалагічная падрыхтоўка да ўчорашніх перамоваў, чым рэальная гатовасць расейцаў да агрэсіі. Хаця чаго ад іх чакаць пасля 2014 года, ніхто не разумее – краіна фактычна непрагназаваная».

У той жа час варта адзначыць, што сам факт афіцыйнай рэакцыі краінаў Захаду на апублікаваныя нямецкімі журналістамі планы Расеі кажа пра як мінімум небеспадстаўнасць гэтакіх паведамленняў. Краіны – сябры NATO даюць Пуціну добра зразумець, што ў выпадку рэальнай ваеннай агрэсіі Украіна без падтрымкі не застанецца.

Дзмітрый Грамакоў, эксперт па камунікацыях, Украіна:

«Нашая задача – забяспечыць не столькі падтрыманне жывой сілаю, колькі тэхнічнае падтрыманне нашых войскаў: гэта датычыцца як новых узбраенняў, так і ўмацавання нашых слабых месцаў. Гэта ў нас СПА, кантроль паветранай прасторы і марская частка мяжы, там, дзе ёсць сапраўды праблемы.

Аляксандр Марозаў, палітолаг, Чэхія:

«Кіеў актыўна пераўзбройваецца. Мы бачылі, і Пуцін гэта бачыў, шмат паведамленняў, што Украіна набывае «Джэвэліны», Украіне паставяць ізраільскую супрацьракетную сістэму «Жалезны купал», Украіна атрымлівае турэцкія дроны, Украіна збіраецца будаваць дзве вайскова-марскія базы на Чорным моры і гэтак далей. Усё гэтае робіцца разам са Злучанымі Штатамі і NATO. Для Пуціна гэта жахліва. Не проста чырвоная лінія, а чырвоная ануча, як для шалёнага быка».

Адпаведна, расейскае кіраўніцтва шукае любыя магчымасці для ціску на Украіну і пазбаўленне яе падтрымання заходніх краінаў як у палітычным, гэтак і вайсковым плане. Аднак выглядае, што для NATO здача пазіцыяў ва Украіне будзе вялікай іміджавай паразай, якой проста немагчыма дапусціць.

ВІДЭА
Мэты сустрэчы Святланы Ціханоўскай з кіраўніцтвам Еўразвязу. Інтэрв’ю з Валерам Кавалеўскім
2021.12.10 17:51

Дзмітрый Грамакоў, эксперт па камунікацыях, Украіна:

«Задача расейскай дыпламатыі – максімальна абмежаваць гэтае падтрыманне, максімальна напружыць усіх, каб забяспечыць ціск на Украіну і выкананне Менскіх дамоўленасцяў. Гэта ключавая задача, якая, па сутнасці, і пазбавіць Украіну вонкавапалітычнай суб’ектнасці і магчымасці выбару вонкавапалітычнага вектару без згоды на тое Крамля».

Што праўда, геапалітычныя фінты Крамля з выкарыстаннем шантажу вайной могуць абярнуцца зусім не тымі наступствамі, на якія разлічваюць у Маскве.

Аляксандр Марозаў, палітолаг, Чэхія:

«Калі Украіна казала, што Пуцін – агрэсар, з гэтым пагаджаліся не ўсе, і прымаць менавіта такую форму не хацелі. Цяпер на нашых вачах сітуацыя змянілася радыкальна, бо ў 2021 годзе гэтыя два факты прыцягвання ўвагі да пуцінскай вайсковай групоўкі побач з мяжой Украіны спрацавалі так, што цяпер «Крэмль – агрэсар» – гэта шырока зацверджаны абарот мовы».

Адпаведна, і ў Берліне, і ў Парыжы, і ў Вашынгтоне Расею ўжо лічаць не адным з пасярэднікаў у канфлікце на Данбасе, а яго непасрэдным удзельнікам. І гэта яўна не тая мэта, якую ставіла перад сабой расейская дыпламатыя.

Зміцер Міцкевіч для праграмы «ПраСвет»

Стужка навінаў