ЗША нанеслі па аб’ектах Сірыі авіяўдары ў адказ


Збройныя сілы ЗША нанеслі ўвечары 12 лістапада авіяўдары па аб’ектах ва ўсходняй Сірыі, што выкарыстоўваюцца так званым Корпусам вартаўнікоў Ісламскай рэвалюцыі (Сэпаг) і звязанымі з Іранам групамі, у адказ на серыю атак на амерыканскія базы ў рэгіёне, гаворыцца ў афіцыйнай заяве міністра абароны ЗША Лойда Остына.

Міністр абароны Злучаных Штатаў Амерыкі Лойд Остын.
Фота: Gordon Annabelle /CNP / ABACA / Abaca Press / Forum

Пэнтагон удакладняе, што ўдары высокай дакладнасці былі нанесеныя па вучэбнай базе каля гораду Абу-Камаль і па абʼекце ў горадзе аль-Маядын.

«Прэзідэнт не мае вышэйшага прыярытэту, чым бяспека персаналу ЗША, і ён кіраваў сённяшняй акцыяй, каб даць зразумець, што Злучаныя Штаты будуць абараняць сябе, свой персанал і свае інтарэсы», – гаворыцца ў заяве Лойда Остына.

Тэлеканал «Al Mayadeen» ужо пасля амерыканскага ўдару па Сірыі паведамляў, што ўначы з 12 на 13 лістапада амерыканскую базу атакавалі дроны-камікадзэ на поўдні паўночна-ўсходняй сірыйскай правінцыі аль-Хасака. Былі таксама абстраляныя іншыя вайсковыя базы ЗША на ўсходзе Сірыі. Паведамлялася пра смерць чатырох амерыканскіх вайскоўцаў. Аднак гэтая інфармацыя пакуль не пацверджаная.

Гэта ўжо трэці з 26 кастрычніка ўдар ЗША ў адказ на атакі беспілотнікамі і ракетамі на амерыканскі кантынгент у Сірыі і Іраку сіламі, што падтрымліваюцца Іранам. Агенцтва «Reuters» падлічыла, што за апошнія тыдні амерыканскія базы атакаваліся не менш за 40 разоў. Кантынгент ЗША ў Сірыі налічвае 900 асобаў, у Іраку – 2500. Гэтыя сілы размешчаныя там з мэтай перадухілення адраджэння радыкальнай ісламісцкай групоўкі «Даіш».

Hавiны
Грамадзянаў Польшчы, Расеі, Украіны эвакуявалі з сектару Газа. Пра беларусаў не чуваць
2023.11.12 22:01

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў