У Самары гарэў беларускі трамвай. Вытворца выправіў туды камісію і паабяцаў разабрацца


«Белкамунмаш» выправіў у Расею сваіх адмыслоўцаў для разбору інцыдэнту з трамваем у Самары, перадае БелТА. Вагон загарэўся на маршруце 11 лістапада. Пасажыры паспелі эвакуявацца, ніхто не пацярпеў.

Наступствы ўзгарання беларускага трамвая ў Самары, Расея. 11 лістапада 2023 года.
Фота: samartop / Telegram

«Прадстаўнікі холдынгу аналізуюць інфармацыю, ладзяць разбор адносна прычынаў узгарання, каб прыняць адпаведныя захады дзеля забеспячэння бяспекі пасажырскіх перавозак і недапушчэння такіх выпадкаў у далейшым», – гаворыцца ў паведамленні «Белкамунмашу».

Вытворца таксама перапрасіў за тое, што адбылося.

Беларускі трамвай загарэўся 11 лістапада ў цэнтры Самары. Пасажыры своечасова выйшлі на вуліцу, ніхто не пацярпеў.

Гэты вагон паставілі некалькі месяцаў таму. У мясцовай кампаніі-перавозніку паведамілі, што хутчэй за ўсё здарылася кароткае замыканне, а парашковая сістэма пажаратушэння трамвая не дала рады. На прадпрыемстве таксама паскардзіліся, што «Белкамунмаш» пратэрмінаваў дамову, і з 12 вагонаў горад пакуль атрымаў толькі 5.

Пасля пажару праверку распачаў Следчы камітэт.

Гэта не першая праблема з беларускай тэхнікай, якую купляе Расея. Раней паведамлялася пра шэсць аўтобусаў МАЗу, што згарэлі ў Пецярбурзе. На нейкі час там цалкам спынялі эксплуатацыю беларускіх машын. Паводле версіі Лукашэнкі, пажары здараліся не праз нізкую якасць тэхнікі, а праз тое, што абслугоўванне ладзілі людзі, «якія ніколі не бачылі аўтобусаў».

Hавiны
Лукашэнка назваў новую версію, чаму загараюцца аўтобусы МАЗу
2023.09.19 17:42

СК belsat.eu

Стужка навінаў