«Белсат» падводзіць вынікі 263-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 13 лістапада чытайце ў нашым аглядзе.
Баявыя дзеянні ў паўночна-ўсходняй частцы Харкаўскай вобласці носяць пазіцыйны характар, абодва бакі канфлікту робяць стаўку на абарону і нанясенне артылерыйскіх удараў.
На захадзе Луганскай вобласці Збройныя сілы Украіны працягваюць наступаць у бок Сватава і Крэмінной: Міністэрства абароны РФ піша, што цягам апошніх содняў ЗСУ атакавалі ў ваколіцах населеных пунктаў Навасёлаўскае, Уладзіміраўка, Змееўка, Чырвонапапоўка, Стэльмахоўка і Макееўка. Паводле расейскага камандавання, усе ўкраінскія атакі ўдалося адбіць з дапамогаю артылерыйскіх удараў.
Тэлеграм-канал «Старше Эдды» паведамляе, што ў ваколіцах Макееўкі працягваюцца цяжкія баі, украінскія вайскоўцы наступаюць вялізнымі сіламі. Між тым інтэрактыўная карта праекту Deepstatemap фіксуе выбіццё расейцаў з Макееўкі і цяперашняе знаходжанне населенага пункту ў так званай шэрай зоне.
Іншы тэлеграм-канал – «Рыбарь» – мяркуе, што ўкраінскае камандаванне накіравала ў ваколіцы Пакроўскага (глыбокі расейскі тыл) дыверсійна-выведныя групы.
У сваю чаргу Генеральны штаб ЗСУ піша пра адбіццё атак праціўніка каля Стэльмахоўкі і Навасёлаўскага, расейскі ваенкор Сямён Пегаў гаворыць пра атаку каля Мясажараўкі. Пры гэтым «Рыбарь» сцвярджае, што Узброеныя сілы Расеі прарвалі ўкраінскую абарону ў Белагораўцы ды ўвайшлі ў сяло, аднак іншыя крыніцы гэтую інфармацыю не пацвярджаюць.
У Данецкай вобласці Збройныя сілы Украіны адбілі атакі праціўніка каля Торскага, Бахмуту, Белагораўкі, Спірнага, Тарэцку, Краснагораўкі, Первамайскага, Мар’інкі, Новаміхайлаўкі і Паўлаўкі. У гэты ж час расейскае камандаванне заяўляе пра поўны кантроль над Маёрскам, «Рыбарь» піша, што расейцы прасунуліся ўглыб Бахмуту, а таксама зачышчаюць паўночную частку Паўлаўкі.
Разам з тым праект Deepstatemap фіксуе выбіццё расейцаў на паўднёвым усходзе ад Спірнага, а таксама ўкраінскі кантроль над паўночнай часткай Паўлаўкі.
Дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Аляксей Арэстовіч прызнаў, што сітуацыя на Данбасе даволі складаная, паколькі расейцы на асобных участках фронту маюць колькасную перавагу ў жывой сіле і тэхніцы.
У Запарожскай, Херсонскай і Мікалаеўскай вобласцях лініі фронту стабілізаваліся: бакі канфлікту абменьваюцца артылерыйскімі ўдарамі і засяроджваюцца на вядзенні абароны. Разам з тым старшыня руху «Мы вместе с Россией» Уладзімір Рогаў заявіў, што ЗСУ цягам двух тыдняў могуць перакінуць да 40 тысяч вайскоўцаў з правабярэжжа Дняпра на лінію фронту ў Запарожжы, пасля чаго ўкраінскія сілы могуць пайсці ў контратаку.
Украінскае камандаванне паведаміла, што за содні было знішчана каля 650 расейскіх вайскоўцаў, у выніку чаго агульныя беззваротныя страты РФ з моманту пачатку поўнамаштабнай вайны дасягнулі 80 860 чалавек.
Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.
ВК belsat.eu