Палкоўніка са Следчага камітэту паставілі кіраваць кадрамі РНПЦ неўралогіі ў Менску


Намеснікам дырэктара Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру (РНПЦ) неўралогіі і нейрахірургіі ў Менску прызначылі былога палкоўніка са Следчага камітэту Віталя Бялкоўскага, датычнага да рэпрэсіяў супраць беларускага народу. Гэта заўважылі «Белые халаты».

Палкоўнік Віталь Бялкоўскі. Крыніца: nashaniva.com

Раней палкоўнік Віталь Бялкоўскі займаў пасаду намесніка начальніка ўпраўлення Следчага камітэту (СК) па Менску. Пад ягоным кіраўніцтвам СК распачаў як мінімум 72 крымінальныя справы супраць беларусаў. У РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі ён працуе цяпер намеснікам дырэктара ў справах бяспекі, рэжыму і кадраў.

«Як так атрымалася, што ў мінулым сілавік, які не мае медычнай адукацыі, рэзка стаўся намеснікам дырэктара РНПЦ? Міністэрства здароўя, мы разумеем, што вам гэта цяжка ўявіць, але да працы ў шпіталях варта прыцягваць кваліфікаваных медыкаў, а не сілавікоў», – пішуць «Белые халаты».

Выданне «Наша ніва» дазналася, што палкоўнік Бялкоўскі меў дачыненне да завядзення крымінальных справаў супраць людзей, якія пасля смерці Аляксандра Тарайкоўскага ў жніўні 2020 года пісалі на месцы ягонага забойства словы «Не забудзем».

Гэты ж палкоўнік хлусіў потым, што ўдзельнікі мірных маршаў нанеслі вялікія страты Менску і «шкодзілі маёмасць».

Выданне даведалася, што Віталь Бялкоўскі ў 1996 годзе пачынаў працаваць следчым у Першамайскім РУУС Менску, пасля – начальнікам упраўлення арганізацыі расследавання злачынстваў і каардынацыі аператыўна-службовай дзейнасці УСК па Менску. Пазней – намеснікам начальніка ўпраўлення СК па Менску. Цяпер ён у спісе кіраўнікоў РНПЦ неўралогіі і хірургіі.

Hавiны
Новыя «тэрарысты» і фігуранты «карагоднай справы»
2023.10.12 23:53

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў