«Будзем з дзецьмі маляваць малюнкі салдатам». Як акторка Ганна Хітрык дапамагае ахвярам вайны ў Ізраілі


Былая акторка Купалаўскага тэатру, спявачка Ганна Хітрык, якая ўжо некалькі гадоў жыве ў Ізраілі, абвесціла пра бясплатныя «пасядзелкі» для дзяцей, каб дапамагчы ім перажыць вайну, а бацькам даць магчымасць перавесці дух ды заняцца сваімі справамі ці валанцёрствам.

Ганны Хітрык.
Фота: xitrik_a / Instagram

«Увесь тыдзень мы думалі, як можам дапамагчы. Дапамагчы ахвярам гэтай несправядлівай вайны. Дапамагчы салдатам, якія 24/7 абараняюць нашую краіну і ўсіх нас. Дапамагчы дзецям, якіх у чарговы раз вырвалі са звычайнай руціны. Дапамагчы бацькам, якія жанглююць працай, зумамі і валанцёрствам. Дапамагчы сабе не звар’яцець. І ў нас нарадзілася ідэя», – напісала Ганна ў Фэйсбуку.

Ідэя ў тым, каб зладзіць сустрэчы і цікавыя заняткі для дзяцей. Распачнуцца яны 15 кастрычніка, будуць праходзіць два разы на тыдзень – у панядзелак і чацвер – у тэатры Ганны Хітрык «Дом чорнай савы» у ізраільскім горадзе Раанана. Працягласць «пасядзелак» – 1,5 гадзіны.

Малодшая група будзе займацца з 16:00 да 17:30 (па ізраільскім часе), старэйшая – з 17:30 да 19:00.

«З малым дзеткамі (5-8 гадоў) мы будзем чытаць кнігі, пісаць лісты і маляваць малюнкі салдатам, гуляць у настольныя гульні, са старэйшымі (9-13 гадоў) – гуляць у мафію, манаполію і проста размаўляць. А бацькі ў гэты час змогуць перавесці дух ці заняцца справамі», – распавядае Ганна пра сваю ідэю.

Сустрэчы будуць бясплатныя.

«Але мы адкрыем paybox, а таксама паставім скарбонку ля ўваходу, каб у кожнага ўдзельніка была магчымасць пакінуць данат. Уся сабраная сума пойдзе на закупку неабходнага для салдат, лекараў і пацярпелых сем’яў», – абяцае Ганна.

Асобна акторка кажа пра бяспеку. У будынку, дзе знаходзіцца тэатр «Дом чорнай савы», знаходзіцца мамад. На пачатку кожнай сустрэчы Ганна будзе адводзіць туды дзяцей «на разведку».

З мэтай бяспекі колькасць удзельнікаў «пасядзелак» абмежаваная: у кожнай групе – максімум 12 дзяцей.

Зарэгістравацца можна на па спасылцы.

Таксама Ганна прапануе ў «гэтыя чорныя дні» ратавацца казкамі. Разам з камандай акторка зрабіла падборку «адважна-добрых казак». Іх можна знайсці ў плэйлісце «Самыя адважныя і добрыя казкі» на youtube-канале «Дом чорнай савы».

Беларускі свет
Былая акторка Купалаўскага адкрыла свой тэатр
2023.01.03 18:01

Ганна Хітрык грала ў Купалаўскім тэатры, у Сучасным мастацкім тэатры, у Тэатры юнага гледача ў Менску. У 2005 годзе Ганна і іншыя акторы менскіх тэатраў утварылі музычны гурт «Дзецідзяцей», дзе яна была вакалісткай. Потым Ганна стварыла свой уласны праект – S*unduk. У 2017 годзе Ганна разам з мужам Сяргеем Рудэням і сынам пераехалі ў Ізраіль. Наважыцца на эміграцыю былым акторам Купалаўскага давялося дзеля сына Сцяпана, які мае аўтызм. Ганна і Сяргей стварылі спачатку дзіцячую студыю, а потым – і свой тэатр кніг «Дом чорнай савы». Гастралявалі са спектаклямі па гарадах Ізраілю, а потым адчынілі дзверы ўласнай тэатральнай сядзібы ў горадзе Раанана.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў