Журналісты ў «спісе экстрэмістаў» і «сямейныя» суды за ўдзел у маршах. Хроніка рэпрэсіяў за 13 кастрычніка


Беларускія ўлады працягваюць тэрор супраць грамадзянаў сваёй жа краіны. Штодня з 2020 году адбываюцца жорсткія затрыманні, судовыя прысуды і катаванні вязняў. «Белсат» сабраў вядомыя выпадкі пераследу 13 кастрычніка.

У Магілёве завяршыўся разгляд крымінальнай справы супраць жыхара Асіповічаў Аляксея Шышкаўца, абвінавачанага ў тэрарызме (арт. 289 КК), і ва ўдзеле на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні (арт. 361-3 КК). Па гэтым артыкулам Аляксею прысудзілі 11 гадоў калоніі. Ён, нібыта, у пачатку 2022 года «ўвайшоў у склад экстрэмісцкага фармавання ByPol», а 1 сакавіка нібыта атрымаў указанні па блакаванню чыгуначных шляхоў, а таксама па вырабе і выкарыстанні «кактэйляў Молатава».

У Менску 13 кастрычніка за ўдзел у маршах па артыкулу 342 КК судзілі адразу чатыры сямейныя пары, прайшло мінімум 9 працэсаў. У судзе Маскоўскага раёну судзілі палітвязня Антона Маслыку і ягоную жонку Кацярыну Еўдакімаву, у іх трое дзетак. Пракурор запрасіў для абодвух па 1,5 гады калоніі, хоць Кацярына знаходзіцца пад хатнім арыштам. У гэтым жа судзе адбываецца суд над палітзняволенымі Святланай і Дзянісам Шарамецьевымі. Іх затрымалі 14 чэрвеня.

У судзе Партызанскага раёну разглядзелі справу супраць палітзняволенай Алены Паўловіч і яе мужа Дзмітрыя, у сям’і двое непаўнагадовых дзяцей. Пры затрыманні Алену прымусілі здзіраць са сцяны бчб-шпалеры. Суд Першамайскага раёну разглядзеў справу супраць Дыяны і Уладзіміра Лысакоў.

Студэнт менскай ВНУ стаў фігурантам крымінальнай справы за «садзейнічанне экстрэмізму». Па дадзеных следства, у лютым 2022 года 19-гадовы хлопец зняў на тэлефон ваенную тэхніку якая рухалася паблізу гораду Мар’іна Горка. Пасля гэтага падпісаўся на адзін з «экстрэмісцкіх» тэлеграм-каналаў і пераслаў зробленае відэа ў ягоны чат. Яго абвінавачваюць па ч.3 арт.361-1 КК («Удзел у экстрэмісцкім фармаванні») і ч. 1 арт. 361-4 КК («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).

Артыкулы
«Яго было не зламаць, таму яго забілі». Сёння споўнілася б 52 гады Вітольду Ашурку
2022.10.13 17:30

11 кастрычніка да журналіста і кіраўніка гарадзенскага «Цэнтру гарадскога жыцця» Паўла Мажэйкі адміністрацыя гарадзенскай турмы не пусціла следчага – нібыта ў мурах турмы не было вольнага кабінету і незанятых канваіраў.

Экс-кіраўнік прэзідэнцкага пула на АНТ Дзмітрый Семчанка не выйшаў на волю пасля 28 содняў адміністрацыйнага арышту. Пакуль судовага рашэння адносна далейшага лёсу журналіста няма. БАЖ стала вядома, што сёння, як і папярэдні раз, спачатку яго даставілі ў Фрунзенскае РУУС Менску, а пасля вярнулі назад на Акрэсціна. 16 верасня мужчыну арыштавалі на 15 содняў паводле арт. 19.1 КаАП («Дробнае хуліганства»). Пасля содняў на волю Дзмітрый так і не выйшаў, пазней яму прызначылі яшчэ 13 содняў арышту.

Сілавікі затрымалі ўдзельнікаў гурта «Litesound» – Дзмітрыя і Уладзіміра Каракіных. Яны выступалі на «Еўрабачанні» ад Беларусі ў 2012 годзе. Яны, па словах сілавікоў, « удзельнічалі ў незаконных маршах з перакрыццем дарог, заклікалі і агітавалі ў сацыяльных сетках, супрацоўнічалі з экстрэмісцкімі арганізацыямі».

Уладзімір і Дзмітрый Каракіны 7 студзеня 2020 года.
Фота: Дзмітрый Каракін / vk.com

Адміністрацыя калоніі забараніла публікаваць лісты палітзняволенага юрыста Максіма Знака. Учора ў тэлеграм-канале «Неверагодныя лісты Максіма Знака» з’явіўся запіс: «Публікацыі лістоў Макса мы вымушаны спыніць. Бо тое, што тут публікуецца, вельмі не падабаецца адміністрацыі ўстановы, дзе зараз знаходзіцца Макс. Даруйце, але больш падрабязна я нічога напісаць не магу».

КДБ дадаў у «спіс тэрарыстаў» яшчэ пяць чалавек – цяпер у ім 928 прозвішчаў, з іх – 183 беларусы. Сярод іх палітвязні Андрэй Дзенісенка, Іна Можчанка, а таксама грамадзянін Латвіі Дзмітрыс Міхайлаус. У спіс таксама дадалі журналістак «Tut.by» Вольгу Лойка і Алену Талкачову – яны выйшлі з-за кратаў у гэтым годзе, але праходзяць па справе і застаюцца пад падпіскай аб неразгалошванні.

ГУБАЗіК затрымаў магілёўскага таксіста Дзяніса Клешчанка. Яго прымусілі таптаць сваю кепку з Пагоняй і спяваць песні гурта «Любэ». Паводле інфармацыі сілавікоў, мужчына далучыўся да чат-бота плана «Перамога», за што і быў затрыманы.

Крыніца: viasna96/Telegram

Былога палітвязня Юрыя Касцюка, якога ў траўні затрымалі ў Расеі, хочуць экстрадаваць у Беларусь. Папярэдне, яго абвінавачваюць паводле арт. 361-4 КК («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).

Менчука Дзмітрыя Каваленку асудзілі на 15 содняў за выяву Пагоні на нумарным знаку аўтамабіля. Яго прызналі вінаватым у «пікетаванні рамкай з арнаментам на нумары аўтамабіля» (арт. 24.23 КаАП). Акрамя гэтага, у Дзмітрыя забралі на экспертызу яго машыну, якую пасля вызвалення не вярнулі.

У Кобрыне ў мінулым месяцы затрымалі мясцовага жыхара за чырвона-белы шалік, які ён павесіў на помнік Сувораву. Паводле пратакола, мужчына, «сапсаваў эстэтычны выгляд дадзенага помніка і парушыў грамадскі парадак». Па словах самога мужчыны, па дарозе ён знайшоў шалік, які вырашыў павесіць на помнік, каб яго ўбачылі і забралі. Суд палічыў віну мужчыны даказанай, таму арыштаваў яго на 10 содняў.

Аналітыка
Што азначае лукашэнкаўская амністыя?
2022.10.13 20:18

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў