Людзі з Расеі ўцякаюць не толькі ад мабілізацыі. Яны баяцца, што РФ скоціцца ў СССР


З моманту абвяшчэння ў Расеі мабілізацыі краіну пакінулі сотні тысяч грамадзянаў. Прычым цяпер хваля міграцыі не змяншаецца і выкліканая не магчымым прызывам у войска, але разуменнем, што перспектываў у краіне для жыцця і працы няма. Прынамсі такім чынам ахарактарызаваў сітуацыю ў размове з «Белсатам» беларус, які доўгі час жыве ў Маскве.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Валерый Шарыфулін / TASS / Forum

Іван, які ўжо амаль 20 гадоў жыве ў Расеі, з Берасцейшчыны. Мужчына ў пачатку 2000-х пастанавіў з’ехаць у Маскву на заробкі, але ажаніўся, узяў іпатэку і цяпер выхоўвае двух сыноў. Беларус кажа, што з моманту, як улады Крамля агучылі мабілізацыю, не асабліва хваляваўся пра тое, што яго могуць таксама прызваць у войска. Прычынаю таму была і адсутнасць грамадзянства РФ, і тое, што мужчына быў пад судом, некаторы час сядзеў у турме. Цяпер Іван мяркуе, што для яго і ягонай сямʼі будзе лепшым пакінуць Расею:

«Я проста разумею і не хачу прагледзець той момант, калі з краіны будзе немагчыма выехаць. І сітуацыя развіваецца такім чынам, ужо ж пачалі і ядравую зброю выводзіць. Мы ўжо нават з сям’ёй абмяркоўваем, як сябе паводзіць на выпадак вайны. Вырашылі, я павінен з’ехаць з Расеі першым, а потым да мяне прыедзе і мая сям’я».

Каментар
Мабілізацыя ў Расіі: без падрыхтоўкі, без экіпіроўкі, адразу ў пекла
2022.09.28 16:00

Паводле некаторых ацэнак, з 21 верасня, калі ўлады РФ агучылі мабілізацыю, з Расеі маглі выехаць каля 700 тысячаў чалавек. Суразмоўца «Белсату» распавядае, што з моманту агучвання мабілізацыі ў Расеі толькі ў Фінляндыю выехалі каля 64 тысячаў асобаў, і спасылаецца на звесткі ад фінаў, у той час як расейцы паведамляюць, што расейска-фінскую мяжу мінулі не больш за 40 тысячаў чалавек. І, на думку Івана, тое, што зʼехала вельмі шмат людзей, ужо адчуваецца:

«Я нядаўна звярнуў увагу, што раней мне трэба было да Маскоўскай кальцавой дарогі даехаць мінімум 30 хвілінаў. А цяпер не больш за 15 хвілінаў. Няма людзей. Такое адчуванне, што цэлы жыллёвы комплекс проста выехаў з Масквы за адзін момант. І гэта не паніка, а арганізаваны выезд. Дамы пустыя, людзі пакінулі тут усё. Жонка кажа, што гэта я панікёр, але лепей я перастараюся ў сваіх намаганнях, чымся потым будзе позна».

Іван лічыць, што выехалі з Расеі практычна ўсе, у каго ёсць грошы. А хто не мае грошай і не хоча ваяваць, тыя пешшу ідуць праз горы за мяжу. Людзі баяцца не толькі перспектывы загінуць ва Украіне і вайны, але таксама асцерагаюцца, што ў выніку палітыкі Крамля Расея вернецца ў савецкі час:

«Не бачу болей тут перспектываў. Мае знаёмыя, якія ўладкаваліся ў жыцці, мелі бізнес, кватэры, прызнаюць, што не разумеюць сітуацыі, выязджаюць адсюль. Нават не прадаюць маёмасці, а проста кідаюць тут усё. Таму і я вырашыў выехаць у Грузію. Там цяпер вельмі шмат знаёмых, у тым ліку нават сваякі ёсць, якія гатовыя мяне прыняць, абяцаюць дапамагчы першы час. Пакуль дакладна не ведаю, чым буду займацца і за што там буду жыць. Першы час проста хачу разгледзецца. Пакуль толькі такія планы. А заставацца тут дакладна не хачу. І шчыра скажу, што стаць «героем Расеі пасмяротна» мне вельмі не хочацца».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Dmitry Feoktistov / TASS / Forum

Іван дадае, што для вайны патрэбныя мужчыны. Вось яны чапляюцца да кожнага цяпер, нават да беларусаў у Расеі.

Жонка нашага суразмоўцы, грамадзянка Расеі, цалкам падтрымлівае вайну і Крэмль. Часам яна пабачыць, як Іван праглядае відэа з Украіны. Яна тады можа запытацца, маўляў, навошта ён гэта глядзіць, бо яна ж расейка. Але спрэчак на гэты конт няма. Сужэнцы не пераканаюць адно аднаго, таму палітыку ў сямʼі ніхто не абмяркоўвае.

Іван добра разумее ўкраінцаў і стаіць на іхным баку, у той жа час разумее і расейцаў ды тое, што яны вінаватыя ў шматлікіх злачынствах супраць людзей. Раней такія ж злачынствы і катаванні расейцы выкарыстоўвалі супраць сваіх жа грамадзянаў.

«Цяпер, калі стала вядома пра катаванні, якія ўжывалі расейцы ў дачыненні палонных украінцаў з полку «Азоў», я бачу, што расейцы і раней выкарыстоўвалі ў турмах. Некалькі гадоў таму я трапіў у турму, і там такія ж катаванні ў дачыненні грамадзянаў Расеі ўжывалі іхныя суграмадзяне. Таму зусім не дзіўна, што супраць чужых яны яшчэ больш лютуюць. Гэта проста жахліва.

Таксама зняволеных катуюць голадам. Даюць загад, што на абед адведзена толькі 30 секундаў, а ежа гарачая. Сапраўды, праз два тыдні ў турме людзі практычна больш ні пра што не думаюць, акрамя ежы. Адрозненне толькі ў тым, што тут зняволеным можна пералічваць грошы, на якія яны могуць пайсці ў краму і нешта набыць. Вядома, ва ўкраінскіх салдатаў такой магчымасці не было. Дый зубоў у турме не выбівалі. Вось і ўся розніца», – кажа мужчына.

Каментар
«Паўсюль пануе бардак». Чаму расейскія рэкруты страляюць у ваенных камісараў
2022.09.28 07:30

Іван распавядае «Белсату», што да канца кастрычніка разлічвае трапіць у Грузію. Цяпер яму яшчэ трэба прыехаць у Беларусь, але і тут, як ён кажа, існуюць асцярогі, бо людзі, якія едуць з Расеі ў Беларусь, на мяжы мусяць падпісваць нейкія паперы. Нібыта на загад беларускіх памежнікаў.

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў