Эстонія плануе паслаць у Вільню дыпламата для сувязяў з беларускімі дэмакратычнымі сіламі


12 кастрычніка ўлады Эстоніі выклікалі прадстаўніка Беларусі, каб выказаць рэзкае асуджэнне той дапамогі, якую рэжым Аляксандра Лукашэнкі аказвае Расеі ў вайне супраць Украіны. Пра гэта паведамляе Postimees.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Светлана Тихановская / Telegram

Міністр замежных справаў Эстоніі Урмас Рэйнсалу заявіў, што беларускія ўлады маюць дачыненне да жорсткай вайны Расеі супраць Украіны.

«Расейскае войска выкарыстоўвае беларускія боепрыпасы, запчасткі і тэрыторыю для нанясення авіяўдараў па Украіне, што робіць Лукашэнку і беларускае кіраўніцтва ўдзельнікамі вайны», – дадаў ён.

Рэйнсалу падкрэсліў, што Эстонія будзе няўхільна падтрымліваць беларускія дэмакратычныя сілы, каб парушэнні правоў чалавека і міжнароднага права ў краіне не засталіся незаўважанымі. Паводле яго, міжнародная супольнасць павінна і надалей выступаць за безумоўнае і неадкладнае вызваленне ўсіх палітвязняў у Беларусі.

Hавiны
Палітвязні і сустрэча з Макеем. Вынікі візіту Святланы Ціханоўскай у Нью-Ёрк на Генасамблею ААН
2022.09.24 18:34

Міністр нагадаў, што Эстонія арганізавала са Святланай Ціханоўскай у Генасамблеі ААН некалькі дыскусій, у якіх прынялі ўдзел прадстаўнікі розных краін, аналітычных цэнтраў і кампаній.

«Мы плануем і далей рабіць усё магчымае, каб голас апазіцыі і беларусаў, якія цэняць дэмакратыю ў цэлым, дайшоў да грамадскасці», – падкрэсліў Рэйнсалу.

Таксама Эстонія хоча ўзмацніць супрацу з беларускімі дэмакратычнымі сіламі, асноўны цэнтр якіх засяроджаны ў Вільні.

«Мы плануем накіраваць у Вільню дыпламата з асаблівымі паўнамоцтвамі, які засяродзіцца на стасунках з дэмакратычнымі сіламі Беларусі, а ў хуткім часе мы прымем у Таліне лідарку беларускай апазіцыі Святлану Ціханоўскую», – дадаў кіраўнік МЗС.

Апроч таго, у адказ на рашэнне Беларусі аб скарачэнні колькасці супрацоўнікаў амбасады Эстоніі ў Менску Талін устанаўлівае ліміт складу беларускага прадстаўніцтва ў сябе, паводле якога ў Эстоніі могуць працягваць працаваць адзін беларускі дыпламат і адзін адміністрацыйна-тэхнічны працаўнік.

Нагадаем, што беларускае Міністэрства замежных справаў выклікала часовую павераную ў справах Эстоніі ў Беларусі Трыйн Хіесалу і запатрабавала з 1 кастрычніка зменшыць штат амбасады да дваіх асобаў. Гэта стала адказам на арганізаваны Талінам візіт Святланы Ціханоўскай у ААН.

Hавiны
МЗС Беларусі патрабуе скарачэння штату эстонскай амбасады і зменшыць штат сваёй
2022.09.23 20:33

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў