Беларускія вернікі моляцца за вяртанне Чырвонага касцёлу. Служэнне можна глядзець онлайн


13 кастрычніка ва ўсіх парафіях Меншчыны моляцца за найхутчэйшае вяртанне Чырвонага касцёлу вернікам. А ў 18:30 у менскім архікатэдральным касцёле Найсвяцейшага імя Панны Марыі, з гэтай нагоды распачалася імша, правядзенне якой узначальвае біскуп Юрый Касабуцкі, піша Catholic.by.

26 верасня ў Чырвоным касцёле здарыўся пажар, пасля чаго ўлады зачынілі бажніцу і не пускалі туды нават святароў. Паводле афіцыйнай версіі Міністэрства надзвычайных сітуацыяў, уночы ў МНС паступіла паведамленне пра тое, што ў касцёле Святых Сымона і Алены спрацавала пажарная сігналізацыя «Высветлілася, што адбылося загаранне электраправодкі ў будынку. У выніку здарэння пашкоджаная маёмасць на плошчы каля 20 кв. м. Ніхто не пацярпеў», – заявілі ў ведамстве.

Неўзабаве камісія надзвычайных сітуацыяў пры адміністрацыі Маскоўскага раёну Менску пастанавіла «часова забараніць эксплуатацыю будынку». У касцёл няма доступу, не пускаюць нікога.

Парафія Чырвонага касцёлу – адна са старэйшых і найбуйнейшых у Менску. Штодня ў святыні адбывалася ад 6 да 8 службаў, тут працавала нядзельная школа, ладзілася шмат розных культурніцкіх ініцыятываў. Дзе цяпер будуць маліцца вернікі, незразумела. Не выключаецца, што закрыццё святыні можа быць палітычна матываваным.

12 кастрычніка завяршыўся тэрмін ультыматуму, выстаўленага рымска-каталіцкай парафіі Святых Сымона і Алены ў Менску, па канчатковым высяленні з касцёлу і парафіяльнага дому. 12 кастрычніка ў парафіяльным доме побач з Чырвоным касцёлам прайшла развітальная Імша. Пры гэты каля будынку дзяжурылі прадстаўнікі МУС у цывільным. Пасля Імшы вернікаў папрасілі не збірацца каля касцёлу на малітву.

Гісторыі
Чырвоны касцёл: як зачынялі раней і як забівалі яго святароў
2022.10.06 17:50

АА belsat.eu

Стужка навінаў