14 краін NATO дамовіліся стварыць агульную сістэму супрацьпаветранай абароны


Міністры абароны 14 чальцоў NATO і Фінляндыі дамовіліся стварыць агульную сістэму супрацьпаветранай і супрацьракетнай абароны, паведамляецца на сайце Паўночнаатлантычнага альянсу. Ініцыятыву прасоўвае Нямеччына.

Сустрэча міністраў абароны 14 чальцоў NATO і Фінляндыі. Брусель, 13 кастрычніка 2022 года.
Фота: NATO / nato.int

У Бруселі кіраўнікі Мінабароны 14 чальцоў NATO, а таксама Фінляндыі, якая хутка стане ўдзельніцай арганізацыі, пагадзіліся стварыць сістэму супрацьпаветранай абароны, якую назвалі «Нябесны шчыт». Еўрапейскія краіны разам закупяць неабходнае абсталяванне і ракеты. Гэта дазволіць узмацніць супрацьпаветраную абарону, упэўненыя ў альянсе.

Намеснік генеральнага сакратара NATO Мірча Джоанэ (Dan Mircea Geoană) зазначыў, што ініцыятыва, якую прасоўвае Нямеччына, вельмі важная цяпер, калі Расея наносіць бязлітасныя ўдары па Украіне, забіваючы цывільных і руйнуючы інфраструктуру.

«Новыя сродкі, цалкам сумяшчальныя і лёгка інтэгравальныя ў супрацьпаветраную абарону NATO, істотна ўзмоцняць нашую магчымасць абараняць альянс ад усіх паветраных і ракетных пагроз», – заявіў Джоанэ.

Дамову падпісалі Бельгія, Балгарыя, Чэхія, Эстонія, Нямеччына, Вугоршчына, Латвія, Літва, Нідэрланды, Нарвегія, Славаччына, Славенія, Румынія і Вялікая Брытанія.

Напярэдадні сустрэчы міністраў абароны генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг распавёў журналістам, што альянс мае намер павялічыць падтрыманне Украіны, а таксама ўзмацніць абарону саюзнікаў.

Hавiны
Генеральны сакратар NATO: Лукашэнка мусіць спыніць падтрымку расейскіх намаганняў
2022.10.12 15:52

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў