Стваральніца Беларускага хабу ў Кіеве пра тое, з чым сутыкаюцца ўцякачкі ў выгнанні


Наста Базар, фем- і кўір-актывістка, стваральніца Беларускага хабу ў Кіеве, удзельніца фем-групы Каардынацыйнай рады была вымушаная з’ехаць з Беларусі ад пераследу ўладаў.

Яна збегла ў Кіеў з дзвюма дочкамі, адкрыла тут Беларускі хаб, дзе людзі ў выгнанні могуць атрымаць дапамогу ці проста пабавіць час, пазбегчы сацыяльнага вакууму ў новай краіне. Мы пагутарылі з ёй пра тое, як сацыялізацыя жанчын адрозніваецца ад мужчынскай і чаму жанчынам з дзецьмі варта дапамагаць асаблівым чынам.

Наста Базар, беларуская феміністка і экспертка ў сферы альтэрнатыўнай адукацыі.
Фота: ЯА / Белсат

– Якое дачыненне ты маеш да дапамогі жанчынам?

– У першую чаргу я – жанчына, па-другое, я – мама, па-трэцяе, я – лесбіянка. І гэта ўжо тры групы, якія падвяргаюцца дыскрымінацыі ў нашай і не толькі нашай краіне. І насамрэч правы жанчын мяне хвалявалі яшчэ да эміграцыі, і я даўно займаюся тым, што прасоўваю правы жанчын для таго, каб хоць трошкі зраўняць нашыя мажлівасці ў грамадстве. А калі я пераехала ў іншую краіну і трапіла, як усе, яшчэ ў адну групу – гэта эмігранты і эмігранткі, – я зразумела, што мой фокус увагі мае быць накіраваны ў першую чаргу на жанчын.

– Чаму жанчынам патрэбна своеасаблівая дапамога ў выгнанні?

– Жанчынам у прынцыпе патрэбна падтрымка і дапамога ў грамадстве. Калі б у нас былі роўныя правы, пра гэта б гаворка не ішла пры рэлакацыі. Калі мужчыны вырашаюць ехаць у краіну, дзе больш бяспечна, то жанчынам цяжэй, бо ў іх няма тых правоў, якія ёсць у мужчынаў. Ім складаней знайсці працу. А калі мы кажам пра жанчыну з дзецьмі, то нават не мае значэнне, прыедзе яна з мужам ці адна: на ёй застаецца тая падвоеная праца, якая была і на радзіме: гэта побыт, гэта догляд за дзецьмі, гэта гатаванне, прыборка і гэтак далей. І мы атрымліваем сітуацыю, калі мужчына ідзе працаваць, а жанчына і працаваць павінна ісці – і яна хоча часцей за ўсё, – але на ёй застаецца ў асноўным пытанне дзяцей. Не паўсюль так. Я назіраю, што эміграцыя сплачвае семʼі. І да мяне ў вялікай колькасці звяртаюцца мужчыны з пытаннямі аб дзецях. Але вялікая колькасць жанчын прыязджае з дзецьмі без падтрымкі партнёра ці мужа, з дзіцёнкам. І яна трапляе ў суперцяжкую сітуацыю, бо ёй трэба знайсці працу, трэба некуды ўладкаваць дзіцёнка, трэба знайсці жытло. І гэта ўсё зрабіць з дзіцём на руках – вельмі цяжка. Таму я лічу, што жанчынам патрэбна асаблівая дапамога.

– Як жанчыны перажываюць пераезд?

– Тут я б не дзяліла на мужчынаў і жанчын. Бо для ўсіх пераезд – гэта стрэс, асабліва калі ён не запланаваны і не па тваім жаданні. І гэта вельмі цяжкая гісторыя ў тым плане, што людзі да апошняга не хочуць з’яджаць, і я вельмі падтрымліваю іх. Людзі не думаюць пра тое, што гэта магчыма, таму яны ніяк не рыхтуюцца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота чытачы / Белсат

Але калі жанчына мае меншы статус у грамадстве, то пры пераездзе гэта яшчэ больш адчуваецца. Калі мы кажам пра жанчын з дзецьмі, то ў новай краіне ў іх можа ўвогуле не быць ніякіх знаёмых. Добра, што паміж сабой аб’ядноўваюцца беларусы і беларускі і ёсць нейкая ўзаемападтрымка. Але ў Беларусі каля цябе часцей за ўсё ёсць і родныя, і блізкія, і сяброўкі, сябры. І ты можаш пакінуць з кімсьці дзіця, можаш папрасіць, каб да цябе проста прыйшлі, памылі табе падлогу ці папілі з табой гарбаткі, пагаварылі.

Тут жа жанчыны трапляюць у вакуум, бо незразумела, дзе знайсці знаёмых. Няпроста прасіць пра дапамогу агулам, а калі ты ў чужой краіне, то нават проста напісаць людзям, ці не маглі б яны прыехаць і дапамагчы прыбрацца, бо ў мяне дзяцёнак, і я не магу і працаваць, і з дзіцёнкам быць, і калі-небудзь яшчэ паспаць, – жанчыны на такое не ідуць. Таму я лічу, што ў гэтым моманце трэба падтрымкі трошку больш менавіта жанчынам.

Артыкулы
Калекцыя пратэсту: як уцякачкі з Беларусі шыюць дызайнерскае адзенне
2021.10.07 08:30

– Ці шмат жанчын едзе з Беларусі, на тваю думку?

Калі гаварыць пра тых, з кім я стасавалася і каму дапамагала, то я б сказала, што жанчын едзе не менш ці нават больш, чым мужчынаў. Гэта маё асабістае ўражанне. Цікава спытаць тых, хто яшчэ дапамагае ўцекачам, пра агульную статыстыку…

Што датычыць жанчын з дзецьмі, іх таксама едзе шмат. Людзі едуць і сем’ямі. Але праз тое, што ў Беларусі вялікі адсотак разводаў, жанчыны едуць з дзецьмі адныя.

– Тое, што мы абмяркоўваем, гэта пра фемінізм?

– Безумоўна. Фемінізм – гэта пра тое, каб прасоўваць правы жанчын, каб змагацца за іх правы. Любое пытанне жанчыны – гэта пра фемінізм. Пытанне грамадства – для мяне гэта ўсё пра фемінізм.

Але калі мы кажам пра жанчын, якія з’ехалі, у мяне толькі адна прапанова: з кім жанчыне пакінуць дзіця, каб знайсці працу, зняць кватэру, каб схадзіць па харчы? Калі гэта дзеці 10–12 гадоў, як у мяне, напрыклад, то яны могуць і самі прыгатаваць сабе паесці, і я магу пайсці запісваць інтэрв’ю, магу працаваць, магу шукаць кватэру не з дзецьмі разам і не з валізкамі па ўсім горадзе. Калі гэта маці з дзіцёнкам да 6 гадоў, якое не застанецца адно дома, то што ёй рабіць і як?

Фота: ЯА / Белсат

Таму для мяне важна давесці, што фемінізм – гэта не тэорыя, гэта практыка. Бо я бачыла сітуацыі, калі маці з дзіцём цягам месяца была сто адсоткаў часу, бо не было іншых варыянтаў. Ёй было дужа цяжка. Я бачу мам, якія не могуць выйсці на каву, не могуць з кімсьці сустрэцца – а гэта таксама трэба, – неяк камунікаваць з людзьмі.

Чаму я адкрыла Беларускі хаб? Бо не на ўсе мерапрыемствы можна прыйсці з дзіцём і не ў любой тусоўцы, не ў любой арганізацыі гэта ўспрымуць нармальна. Чаму для мяне істотна прасоўваць ідэю мерапрыемстваў з дзіцячымі пакоямі? Таму што кожная мама мусіць разумець, што яна можа прыйсці. У нас таксама ёсць пытанні, калі гэта, напрыклад, ёга, але не думаю, што дзяцёнак будзе замінаць. Ці калі ў нас групы ўзаемападтрымкі, то гэта такая інтымная абстаноўка, калі хочацца і паплакаць, то натуральна, ёсць пытанне. Але калі будзе запыт, калі будзе некалькі дзяцей, то мы будзем шукаць варыянты, шукаць валанцёрку ці іншую магчымасць. І тое, што я цяпер кажу – гэта ўсё пра фемінізм, бо я раблю дадатковых шмат пунктаў, каб жанчына магла зрабіць тое самае, што мужчынам зрабіць суперлёгка.

– Чаму ты думаеш, што фемінізм цяпер жыццёва істотны для Беларусі?

Бо мы не пабудуем той самай вольнай, дэмакратычнай Беларусі, калі мы не будзем улічваць роўнасці правоў. Свабода немагчымая, калі гэта толькі для нейкай часткі людзей.

Мне вельмі істотна данесці тую думку, што гэта не пра тое, каб жанчыны рулілі. Гэта не пра матрыярхат. Для мяне што матрыярхат, што патрыярхат аднолькава недапушчальныя, бо гэта зноў пра іерархію. А я не лічу, што ў іерархіі ёсць карысць, калі ёсць група людзей, якая мае ўладу і не гатовая ёю дзяліцца.

Выборы 2020, протесты 2020, август 2020, Минск, женские акции
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Света Фар / Белсат

Я баюся, каб мы не прыйшлі да таго ж самага. Так, гэта будзе іншая Беларусь, без дыктатуры, але калі ў гэтай Беларусі зноў будзе частка людзей, якая дыскрымінуецца па нейкіх прыкметах, калі гэтая частка не будзе мець такіх жа магчымасцяў, як іншыя, то я не лічу, што гэта тая самая вольная і свабодная Беларусь.

Таму я заклікаю да таго, каб людзі разумелі: цяпер праблема не ў тым, што трэба выставіць пытанне жанчын на першы план, бо гэта жыццёва неабходна для жанчын. Проста мы не пабудуем той самай краіны, калі не будзем улічваць розніцы ў заробках, а гэта афіцыйная статыстыка, за 2018 год быў разрыў у 27 %.

Мы не можам пісаць эканамічныя рэформы, не ўлічваючы гендарнага аналізу, не ўлічваючы, што жанчына ў дэкрэце губляе тры гады стажу, што яна ў гэтыя тры гады не можа пайсці працаваць так жа, як мужчына. У нас няма ні ясляў, ні дзіцячых пакояў пры карпарацыях, у нас няма лаяльнасці да дзяцей у грамадстве. Калі мама прыходзіць з дзіцёнкам працаваць, то гэта ўсіх напружвае. І людзі не думаюць, як гэта зрабіць экалагічна для ўсіх, а думаюць, як бы гэтая жанчына сышла з дзіцёнкам.

Пакуль мы не будзем мець на ўвазе ўсіх гэтых момантаў, мы не зможам прыйсці да таго, да чаго мы ўсе ідзем. Альбо давайце тады не будзем хлусіць і будзем казаць, што мы ідзем да свабоды не для ўсіх.

Артыкулы
«Я чалавек-вакзал». Гісторыя Алены Жаркевіч, якая зарганізавала дом для ўцекачоў ва Украіне
2021.09.24 14:33

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў