Што за карысць уладам ад новых крымінальных справаў супраць Ціханоўскай і Латушкі?


Палітычная дзяячка Святлана Ціханоўская сустрэлася з беларускай дыяспарай у польскай сталіцы. На здымку ля мікрафону прамаўляе Павел Латушка, кіраўнік НАУ. Варшава, Польшча. 3 чэрвеня 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат

«Самавольнае прысваенне звання ці ўлады службовай асобы» – яшчэ адзін пункт у калекцыі абвінавачванняў супраць лідараў беларускага пратэсту Святланы Ціханоўскай і Паўла Латушкі. Але ж яны за мяжой, а паводле ранейшых абвінавачванняў іх не судзілі. Які сэнс ад новага артыкулу?

Паводле Следчага камітэту Беларусі, новую крымінальную справу распачалі за тое, што Святлана Ціханоўская і Павел Латушка «стварылі псеўдаорганы дзяржаўнай улады і ўпраўленняў і прадстаўніцтваў Рэспублікі Беларусь за мяжой і, працягваючы свае злачынныя дзеянні, уступілі ў перамовы з прадстаўнікамі замежных дзяржаваў і міжнародных арганізацыяў».

Колькі артыкулаў у калекцыі Ціханоўскай і Латушкі

Супраць і Святланы Ціханоўскай, і Паўла Латушкі ўжо распачыналі крымінальныя справы паводле чатырох крымінальных артыкулаў:

  • ч.1 арт. 14 / ч.3 арт. 289 КК РБ – «Замах на акт тэрарызму»;
  • ч.1 арт. 357 КК РБ – «Змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады»;
  • ч.3 арт. 361 КК РБ – «Заклікі да дзеянняў на шкоду нацыянальнай бяспецы»;
  • ч.1 арт. 361-1 КК РБ – «Стварэнне экстрэмісцкага фармавання».

Яшчэ два артыкулы мае Ціханоўская, а Латушка не мае:

  • ч.1 арт. 13 / ч. 1 арт. 292 КК РБ – «Падрыхтоўка да захопу будынкаў»;
  • ч.1 арт. 13 / ч.2 арт. 293 КК РБ – «Падрыхтоўка да масавых беспарадкаў».

На дадатак, справу паводле артыкулу 361 распачалі супраць усёй Каардынацыйнай рады (аб стварэнні якой заяўляла Ціханоўская і ў прэзідыум якой увайшоў Латушка).

Што думаюць у офісе Ціханоўскай

Прэс-сакратарка офісу Святланы Ціханоўскай Ганна Красуліна расказала «Белсату», што юрысты офісу не бачаць практычнага сэнсу ад новай крымінальнай справы. Ад сябе яна дадае, чым лічыць новую крымінальную справу:

  • Спробай стварыць навіну, але правальнай. Улады, кажа яна, паказваюць, што не могуць генераваць уласныя навіны, але хочуць дэманстраваць, нібыта ініцыятыва на іхным баку.
  • Спробай «перакласці з хворай галавы на здаровую», інфантыльнай логікай: «Я вас першы абвінаваціў, а зараз вы не зможаце мне гэта выставіць».
  • Спробай закамуфляваць уласную слабасць, «надзіманнем шчок пры ўласным бяссіллі».
  • Але ў выніку – дэманстрацыяй уласнай бездапаможнасці, спробай «якаць», «выскокваць уверх» без падставы, «прэтэнзіяй на значнасць».

Красуліна пры тым адзначае, што навінаў пра развіццё краіны ва ўладаў няма, а «усе разумеюць», што самазванец – гэта Лукашэнка.

Палітычная дзяячка Святлана Ціханоўская сустрэлася з беларускай дыяспарай у польскай сталіцы. На здымку — Павел Латушка размаўляе з удзельнікамі сустрэчы. Варшава, Польшча. 3 чэрвеня 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат

Што думае палітолаг

Палітолаг Валер Карбалевіч кажа «Белсату»: практычнай карысці не відаць, але гэта «логіка застрашвання, логіка пашырэння рэпрэсіяў, логіка існавання рэпрэсіўнай машыны ў недэмакратычным грамадстве».

«Бачыце, і на тых людзей, якія цяпер сядзяць за кратамі ў Беларусі, заводзяць новыя і новыя крымінальныя справы, – разважае Карбалевіч. – Здавалася б, асаблівага сэнсу ў гэтым няма, але так можна працягнуць пераслед, узмацніць пакаранні і гэтак далей».

Карбалевіч дапускае, што ёсць нейкія планы колькасці крымінальных справаў у праваахоўных органаў або Следчага камітэту – ён згадвае, як людзей затрымлівалі па другім-трэцім разе за тое самае злачынства. А раз публічных пратэстаў у Беларусі ўжо амаль няма, але ёсць устаноўка не змяншаць колькасць новых крымінальных справаў, знайшлі такое выйсце.

Валерый і Вераніка Цапкалы на сустрэчы з жыхарамі Бараўлянаў. 4 чэрвеня 2020.
Фота: Белсат

Тэарэтычна, улады Беларусі могуць выкрасці Ціханоўскую і Латушку з-за мяжы. Лукашэнка абяцаў, згадвае Карбалевіч, «дастаць» Валерыя Цапкалу за каментар пра забойства супрацоўніка КДБ у Менску (і за гэта таксама распачалі крымінальную справу). Але ці адважацца выкрадаць чалавека з іншай краіны?

«Я не бачу практычнага сэнсу ў гэтым: скандал будзе вялікі, санкцыі могуць узмацніць, а практычнага выніку не будзе, – разважае Карбалевіч. – Усё, што маглі, Латушка і Ціханоўская зрабілі, новых небяспекаў ад іх чакаць не выпадае. Нейкай яшчэ большай шкоды рэжыму, чым яны дасюль зрабілі, яны наўрад ці зробяць».

Што пішуць Telegram-каналы

Медыяэксперт Серж Харытонаў піша ў Telegram, што справы аб «прысваенні ўлады» гэта «фактычнае прызнанне палітычнай суб’ектнасці абодвух палітыкаў». Паводле яго, улады прызналі, што дэмакратычныя сілы сфармавалі асновы будучай дыпламатычнай службы; прызналі суб’ектнасць альтэрнатыўных інстытутаў, якія ўжо прызнаныя і беларусамі, і іншымі дзяржавамі, і міжнароднымі арганізацыямі; прызналі «дэзінтэграцыю» сістэмы вонкавапалітычных кантактаў.

Пра тое ж піша ананімны Telegram-канал «Нік і Майк»: заяўляе, што крымінальнай справай з гэткай фармулёўкай пра «прысваенне ўлады» афіцыйны Менск легітымізаваў тых, хто нібыта «нічога ніколі нідзе не выйграваў», а таксама прызнаў татальны правал у вонкавай палітыцы.

Блогер Антон Матолька заўважае: Следчы камітэт прызнае тое, што дэмакратычныя сілы працуюць і вядуць перамовы з міжнароднымі гульцамі, пакуль Лукашэнка «ездзіць на паклон да Пуціна ў Сочы».

«Nexta» кпіць: «Лукашэнка знайшоў на сябе артыкул у Крымінальным кодэксе», бо гэта ён прайграў выбары і прысабечыў уладу.

АА belsat.eu

Стужка навінаў