Рэдактарка Hrodna.Life Ірына Новік: Цяпер у медыях працуюць энтузіясты, якія могуць дазволіць сабе такую раскошу


Сайт парталу Hrodna.life – аднаго з самых папулярных і паспяховых гарадзенскіх СМІ – заблакаваны, тэлеграм-канал быў прызнаны экстрэмісцкім. На штрафы рэдакцыя патраціла ўсё, што зарабіла за год. Журналістаў парталу затрымлівалі, судзілі, збівалі. Цяпер частка рэдакцыі рэлакавалася, частка засталася ў Беларусі. Пра тое, як у сённяшніх умовах рабіць рэгіянальнае медыя і заставацца журналістам за сотні ці тысячы кіламетраў ад роднага гораду, «Белсат» паразмаўляў з рэдактаркай спецпраектаў Hrodna.life Ірынай Новік.

Ірына Новік.
Фота: Ірына Новік / Facebook

Працаваць цалкам онлайнаў навучыў год пандэміі

– Рэдакцыя Hrodna.Life цяпер працуе з некалькіх краін. Асноўная частка каманды ўсцяж у Горадні. Я ў Грузіі, адзін з нашых самых вядомых журналістаў Руслан Кулевіч яшчэ год таму з’ехаў у Беласток.

Арганізаваць дыстанцыйную працу ў нас атрымалася дзякуючы папярэдняму году пандэміі, які навучыў працаваць з дому. Менавіта ў гэты год у нас з’явіліся планёркі онлайн, планіроўшчыкі і розныя іншыя фішкі. Таму сам прынцып працы пасля частковай рэлакацыі не моцна ўскладніўся – алгарытмы ўжо напрацаваныя.

Цяжкасці выклікае ўсё большая абмежаванасць свабоды слова. Заўсёды было няпроста браць каментары ў чыноўнікаў, але цяпер і звычайныя людзі сталі баяцца называць свае імёны. У выніку атрымліваюцца матэрыялы, у якіх героі – ананімы, альбо яны проста адмаўляюцца ад каментароў. З-за гэтага шмат якія тэмы вельмі цяжка асвятляць і заставацца ў стандартах журналістыкі. Гэта адзін з нашых самых сур’ёзных выклікаў. Цяпер журналісту трэба патраціць нашмат больш часу, чым раней, каб знайсці чалавека, гатовага распавесці пра сітуацыю і назваць сваё імя. Нерэальна цяжка знайсці чыноўніка ці эксперта для каментара. Калі раней на падрыхтоўку аднаго матэрыялу хапала гадзіны, цяпер і за дзень можна не знайсці патрэбных людзей. Таму шмат якія тэмы адкладаюцца ўбок і чакаюць свайго часу.

«Сёння для нас важней захаваць нашага журналіста, чым хутка атрымаць матэрыял»

Каманда Hrodna.Life.
Фота: Hrodna.Life

– У тых, хто ў Беларусі, праца вымагае большага напружання – трэба думаць пра лічбавую бяспеку, а нават і фізічную. Людзі ўвесь час працуюць у стрэсе.

Вельмі складана жыць і працаваць, калі ты разумееш, што да цябе могуць прыйсці кожны дзень і кожную хвіліну, калі не ведаеш, ці вып’еш раніцай кавы ўдома, або цябе забяруць на допыт. Некаторыя з нашых журналістаў працуюць з псіхолагамі. Стараюцца ратавацца спортам, неяк супрацьстаяць дэпрэсіі і негатыву. Адзінае, што можам мы як менеджары ў гэтай сітуацыі – «не душыць». Сёння для нас важней захаваць чалавека, чым як мага хутчэй атрымаць матэрыял на сайт. Няхай мо гэты чалавек паесць ці паспіць лішні раз, ці сходзіць на шпацыр і здасць матэрыял заўтра, але застанецца здаровы.

Клопат пра бяспеку прыводзіць да самацэнзуры – лішні раз задумваешся, ці варта пра нешта пісаць. Калі раней я настойвала, каб журналісты, якія напісалі нават два радкі, падпісваліся сваім імем, бо тваё імя – гэта твой брэнд, то сёння я раю браць псеўданім. Калі раней мы бралі каментатара толькі тады, калі ён называў імя і прозвішча, то цяпер прымаем і ананімнасць. А гэта размывае і стандарты журналістыкі, і давер чытачоў.

Як крызіс можа стаць магчымасцю

– Заставацца цяпер у Беларусі ці з’язджаць – гэта асабісты выбар. Кожны з нашых журналістаў ведае, што калі ён ці яна вырашаць з’язджаць, мы дапаможам. У нас ёсць планы А, В, С. Але такіх рашэнняў як менеджары мы ні за каго прыняць не можам.

Як працуюць тыя, хто з’ехаў? Руслан Кулевіч заўсёды быў вельмі актыўны, працаваў «у полі», проста дыхаў Горадняй. Яму вельмі складана працаваць на дыстанцыі, і я вельмі рада, што ён гэтую складанасць ператварыў для сябе ў магчымасць, і стварыў свой відэапраект «Мы вернемся» пра беларусаў, якія былі вымушаныя з’ехаць. На прыкладзе Руслана я бачу, як крызіс можа стаць магчымасцю.

Аналітыка
Ахвяруючы іміджам. Што азначае «справа Мажэйкі» і выгнанне «КП» для стасункаў Масквы і Менску
2021.10.11 11:30

Уласна для мяне мала што змянілася, хіба што від з вакна. Я працую онлайн, з журналістамі, планую матэрыялы, вычытваю, узгадняю герояў, даю парады ў пошуках экспертаў і г. д. Мы ўжо другі год запар гэта робім у онлайне, таму для мяне гэта звычайная праца, і на яе не ўплывае тое, з якой краіны я яе раблю.

Мне вельмі не хапае нашых сяброўскіх сустрэчаў у офісе. Мы і па-за працай часта збіраліся на каву, у нас стаяў настольны футбол, і мы ладзілі турніры, запрашалі чытачоў на кінапрагляды, праводзілі розныя майстар-класы. Вось гэтага жыцця мне не хапае. Але я думаю, што і ў тых, хто застаўся ў Горадні, для такіх актыўнасцяў цяпер не вельмі шмат магчымасцяў.

Для журналістаў за мяжою існуе рызыка адарвацца ад беларускай рэчаіснасці. Я думаю, што гэта таксама фактар, які ўплывае на рашэнні той часткі нашай рэдакцыі, якая застаецца ў Беларусі.

«Нас ратуюць гісторыі пра звычайнае чалавечае жыццё»

Ірына Новік.
Фота: Ірына Новік / Facebook

– Мы даўно прынялі рашэнне, што не робім рэпостаў і мінімум – рэрайтаў. Адзін з асноўных прынцыпаў нашай палітыкі – рабіць аўтарскія навіны. Ад гэтага прынцыпу мы не адыходзім і цяпер, хоць з-за гэтага матэрыялаў стала менш. Таму, хоць у колькасці мы прайграем, але што датычыць якасці кантэнту, тут я ганаруся калегамі, бо яны працуюць вельмі крута.

Нас цяпер ратуюць гісторыі пра звычайнае чалавечае жыццё. Людзі баяцца размаўляць пра палітыку, але пра сваю прафесію, жыццёвы выбар, сям’ю, выхаванне, гісторыю, культуру, дабрачыннасць, дапамогу жывёлам па-ранейшаму хочуць казаць. Жыццёвыя гісторыі дагэтуль застаюцца здабыткам Hrodna.Life. Гэта зразумела: чалавеку цікавы найперш чалавек.

Навіны мы робім на мясцовай інфармацыі і з адкрытых крыніцаў – аналізуем закупкі, аўкцыёны, адсочваем, куды трацяцца грошы з бюджэту, медыцыну, эканоміку. Часам з навіны выходзіць цэлая гісторыя.

Цяпер мы шмат пішам пра гарадзенцаў, якія з’ехалі за мяжу, – гэты кантэнт сапраўды запатрабаваны. Але не хацелася б ператварыцца ў эмігранцкае СМІ, хочацца заставацца выданнем для Беларусі.

Наш тэлеграм-канал, які быў прызнаны экстрэмісцкім, мы прыбралі самі, бо для нас вельмі важная бяспека нашых чытачоў. Мы не хацелі, каб з-за нас нехта пацярпеў. Мы зрабілі альтэрнатыўны канал, і запрасілі туды нашых падпісчыкаў. Пэўную частку аўдыторыі мы, канечне, страцілі, але ядро ўдалося захаваць.

Вельмі цяжка цяпер планаваць працу. Раніцай плануеш адно, а пад вечар сітуацыя змяняецца на 180 градусаў, і трэба ўжо прымаць нейкія іншыя рашэнні. Таму планы ёсць, але моцна мы іх не трымаемся, і плануем некалькі варыянтаў, і пакідаем яшчэ варыянт Х.

«Нашая бізнес-мадэль адышла»

– Сёлета 10 кастрычніка Hrodna.Life споўнілася пяць гадоў. Хоць сам сайт існаваў шмат гадоў і да гэтага, але пад брэндам «Твой стыль», які ў 2016 годзе быў зменены на Hrodna.life. Я з камандаю з самага пачатку існавання праекту ўжо пад брэндам Hrodna.Life.

Цяпер наш сайт заблакаваны. Але нашыя чытачы нас чытаюць праз vpn, і ўвогуле мне падаецца, што vpn стаў настолькі звыклы для беларусаў, што гэта ўжо як зубы пачысціць.

Нашая бізнес-мадэль цалкам адышла. Калі ліквідуецца юрыдычная асоба, падае наведвальнасць, працаваць з рэкламай нерэальна. У Беларусі заўсёды было цяжка зарабіць на медыях, а цяпер дык увогуле немагчыма. Цяпер у СМІ працуюць энтузіясты, якія могуць дазволіць сабе такую раскошу.

Усё, што зарабілі за апошні год, мы аддалі на штрафы. Нас двойчы штрафавалі як юрыдычную асобу, кожны раз на суму каля 5000 долараў. Мяне з нашым галоўным рэдактарам Аляксеем Шотам штрафавалі таксама асобна.

Затрымалі мяне першы раз разам з мужам у жніўні 2020 года, потым у мяне былі два ператрусы, содні, у Руслана таксама былі содні, яго збілі, зламалі рукі. Супраць яшчэ адной нашай журналісткі была адміністратыўная справа, але да суда яна не дайшла – закрылі. Я і яшчэ адна журналістка праходзім сведкамі ў крымінальнай справе Мажэйкі і Пушкіна. Фактычна кожны з нашай рэдакцыі так ці інакш пацярпеў.

«Журналісты ўратуюць свет»

Ірына Новік.
Фота: Ірына Новік / Facebook

– Я ўжо тры месяцы як не ўдома, чацвёрты пайшоў. Раней мая самая даўгая камандзіроўка была на два месяцы ў 2012 годзе. Я пакуль не спыняюся недзе на адным месцы, жыву з валізкай. Стараюся глядзець на гэта як на падарожжа – такі шлях героя, які мусіў пакінуць дом, каб прайсці пэўнае кола і вярнуцца назад.

Я працягваю працаваць, пісаць. Адначасова стараюся знаходзіць для сябе нейкія задавальненні. Я вярнулася да малявання, чытаю ці слухаю мастацкія кнігі, праходжу за дзень 10 тысяч крокаў, атрымліваю асалоду ад прыгажосці навокал, смачнай ежы, цікавых людзей побач. Жыццё працягваецца, іншага ў мяне не будзе, і ніхто не скажа напрыканцы гэтага шляху: гаротніца, калі ты цярпела ў дыктатуры, то ідзі пагуляй яшчэ, пажыві ў сваё задавальненне годзік-два. Таму я стараюся быць у моманце – рабіць, што магу, тут і цяпер. Асабліва далёка не заглядаю і не азіраюся назад. А калі мне на чужыне робіцца зусім кепска, я іду шукаць кавярню, у якой можна з’есці дранікаў.

Я ўпэўненая, што мы вернемся дамоў. Але тое, што будавалася 26 гадоў, так хутка не абваліцца, трэба пазмагацца. А часта бывае, што гэтыя калосы стаяць на гліняных нагах. Таму нам трэба патрываць, прайсці праз гэты час загартоўкі. Як інжынер-металазнаўца паводле асноўнай адукацыі, я ведаю, што спосабаў загартоўкі металу бывае вельмі шмат, і яны бываюць нават шокавымі. Я часам згадваю свае студэнцкія падручнікі па металаапрацоўцы і думаю, што гэта падобна да нашага жыцця. Што б я хацела пажадаць у гэтай сітуацыі: каб кожны і кожная з беларусаў здолелі захаваць сябе для новай Беларусі. Не страціць у сабе чалавека, бо сістэма хоча менавіта расчалавечыць нас.

Мяне вельмі ўсцешыла Нобэлеўская прэмія міру для журналістаў. Я думаю, што гэта тэндэнцыя. Бо і Святлана Алексіевіч рабіла фактычна журналісцкую працу. Свет хоча ведаць праўду, дакладныя, правераныя факты, і мяне гэта вельмі натхняе. Праз гэтую праўду журналісты ўратуюць свет.

Hавiны
Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова завочна атрымалі прэмію «За свабоду і будучыню ў медыя»
2021.10.09 10:41

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў