news
Гісторыі
«Гэта самая самая феерычная палітычная крымінальная справа». Паразмаўлялі з фігурантамі «карагоднай справы»
Тры гады таму берасцейцы танчылі ў самым цэнтры гораду.
13.09.202314:47

Тры гады таму падчас акцыі пратэсту ў Берасці вялікая калона людзей утварыла карагод і пачала танчыць у самым цэнтры гораду. Так узнікла вядомая крымінальная справа, паводле якой асудзілі 132 асобы. Мы паразмаўлялі з некаторымі з іх.

Дзякуючы «карагоднай справе» зрабіўся беларускамоўным

Жыхар Пружанаў, цяпер 52-гадовы Алег Кулеша, атрымаў адзін з самых строгіх прысудаў паводле «карагоднай справы». Свой 50-гадовы юбілей ён сустрэў за кратамі, адбыў свой тэрмін цалкам, а калі выйшаў, то зразумеў, што спакойнага жыцця не будзе, і быў вымушаны з’ехаць за мяжу.

Алег Кулеша.
Фота: Радыё «Рацыя»

– Гэта самая лепшая, самая феерычная палітычная крымінальная справа. Гэта паказвае душу і глыбіню нашага народу і, суадносна, паводзіны рэжыму, каб знішчаць гэты народ. Калі ў мяне на судзе ў сведак пыталі: «Чаму вы закрылі сваю краму?» Чалавек казаў: «Дык амапаўцы беглі, яны б разбілі маю краму». – «А вось гэтыя пратэстоўцы?»

– «Гэта цудоўныя людзі, яны пасміхаліся, яны ветлівыя, яны культурныя, яны не пакідалі бруду», – згадвае Алег Кулеша.

Мужчына кажа, што самога карагоду ніхто не планаваў, ён узнік выпадкова.

– Карагод узнік хаатычна, гэта проста як душа, разумееце? Як беларуская душа, ён проста пачаўся і ўсё. Дзесьці заігралі «Тры чарапахі», і іншыя б пачалі гімн спяваць, а тут людзі ўзяліся за рукі і пачалі вадзіць карагод. І ведаеце, у лукашыстаў шаленства пачалося, але як біць чалавека, якія не рабіў нічога дрэннага, а нават наадварот? Але білі, сярод іх не ўсе варʼяты былі, але вылецелі, як звяры, з бусікаў і пачалі лупіць усіх агулам, і білі сваіх, беларусаў. Альбо той, які сядзеў за стырном вадамёта, як ён сабе адчуваў? Ён жа бачыў, што святочныя людзі, што ніхто нічога дрэннага не робіць. Не было ж папярэджання ад міліцыі, што людзі парушаюць парадак. Калі б прыйшоў міліцыянер і сказаў: вы парушаеце такі альбо такі закон – але не. Яны наўпрост павылазілі з бусаў, з двароў і пачалі біць людзей, – кажа былы палітвязень.

Тады Алега не затрымалі, ім зацікавіліся толькі праз год, калі выклікалі ў міліцыю.

– Першы раз у «карагоднай справе» мяне выклікалі ў Пружанскі РАУС, там пачалі пагражаць, што зараз я еду на Акрэсціна. Мэта была ў іх запужаць, вядома, што гэта галоўны канцлагер і галоўная катавальня. Вядома, што ні на якое Акрэсціна я не паехаў, а апынуўся ў берасцейскім ГУБАЗіКу. Там я пачаў патрабаваць адваката, і там мне сказалі, што калі я патрабую адваката, то пайду сядзець, так я апынуўся ў берасцейскім ІЧУ. А адтуль я выйшаў і больш не сказаў ні слова па-расейску, мусіць, годнасць сваю адчуў. Магчыма, праз карагод сэрца беларускае зразумеў, – кажа Кулеша.

Паводле мужчыны, суд быў больш падобны на цырк і нешта тлумачыць на ім не мела ніякага сэнсу, таму быў уключаны «рэжым ігнору».

24 траўня 2021 года, суды над удзельнікамі «карагоднай справы».
Фота: Белсат

– Суд адбываўся феерычна. Пракурор, які нават не ведаў, што існуе Купала, што словы «Жыве Беларусь!» – гэта купалаўскія словы. Таму я не прызнаў гэтага абвінавачання, я і цяпер так лічу: я не парушаў права, якое дае мне беларуская Канстытуцыя. Калі законы ў нас у краіне зробленыя так, што яны парушаюць Канстытуцыю, то значыць, яна важнейшая за гэтыя законы. А ў сваім апошнім слове я проста чытаў вершы і атрымаў год і сем месяцаў. Восем месяцаў адседзеў у берасцейскім СІЗА, каля месяца ў баранавіцкім цэнтрале і астатняе ў бабруйскім канцлагеры – калоніі № 2. Менавіта канцлагер, бо іх галоўная задача – зламаць чалавека, – адзначае былы палітвязень.

Алег прызнаецца, што беларускамоўнаму ў калоніі цяжэй за іншых.

– На ўсю калонію я быў адзіны беларускамоўны, а як беларускамоўнаму за кратамі – цяжка! Напрыклад, хочацца цыгарэтку папаліць, а ў цябе запальнічка зламалася, і ты просіш яе, а табе: спытайся па-расейску. Ну тады добра, не будзем паліць. Праз чатыры месяцы, як я выйшаў з калоніі, мяне зноў пачалі саджаць. Трое содняў у ІЧУ, сорак хвілінаў на волі – і прыйшлося зʼязджаць за мяжу. Сэнсу болей заставацца ў Беларусі ўжо не было. За мяжою складана, ну а ў ці проста ў Беларусі? Усюды жыццё складанае. Ёсць праблемы з працай, жытлом, грашыма. Але я не скарджуся. Мне яшчэ пашанцавала, мяне «BYSOL» пасля гэтых калоніяў вывозіў моцна хворым і мяне крыху падлячылі. Жыццё працягваецца, яго трэба жыць, – падводзіць рысу наш герой.

За гэты карагод мы заплацілі даволі дорага

Алена Лысковіч хадзіла на акцыі разам з дачкою Вікторыяй, разам іх і судзілі. Прысудзілі паўтара года «хіміі» з накіраваннем і адбываць адправілі максімальна далёка адну ад адной. У выніку Алена адбыла ўвесь тэрмін, а Вікторыі ўдалося ўцячы за мяжу.

Алена і Вікторыя Лысковіч.
Фота: Белсат

– Гэты дзень я запомніла вельмі добра, бо мы з дачкой былі там і шэсцем разам з нашым беларускім народам прайшлі, мірным маршам праз увесь цэнтр Берасця, пакуль не спыніліся на рагу праспекту Машэрава і бульвару Касманаўтаў. У гэты дзень усе людзі ў прыўзнятым стане, настроі, мы шлі паказаць, што мы не статак, што мы людзі, каб сказаць сваё не, сваё слова, для гэтага мы абʼядналіся, нас было вельмі шмат. Мы нават падумаць не маглі, што за гэта ты будзеш сядзець. Нам прыйшлося заплаціць за гэта даволі дорага. Людзі пачалі музыку і пачалі танчыць, і тут прыбеглі гэтыя ў чорным, яны хапалі і білі людзей, людзі хаваліся дзе толькі маглі, мы схаваліся на прыпынку. Але пасля таго хапуна людзі не разышліся, мы зноў сабраліся, зноў утварылі калону і пайшлі далей, – згадвае той дзень Алена Лысковіч.

Тады жанчынам удалося сысці, але пазней да іх пачалі прыходзіць сілавікі.

– Затрымалі нас з дачкой на працы, і мы апынуліся ў берасцейскім ІЧУ, дзе правялі месяц. І там на нас завялі крымінальную справу. Пачалося зусім іншае жыццё, пасля працы ездзілі на допыты, і гэта цягнулася даволі доўга. Нас судзілі ў трэцяй групе, адных з першых, і мне запомнілася, што падтрымаць нас прыйшлі не толькі звычайныя людзі, але і здымачная група «Белсату», якая была з народам цягам усіх месяцаў пратэсту. Мы змаглі дабіцца, каб на судзе прысутнічалі родныя і журналісты, бо суддзя не змагла пачаць працэсу, бо мы не далі ёй такога права, – адзначае Алена.

Таксама Алена згадвае, што час у тыя месяцы цягнуўся вельмі марудна.

– 7 траўня 2021 года нам вынеслі прысуд – паўтара года «хіміі» з накіраваннем, сярод 13 чалавек у групе мы былі адзіныя жанчыны, якім не толькі прысудзілі «хімію» з накіраваннем, але і адправілі нас як мага далей адна ад адной: мяне ў Горадню, а дачку маю Віку – у Віцебск. Зразумела, што мы віны сваёй не прызналі. Каб прызналі, нам далі б «хатнюю хімію», але мы зрабілі свой выбар, мы не схіліся перад гэтай лукашысцкай уладай, – падкрэслівае жанчына.

Асуджаная ў крымінальнай справе Алена Лысковіч кажа, што не ведала, чаго чакаць ад гэтай «хіміі», але кала яны прыехала на месца адбыцця пакарання, яе чакаў шок.

– Калі я прыехала на «хімію», то пабачыла дно. Першы час гэта было настолькі цяжка і настолькі дзіч, што ты думаеш, што гэта нерэальна, што ты проста спіш. А потым прыйшло разуменне таго, што ты схоплены, звязаны, што ты, як сабака, мусіш бегаць на ланцужку. І каб выжыць, ты пачынаеш прымаць усе гэтыя абставіны і неяк жыць з гэтымі думкамі, што калі-небудзь гэта скончыцца, – прыгадвае Алена.

Суды над удзельнікамі «карагоднай справы».
Фота: Белсат

Тым часам у Віцебску пачалі моцна ціснуць на ейную дачку.

– У Вікі забралі тэлефон, прыехаў КДБ, пачалі запалохваць, пагражаць, абяцалі адправіць у калонію. З таго часу я не магла спаць, былі толькі думкі: што будзе з маёй дачушкай? Яна брала ў людзей тэлефоны і званіла мне, і казала мне: мамачка, я не хачу ў турму, я там прападу. Мы разумелі, што можа быць змена рэжыму, і мы пачалі распрацоўваць план уцёкаў. Уцячы было нерэальна, але ў нас не было выбару. У выніку Віка наважылася на ўцёкі, але надворʼе было супраць яе, на рацэ, якую трэба было пераплыць, быў тонкі лёд, а ў лесе шмат снегу. Таму цэлы месяц ёй прыйшлося хавацца ў Беларусі. Але ў выніку ўцёкі ўдаліся, Віка пераплыла Нёман і апынулася ў бяспецы. Як толькі я ўцякла з «хіміі», мяне адразу ўзялі пад стражу, цэлы месяц са мной быў канвой, які чакаў, калі ж мая дачка выйдзе са мной на сувязь. Яны шукалі людзей, якія дапамаглі Віцы ўцячы. Але нашыя людзі былі падрыхтаваныя, і ўсё прайшло добра, – адзначае Алена.

Калі жанчына выйшла на свабоду, яна зразумела, што жыць у Беларусі ёй не дадуць, і зʼехала за мяжу, дзе праз паўтара года сустрэлася з дачкой. Алена адзначае: не можа не думаць пра людзей, якія засталіся за кратамі ў Беларусі.

«Мяне затрымалі праз паўтара года»

Прозвішчаў яшчэ двух асуджаных у «карагоднай справе» мы назваць не можам. Іхным блізкім у Беларусі пагражае небяспека, таму іхныя гісторыі прагучаць ананімна.

Зміцер атрымаў тры гады «хатняй хіміі», адседзеў у СІЗА, здолеў уцячы з краіны. Іншая нашая гераіня адбыла «хатнюю хімію» і таксама пакінула Беларусь, але легальна.

– Тады, 13 верасня, людзі сабраліся калі помніку Тысячагоддзя і маршам пайшлі па цэнтральных вуліцах Берасця. Быў сярод іх і я. Калі дайшлі да рага праспекту Машэрава і бульвару Касманаўтаў, людзі спыніліся, вырашалі, куды ісці далей, і раптам пачалі танчыць, – кажа Зміцер.

Мужчыну затрымалі ў 2022 годзе, калі раніцаю ён выйшаў з дому, каб пайсці на працу.

– Мяне затрымалі праз паўтара года пасля гэтых падзеяў, калі сустрэлі каля падʼезду. Удома ў мяне адбыўся ператрус, а я паехаў у ІЧУ ўжо з крымінальнай справай, а пазней мяне перавялі ў СІЗА. Там было шмат палітычных, як за падзеі жніўня 2020 года, так і новых, якія сядзелі ўжо за каментары. Там я правёў некалькі месяцаў. Калі я выйшаў з СІЗА, я падпісаў паперу, што абавязваюся не пакідаць краіны, але мяне сустрэлі губазікі і сказалі, што трэба, каб я з імі супрацоўнічаў, альбо на мяне будзе новая крыміналка. Я не захацеў гэтага чакаць і праз Расею зʼехаў у Арменію, дзе атрымаў гуманітарную візу, і трапіў у бяспечную краіну, – адзначае Зміцер.

Берасцейка, якая просіць не называць ейнага імя, адбыла «хатнюю хімію».

– Запомнілася, што марш пачынаўся з парачкі чалавек, а потым літаральна за хвіліну сабраўся вялізны натоўп. Яшчэ нейкая незадаволеная пенсіянерка выгукнула, што мы ўсім надакучылі шнырыць тут па горадзе, а мы ёй у адказ добрага дня пажадалі і абяззброілі. А калі дайшлі да скрыжавання, ужо тады былі размовы, што нас туды ціхары прывялі, – кажа жанчына.

І згадвае, што суды даваліся ёй цяжка.

– Даты некалькі разоў пераносіліся, паседжанняў шмат, і нават аналізуючы прысуды папярэдніх партыяў «карагоднікаў» – абсалютна незразумела, чаго чакаць. Яшчэ, магчыма, былі крыху іншыя чаканні да сурʼёзнасці працэсу. Раз ажно крымінальную справу завялі і да апошняга кожны свой крок спрабавалі апраўдаць законам – мусіць, і суд будуць разыгрываць суровы. А там суддзя хавае твар пад маскай, у аднаго з пракурораў рукі трэсліся і твар пачырванеў, калі тэрміны зачытваў. У зале не раз смяшок прабягаў ад дурных пытанняў да абвінавачаных, якія ні да справы не адносіліся, ні значнасці не мелі. Ну, а прысуд не стаў неспадзеўкай, прыкладна такога і чакала, нават эмоцыяў на гэтым ніякіх асабліва не адчула, – адзначае нашая суразмоўца.

Карагоды на пратэстах у Берасці. 13 верасня 2020 года.
Фота: Следчы камітэт

Берасцейка кажа, што «хатняя хімія» прайшла для яе прасцей, чым яна чакала.

– На «хіміі» канкрэтна ў мяне асаблівых праблемаў, прэсінгу ці асаблівай увагі не было. Спачатку можна было вучыцца, напрыклад, на якіх курсах, нават выехаць з гораду паводле заявы можна было. Я ўсім гэтым актыўна карысталася, і не так адчувалася, што гэта скрадзены час. Адведзенага пасля працы вольнага часу спачатку таксама хапала і на краму, і на нейкія сустрэчы з роднымі, і на шпацыр. Нават калі ўзмацнілі жорсткасць абсалютна ўсяго, умудраешся знайсці нейкія шчыліны, лайфхакі, каб больш-менш адэкватна жыць. Вельмі дапамагло, вядома, падтрыманне родных і сяброў – у мяне ўвесь час былі госці. Самым непрыемным момантам сталі правяранні тэлефонаў. Мяне спрабавалі заспець знянацку, патэлефанаваўшы і паведаміўшы пра візіт участковага да мяне дадому, не ўдакладняючы прычыны візіту. Але гэта было прадказальна, таму ў мяне быў план дзеянняў, каб да майго тэлефона ўвогуле ніякіх прэтэнзіяў не было, – згадвае фігурантка «карагоднай справы».

Цяпер яна паступова прывыкае да новага месца жыхарства за мяжой і актыўна шукае працу.

– Мне пашанцавала выехаць легальна, адкрыўшы візу і паведаміўшы крымінальна-выканаўчай інспекцыі. Таму мне ўдалося больш-менш падрыхтавацца да пераезду. Акрамя таго, я ехала не ў пустэчу – тут мяне ўжо сустракалі. Таму пакуль асноўныя задачы – знайсці працу і вывучыць мову, – кажа жанчына.

Што такое «карагодная справа»?

Нагадаем, што 13 верасня 2020 года ў Берасці адбывалася чарговая пратэставая акцыя. Людзі маршам прайшлі па праезнай частцы праспекту Машэрава ды спыніліся на яго скрыжаванні з бульварамі Касманаўтаў і Шаўчэнкі. Раптам некалькі соцень асобаў утварылі карагод. Была музыка, свята, нібыта карнавал – так апісваюць гэтую падзею відавочцы. Разганяць карагод прыехаў вадамёт, ужыты ўпершыню падчас пратэстаў у Беларусі. З таго часу берасцейцы называюць гэтае скрыжаванне вадамётным, а распачатая пазней крымінальная справа пачала звацца карагоднаю. Праз некалькі тыдняў завялі крымінальную справу паводле артыкулу 342 КК («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Для яе сілавікі старанна падбіралі людзей: праглядалі камеры відэаназірання і матэрыялы журналістаў, затрымлівалі і апытвалі берасцейцаў. Можна сказаць, што гэта адна з самых масавых крымінальных палітычных справаў у гісторыі Беларусі: у яе рамках асудзілі 132 асобы, яшчэ некалькім дзясяткам чалавек удалося выехаць за мяжу.

Алесь Ляўчук belsat.eu