У Горадні сабраліся ліквідаваць адну з самых старых польскіх арганізацыяў у Беларусі


Справу аб ліквідацыі цэнтру мовы і культуры «Польска Мацеж Школьна» (Polska Macierz Szkolna) Вярхоўны Суд пачне разглядаць 13 верасня.

«Польска Мацеж Школьна». Горадня, Беларусь.
Фота: pmsgrodno.org

На гэтым тыдні «Польска Мацеж Школьна» мела пачаць новы навучальны год, але наўрад ці здолее: 13 верасня пачынаецца разгляд справы аб ліквідацыі ўстановы ў Вярхоўным Судзе, звярнуў увагу праваабарончы канал «Право имеют».

«Польска Мацеж Школьна» адлічвае сваю гісторыю з 1992 года, калі ў гарадзенскай школе № 21 сабраліся аматары паэзіі Адама Міцкевіча. У снежні 1995-га зарэгістравалі асацыяцыю настаўнікаў польскай мовы, працаўнікоў адукацыі і бацькоў. З цягам часу арганізацыя адкрыла філіялы ў Берасці, Віцебску, Менску, Барысаве, Браславе, Вялейцы, Шчучыне. Таксама ад 1995 года пры арганізацыі працавала школа польскай мовы для ўсіх узростаў.

Праваабаронцы называюць установаю адною з найстарэйшых польскіх арганізацыяў у Беларусі і адною з найбуйнейшых грамадскіх польскіх школаў ува ўсім свеце.

Улады Беларусі пачалі пераследаваць арганізацыю ў 2021 годзе: нібыта за незаконную адукацыйную дзейнасць аштрафавалі на 300 тысячаў рублёў, яшчэ 500 тысячаў нясплачаных падаткаў налічыла падатковая інспекцыя. Арганізацыю забавязалі зарэгістраваць новую юрыдычную асобу для адукацыйнай дзейнасці. Але ні новая юрыдычная асоба, ні сплата штрафу не перадухілілі суда аб ліквідацыі.

Пераслед польскіх ініцыятываў у Беларусі

Да 2021 года ў Беларусі дзеяў незарэгістраваны ўладамі Саюз палякаў у Беларусі, арганізацыя спыніла сваю дзейнасць пасля прызнання яе матэрыялаў «экстрэмісцкімі». Старшыню СПБ Анджэліку Борыс цяпер утрымліваюць пад хатнім арыштам. Сябра арганізацыі, журналіст Анджэй Пачобут з сакавіка 2021-га застаецца за кратамі. Абаіх абвінавацілі ў распальванні варожасці (арт. 130 КК РБ) за публікацыі і папулярызацыю ведаў пра польскае антыкамуністычнае падполле на Гарадзеншчыне. Беларускія праваабаронцы прызналі Борыс і Пачобута палітычнымі вязнямі.

Hавiны
На разбураных уладамі магілах польскіх жаўнераў з’явіліся крыжы і знічы
2022.09.01 11:56

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў