Азербайджан пачаў абстрэльваць Арменію, заявіў пра «дыверсію»


Пашыньян тэлефанаваў Пуціну. Мінулы раз Расея і АДКБ не дапамаглі Арменіі. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Армянскі вайсковец у гарах.
Фота: Міністэрства абароны Арменіі

Абноўлена. Азербайджанскае інфармацыйнае агенцтва «Trend» сцвярджае, што бакі дамовіліся на прыпыненне агню з 9:00 мясцовага часу (8:00 у Менску). Афіцыйных пацверджанняў гэтаму не было. Папярэдне ў Арменіі налічылі 49 загінулых, але лік не канчатковы.

Міністэрства абароны Арменіі паведаміла ў ноч на 13 верасня пра пачатак інтэнсіўных абстрэлаў артылерыяй і буйнакалібернай зброяй з боку Узброеных сілаў Азербайджану ў раёнах гарадоў Гарыс і Джэрмук, сяла Сотк. Азербайджан таксама выкарыстоўваў беспілотнікі. Армянскі бок вінаваціць азербайджанскі ў правакацыі, інфармацыйную базу да якой рыхтавалі некалькі дзён, і адмаўляе, што першы пачаў.

Міністэрства абароны Азербайджану ў сваю чаргу пацвердзіла абстрэлы. Але заявіла пра шырокамаштабныя дыверсіі на мяжы з боку праціўніка: армяне нібыта замініравалі раёны і шляхі злучэння між пазіцыямі азербайджанцаў, бой завязаўся пасля спробы перадухіліць гэта. Правакацыі з армянскага боку, як сцвярджае Азербайджан, трывалі апошні месяц, абстрэлы азербайджанскіх пазіцыяў «насілі інтэнсіўны і сістэматычны характар», да межаў сцягваліся наступальныя ўзбраенні і цяжкая артылерыя.

Гарады і сёлы Арменіі, з якіх паведамлялі пра абстрэлы 13 верасня 2022 года. Мапа на аснове выявы: Golden / Wikimedia, CC BY-SA 4.0

З абодвух бакоў паведамляюць, што ёсць ахвяры, але колькасць невядомая. Арменія заяўляе, што Азербайджан наносіў удары па вайсковай і цывільнай інфраструктуры.

Армянскі ўрад паведаміў, што прэм’ер-міністр Нікол Пашыньян уначы размаўляў праз тэлефон з Уладзімірам Пуціным – паведаміў пра азербайджанскую агрэсію, назваў дзеянні Азербайджану непрымальнымі, падкрэсліў важнасць «адэкватнай рэакцыі» міжнароднай супольнасці і дамовіўся пра аператыўны кантакт. Крэмль пра размову не паведамляў. Таксама Пашыньян размаўляў з прэзідэнтам Францыі Эманюэлем Макронам і дзяржаўным сакратаром Злучаных Штатаў Амерыкі Энтані Блінкенам.

Арменія пастанавіла звяртацца ў Раду Бяспекі Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, да Расейскай Федэрацыі (для выканання палажэнняў Дамовы аб сяброўстве) і ў Арганізацыю дамовы аб калектыўнай бяспецы.

У мінулым канфлікце Арменіі ды Азербайджану сілы АДКБ (Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расея, Таджыкістан) не бралі ўдзелу. Увосень 2020 года пачаліся інтэнсіўныя баявыя дзеянні ў Нагорным Карабаху – у непрызнанай рэспубліцы ў межах Азербайджану пад кантролем армянаў, якія складаюць у рэгіёне бальшыню. Пасля 44 дзён баёў Баку і Ерэван падпісалі дамову аб спыненні агню пры пасярэдніцтве Масквы. Азербайджан вярнуў пад свой кантроль частку тэрыторыі, а яшчэ частку ўзялі пад кантроль расейскія «міратворцы». Фактычна гэта было паразай Арменіі.

Аб’ектыў
«Расею памножылі на нуль. Трэба ісці на нестандартныя рашэнні», – армянскі эксперт пра сітуацыю на Каўказе
2022.03.28 23:03

Алесь Наваборскі belsat.eu

 

Стужка навінаў