Беларускі фолк-метал гурт «Znich» атрымаў ад чыноўнікаў адмову ў гастрольным пасведчанні для канцэрту на іх 25-годдзе ў менскім клубе «Re:Public».
Выступаць збіраліся 24 верасня разам з гуртом «Rutvica» і гасцямі – «Rokash».
Начальства ўпраўлення культуры спаслалася на падпункт 1.8 пункту 1 артыкулу 215 Кодэксу аб культуры, а гэта «парушэнне іншых патрабаванняў заканадаўства». Што менавіта парушыў гурт, не паведамілі.
Раней з той жа нагоды, за «парушэнне чагосьці іншага», не раз забаранялі канцэрты, у тым ліку берасцейскім панкам «Дай дарогу!», расейскаму рэперу Бакею, трасянкамоўнаму гурту «Разбітае сэрца пацана» і коміку Славу Камісаранку. Нярэдка музыкам забаранялі выступаць і праз іншы пункт з таго Кодэксу – праз «нізкі мастацкі ўзровень».
«Znich» – адзін з самых вядомых метал-гуртоў Беларусі. Заснаваны ў Менску ў 1996 годзе, гурт запісаў шэсць студыйных альбомаў і выступаў на шматлікіх фэстах у Беларусі і іншых краінах Еўропы.
Лідар гурту Алесь Таболіч ладзіў фэсты «Купальскае кола» і «Minsk Tattoo Fest», а ў 2020 годзе збіраў подпісы за вылучэнне сябе кандыдатам на прэзідэнта. Подпісы ён не здаў, але падкрэсліваў, што нумар ініцыятыўнай групы ў яго 13-ы, што зваць яго Аляксандр Рыгоравіч і што ён адзіны «кандыдат ад беларускай культуры».
АА belsat.eu