Беларускія школы за мяжой абвясцілі набор вучняў


Першая Беларуская онлайн-школа ва Украіне абвясціла новы набор на 2022-2023 навучальны год. Таксама і Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча запрашае дзетак-беларусаў і іх бацькоў на заняткі ў беларускай суботняй школы.

Здымак мае ілюстратыўны характар.
Фота: Белсат

Беларуская онлайн-школа ва Украіне дзейнічае ўжо два гады і прапануе адукацыю па двух кірунках: украінскі вектар прадметаў і беларускія прадметы школьнай праграмы (беларускую мову і літаратуру, гісторыю Беларусі, культуру і мастацтва Беларусі, урокі Дабрыні з Маляванычам (з акторам Аляксандрам Ждановічам), расейскую мову і літаратуру).

«У нашай школе дзеці атрымліваюць атэстацыю дзяржаўнага ўзору Украіны, захоўваюць і асэнсоўваюць сваю беларускасць», – заявілі ў школе.

Таксама з верасня пачнуцца па суботах дадатковыя ўрокі школьнай праграмы (беларуская мова і літаратура, гісторыя Беларусі, культура і мастацтва Беларусі, урокі Дабрыні, расейская мова і літаратура) для тых хто вучыцца ў іншых школах, але не хоча губляць сваю мову і сваю гісторыю. Папярэдні запіс на дадатковыя заняткі па суботах пачнецца з 20 жніўня.

Суботнія заняткі ў Літве

У сваю чаргу ў Літве Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча ў верасні ў Цэнтры беларускай супольнасці і культуры (Віленская 20) адновіць суботнія заняткі для дзяцей у веку ад 3 да 16 гадоў. Заняткі бясплатныя, але ахвяраванні вітаюцца.

Акрамя гэтага, у межах школы плануецца правядзенне майстар-класаў, творчых сустрэч, лекцый з запрошанымі гасцямі, супольных экскурсіяў і вандровак.

Hавiны
Літва пратэстуе супраць закрыцця літоўскай школы ў Беларусі
2022.08.13 11:12

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў