Труну да царквы неслі на руках. У вёсцы Бобр пахавалі Алеся Пушкіна


13 ліпеня ў вёсцы Бобр Крупскага раёну Менскай вобласці пахавалі палітзняволенага мастака Алеся Пушкіна, які памёр у гарадзенскай лякарні ноччу з 10 на 11 ліпеня. На развітанне сабраліся каля 100 чалавек, піша «Наша Ніва».

13 ліпеня ў вёсцы Бобр Крупскага раёну пахавалі мастака Алеся Пушкіна.
Фота: Vecny Zasciankovec/Facebook

На пахаванне прыйшлі жыхары вёскі Бобр, якія ведалі Алеся з дзяцінства, а таксама было шмат людзей, якія адмыслова прыехалі з розных куткоў Беларусі. Прыйшлі развітацца і чацвёра дзяцей мастака – тры дачкі і сын.

У апошні шлях Алеся Пушкіна апранулі ў вышыванку, побач паклалі ягоны знакаміты карычневы капялюш. Труну з памерлым палітвязнем на руках неслі да царквы.

13 ліпеня ў вёсцы Бобр Крупскага раёну пахавалі мастака Алеся Пушкіна.
Фота: Vecny Zasciankovec/Facebook

Адпяванне праходзіла ў вясковым праваслаўным храме, які быў адноўлены на месцы старой царквы, што згарэла падчас пажару ў 2011 годзе. У той царкве ў 1996 годзе Алесь Пушкін зрабіў манументальныя роспісы сцен. У выявах эпізоду Суднага дня па правую руку Хрыста былі намаляваныя праведнікі, па левую – грэшнікі. У выявах грэшнікаў многія бачылі падабенства з Аляксандрам Лукашэнкам і Мітрапалітам Філарэтам.

Hавiны
Алеся Пушкіна за некалькі тыдняў да смерці выключылі з Саюзу мастакоў
2023.07.13 20:28

За пахаваннем назірала міліцыя, адзначаюць прысутныя. Але людзей міліцыянты не чапалі, толькі здымалі час ад часу на відэакамеру з машыны.

13 ліпеня ў вёсцы Бобр Крупскага раёну пахавалі мастака Алеся Пушкіна.
Фота: Vecny Zasciankovec/Facebook
13 ліпеня ў вёсцы Бобр Крупскага раёну пахавалі мастака Алеся Пушкіна.
Фота: Vecny Zasciankovec/Facebook

Алесь Пушкін – беларускі мастак, жывапісец-нонканфарміст, перформер, арт-куратар. Яго затрымалі ў сакавіку 2021 года і пакаралі 5 гадамі калоніі нібыта за глумленне з дзяржсімвалаў (арт. 370 КК РБ) і распальванне варожасці (ч. 3 арт. 130 КК).

Мастак памёр 11 ліпеня на 58-м годзе жыцця. Яго ў непрытомным стане даставілі ў гарадзенскую больніцу з прабадной язвай. Адміністрацыя турмы не аказала палітвязню своечасовай дапамогі.

Hавiны
Аб’яднаны пераходны кабінет пасмяротна ўганараваў Алеся Пушкіна
2023.07.13 11:12

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў