Палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк адмовілася праходзіць псіхіятрычную экспертызу


Псіхіятрычная экспертыза над Палінай Шарэндай-Панасюк не адбылася – палітзняволеная адмовілася яе праходзіць, паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна» са спасылкай на родных жанчыны.

Паліна Шарэнда-Панасюк.
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Паліна не размаўляла з лекарамі, адмовілася прымаць любыя лекі і здаваць аналізы.

У выніку Паліну тэрмінова, спецэтапам, адправілі ў СІЗА №1 на Валадарцы, а адтуль ноччу – назад у калонію №24 у Зарэччы.

Муж Паліны Шарэнды-Панасюк: стан здароўя маёй жонкі не вельмі добры, яна моцна схуднела

Андрэй Шарэнда, муж палітзняволенай, адзначае ў размове з belsat.eu, што на ягоную жонку заведзеная новая крымінальная справа. Пры гэтым Паліна не прызнае ўладаў, што трымаюць яе ў палоне, і адмаўляецца супрацоўнічаць з любымі афіцыйнымі ўстановамі.

– Так званыя ўлады працягваюць знішчаць Паліну, нам прыйшла інфармацыя з СІЗА № 1, дзе апошні раз бачылі маю жонку. Цяпер яна важыць 47,5 кілаграма – звычайна ж пры росце 170 Паліна важыла 63–65 кілаграмаў, фактычна мая жонка схуднела на 18 кілаграмаў ад нармальнага стану. [Кажуць,] яна была апранутая ў сваё старое адзенне, яно на ёй вісела і выглядала, нібыта не ейнае. І яна вельмі бледная, у яе белая скура, бо яна ўжо гадамі не бачыць сонца. Доўгае перабыванне ў ШІЗА, адсутнасць нармальнага харчавання вельмі моцна ўдарылі па здароўі Паліны, – кажа Андрэй Шарэнда.

Паліна, нягледзячы на праблемы са здароўем, адмаўляецца ад любой супрацы з рэжымам.

– Інфармацыя прыйшла ад зняволеных, якія цяпер на Валадарцы. Прыкладна 10 дзён таму Паліну даставілі на судова-псіхіятрычную экспертызу ў РНПЦ псіхічнага здароўя ў Навінках, яна адмовілася здаваць любыя аналізы і размаўляць з дактарамі, якія спрабавалі правесці гэтую экспертызу. Па прыедзе ў Навінкі на маю жонку аказвалі ціск, ёй паабяцалі правесці экспертызу гвалтам, але Паліна супраціўлялася, не ведаю, у чым гэты супраціў выяўляўся. Але вядома, што экспертыза скончылася, так і не пачатая, а Паліну этапавалі назад на Валадарку. Можна зрабіць выснову, што нягледзячы на загад, дактары не сталі ў гэтым удзельнічаць і рабіць экспертызу гвалтам. Ці зрабілі ён хоць нешта, нам невядома, – распавёў муж палітзняволенай.

Калі на экспертызу Паліну дастаўлялі тры тыдні, то цяпер улады вельмі спяшаюцца, каб завяршыць крымінальную справу супраць жанчыны і судзіць яе зноў.

– Спецслужбы спяшаюцца, каб хутчэй даставіць маю жонку ў калонію і скончыць следчыя дзеянні ў новай крымінальнай справе. Яна мелася выйсці 6 жніўня, невялікі спадзеў на гэта ёсць, але мы цвяроза глядзім на факты, крымінальная справа супраць яе паводле 411-га артыкулу заведзеная, і зразумела, як толькі Паліна апынецца ў калоніі, яе справа будзе скончаная і перададзеная ў суд. Хаця мы не выключаем, што адміністрацыя калоніі можа згуляць той жа сцэнар, як і са Змітром Дашкевічам: чалавек выйшаў з калоніі – і тут жа быў затрыманы паводле новай крымінальнай справы. Мы думаем, што яе даставяць у гомельскае СІЗА, дзе цягам месяца дадуць новы тэрмін паводле 411-га артыкулу, – адзначае Андрэй Шарэнда.

Паліну Шарэнду-Панасюк затрымалі 3 студзеня 2021 года. Сілавікі са зброяй і ў бронекамізэльках выламалі дзверы ў ейную кватэру, учынілі ператрус, канфіскавалі маёмасць, а яе самую ў кайданках адвезлі ў ІЧУ.

9 чэрвеня 2021 года суддзя Яўген Брэган прысудзіў Шарэндзе-Панасюк два гады калоніі агульнага рэжыму. Абвінавачанне падтрымліваў пракурор Павел Крупеніч.

У лютым 2022 года з ініцыятывы начальніка гомельскай ПК № 4 падпалкоўніка Дзяніса Таўсцянкова суддзя Мікалай Крупадзёраў дадаў Паліне яшчэ год зняволення паводле ч. 2 арт. 411 КК («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»).

Разбор
Як «шылі справу» супраць палітзняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк
2023.06.01 14:50

6 жніўня ў Паліны сканчаецца тэрмін зняволення. У траўні 2023 года стала вядома, што Паліна Шарэнда-Панасюк на знак пратэсту супраць пераследу адмовілася ад беларускага грамадзянства. Напярэдадні жанчыне прысудзілі яшчэ адзін год зняволення паводле арт. 411 КК РБ – «Зацятае непадпарадкаванне адміністрацыі». Цяпер Паліне пагражае да двух гадоў зняволення.

Hавiны
Палітзняволеную Паліну Шарэнду-Панасюк тры тыдні этапавалі ў псіхіятрычную лякарню
2023.06.29 08:55

Марыя Міхалевіч, АС belsat.eu

Стужка навінаў