Украіна нанесла ўдар па расейскіх складах у Луганску. Непрызнаная ЛНР: пацэлілі ў супрацьпаветраную абарону


Нават «народная міліцыя» самаабвешчанай Луганскай народнай рэспублікі прызнала, што гэта былі не проста «хлапкі». Але і Расея працягвае абстрэльваць украінскія гарады.

Украінскія войскі запускаюць ракеты.
Фота: Сергій Гайдай / Telegram

У ноч на 13 ліпеня ўкраінскія войскі нанеслі ракетныя ўдары па расейскіх пазіцыях у акупаваным Луганску. Паводле звестак старшыні Луганскай абласной адміністрацыі Сяргея Гайдая, у Луганску «паменела складоў з боепрыпасамі», «у прамзоне таксама было неспакойна».

Расейскі «Интерфакс» перадае словы прадстаўніка «народнай міліцыі ЛНР»: удар нанеслі па вайсковай частцы супрацьпаветранай абароны.

Пра знішчэнне яшчэ двух расейскіх складоў у ноч на 13 ліпеня паведамляла ўкраінскае аператыўнае камандаванне «Поўдзень». За мінулыя два тыдні ўкраінцы знішчылі 14 базаў і складоў узбраенняў у тыле расейскай арміі. Мяркуючы з усяго, такія ўдары наносяцца ў першую чаргу пры дапамозе найноўшай заходняй зброі, у тым ліку амерыканскіх ракетных сістэмаў HIMARS.

Але і Расея працягвае наносіць удары па Украіне. Але паводле таго ж Гайдая, расейцы ашчаджаюць запасы снарадаў, бо іх пастаўкі перарваныя новай дальнабойнай украінскай зброяй.

Згодна зводцы Генеральнага штабу Збройных сілаў Украіны, расейцы абстралялі ўкраінскія пазіцыі з мінамётаў у Сумскай вобласці, са ствалавой і рэактыўнай артылерыі – Харкаў і шэраг гарадоў Харкаўшчыны, не прыпыняюцца абстрэлы на аўдзееўскім, бахмуцкім, запарожскім, курахаўскім, навапаўлаўскім, паўднёвабужскім і славянскім напрамках. Украінскія войскі адбілі штурм у напрамку паселішчаў Даўгенькае і Даліна пад Ізюмам.

Генштаб ЗСУ таксама адзначае, што з напрамку Беларусі захоўваецца пагроза ракетных і авіяцыйных удараў. Адзначаюць ратацыю асабовага складу і тэхнікі беларускіх памежнікаў з мэтаю ўзмацнення аховы мяжы на валынскім і палескім напрамках, а таксама правяранне штабу войскаў тэрытарыяльнай абароны Жлобінскага раёну.

Аб’ектыў
Лукашэнка пагражае вайной – украінцы гатовыя адбіцца
2022.07.12 23:15

Амерыканскі Інстытут даследавання вайны (ISW) назваў абмежаванымі і беспаспяховымі наступы Расеі на поўнач ад Славянску і на ўсход ад Сівэрску, няўдалым – штурм на поўначы ад Харкава. Новых тэрыторыяў за 12 ліпеня расейцы не заваявалі: ISW піша пра «аператыўную паўзу» і магчымае рыхтаванне наступных атак. Таксама ISW заўважыў імаверную расейскую «аперацыю пад фальшывым сцягам» супраць Запарожскай АЭС на акупаванай расейцамі тэрыторыі.

Брытанская выведка прагназуе, што Расея гэтым тыднем сфакусуецца на ўзяцці невялікіх мястэчак на Данбасе – як то згаданых Сівэрску і Даліны, а галоўнымі цэлямі гэтай фазы баёў будуць Славянск і Краматорск Данецкай вобласці. Расея спрабуе ўсталяваць акупацыйны рэжым на занятых тэрыторыях, але ўкраінцы супраціўляюцца: брытанская выведка адзначае, што варта чакаць павелічэння колькасці замахаў на кіраўнікоў акупацыйных адміністрацыяў.

Паводле звестак расейскага выдання «Медуза», у Маскве сфармавалі падраздзяленне наймітаў для вайны ва Украіне, які вербавальнікі называюць «сабянінскім палком» (Сабянін – прозвішча мэра Масквы). Сцвярджаецца, што наймітаў часткова фінансуе маскоўская мэрыя, ім абяцаюць па 200 тысяч расейскіх рублёў на месяц (каля 3388 долараў).

Па ўкраінскіх сацсетках ходзяць чуткі аб страляніне ў акупаваных Расеяй Бярдзянску, Мэлітопалі і Херсоне ў ноч на 13 ліпеня, але пацверджання няма.

Hавiны
NATO і ЕЗ хочуць узмацніць жорсткасць кантролю за перадачай Украіне зброі
2022.07.12 21:59

Алесь Наваборскі belsat.eu

 

Стужка навінаў