Лукашэнка абвінаваціў СМІ і няўрадавыя арганізацыі ва «ўкараненні тэрарызму». Што яшчэ ён казаў Пуціну


Аляксандр Лукашэнка 13 ліпеня раптоўна паляцеў у Санкт-Пецярбург з сынам Мікалаем да Уладзіміра Пуціна. Сустрэчы не быо ў планах Пуціна, які чакаў Лукашэнку ў Крыме.

Аляксандр Лукашэнка раптоўна паляцеў з сынам Мікалаем да Уладзіміра Пуціна. Санкт-Пецярбург, Расея. 13 ліпеня 2021 года.
Фота: president.gov.by

Сустрэча, як адзначае ананімны Telegram-канал «Ник и Майк», праходзіць у Траянскім зале Канстанцінавага палацу, фатэлі паставілі пад карцінай «Прыям просіць у Ахілеса цела Гектара».

«Белсат» пераказвае, што дзяржаўныя СМІ Беларусі і Расеі перадалі з заяваў Аляксандра Лукашэнкі на той сустрэчы.

  • Праціўнікі рэжыму «перайшлі да індывідуальнага тэрору» супраць тых, хто «выступаў за дзяржаву», і «кожны дзень ёсць развіццё» – атакуюць «аднаго з лідараў сярод дэпутатаў, партыі, калі дзеці там» (падобна, маецца на ўвазе заява Алега Гайдукевіча пра тое, ў яго дом нібыта кінулі кактэйль Молатава – доказаў гэтага не паказвалі, а крымінальную справу распачалі толькі праз два дні, але адразу за «акт тэрарызму»).
  • «Думаю, гэта справа часу. Мы ўсіх іх вылічым. І знойдзем, прыцягнем да адказнасці, прытым у сур’ёзнай форме».
  • Заходнія медыі, а таксама няўрадавыя арганізацыі «дэмакратыю нам дарылі, а фактычна насаджалі, і не дэмакратыю, а вось гэты вось тэрор».
  • «Усё роўна, Уладзімір Уладзіміравіч, гэта для нас не катастрофа. Тэрор гэты і іншае. Мы справімся».
  • Беларусь вытрымае санкцыі, «няма чаго нам з гэтай нагоды парыцца». Аб’ёмы гандлю з Еўразвязам у шэрагу кірункаў і так былі «невялікія».
  • «Удаецца ў гэты час неяк караскацца ў эканоміцы», але «рэч нават не ў санкцыях, а ў тым, што сусветная эканоміка сур’ёзна прасела, і ўсе краіны падпадаюць пад гэты ўплыў».

Ці адказаў неяк Уладзімір Пуцін на заявы аб «тэрарызме», не паведамляецца. Ён толькі назваў Беларусь «вялікім і надзейным партнёрам», хваліў рост тавараабарачэння.

Артыкул аб «адзінстве вялікаросаў, маларосаў і беларусаў», які ўчора выдалі ад імя Пуціна, Лукашэнка публічна не згадваў.

Сустрэча цягнулася паўтары-дзве гадзіны, пазней Пуцін і Лукашэнка пайшлі на абед. Ці будзе працяг, невядома, але ясна, што заяваў для медыяў пра вынікі перамоваў не будзе.

Абноўлена
«Зачыстка» працягваецца: ператрусы прайшлі ў Берасці, Віцебску, Гомлі і Магілёве
2021.07.13 11:02

АА belsat.eu

Стужка навінаў