«Гэта абсурд». КДБ затрымаў менскага праграміста ў межах «тэрарыстычнай справы»


Менскі праграміст Антон Пажытных быў затрыманы працаўнікамі КДБ 7 ліпеня і на 72 гадзіны змешчаны ў ІЧУ на Акрэсціна. Але пасля трох содняў ён не выйшаў на свабоду, і ягонага цяперашняга статусу сваякі не ведаюць.

Пра абставіны затрымання Антона Пажытных распавяла belsat.eu ягоная жонка Дар’я:

«У мінулую сераду мы былі ў краме, а на выхадзе з яе нас каля машыны чакалі працаўнікі КДБ. Сказалі мужу, што маюць пастанову на ператрус нашай кватэры. У пастанове гаворка ішла пра тое, што ёсць падазрэнне, што ў нашай кватэры можа быць нешта, звязанае з крымінальнай справай аб «актах тэрарызму» (арт. 16 і 289 КК).

Яны правялі ператрус, а ўвечары мужа забралі, нібыта на размову ў КДБ. То бок гэта не допыт быў, адваката не выклікалі. Калі Антон з’язджаў, ён яшчэ не меў ніякага працэсуальнага статусу. Ужо пасля 23-й гадзіны муж патэлефанаваў і сказаў, што яго ўсё ж затрымліваюць на трое содняў, бо падазраюць у «акце тэрарызму».

Антон і Дар’я Пажытных. Фота з сямейнага архіву

Дар’я мяркуе, што ў чацвер і пятніцу ніякіх следчых дзеянняў не было, бо адваката, з якім мае дамову Антон, не выклікалі. «Усю суботу мы чакалі, што Антон выйдзе на свабоду. У ІЧУ казалі, што ён у іх, але калі яго вызваляць, яны не ведаюць. Ён так і не выйшаў. Мы з’ехалі з Акрэсціна толькі на пачатку першай гадзіны ночы ў нядзелю», – распавядае Дар’я.

Больш ніякай інфармацыі пра мужа Дар’я не мае. Невядомы ні ягоны статус на цяперашні час, ні дакладнае месцазнаходжанне. Хоць, імаверна, Антон застаецца ў ІЧУ, мяркуе жанчына.

«Адвакат накіраваў апавяшчэнне ў КДБ, у Следчы камітэт, у суды, на выпадак, калі яго будуць судзіць у межах адміністратыўнай справы. Але пакуль нічога высветліць не ўдалося», – тлумачыць Дар’я.

Антону Пажытных 34 гады. Ён працуе праграмістам на рэкламнай пляцоўцы. У Антона і Дар’і чацвёра дзяцей (малодшаму 5 гадоў, старэйшай – 13), жывуць яны ва Уруччы. Раней Антона ніколі не затрымлівалі і не прыцягвалі да адміністратыўнай адказнасці. Дар’ю сёлета судзілі паводле арт. 24.23 КаАП і аштрафавалі на 100 базавых велічыняў.

Дар’я распавядае, што падчас ператрусу КДБшнікі шукалі падпіскі на тэлеграм-каналы.

«Першае, што яны глядзелі, – гэта боты. Ці скідвалі мы камусьці штосьці. Але нічога не было. Яны шукалі канал «Атрады грамадзянскай самаабароны» – гэтага таксама не было. На маім тэлефоне доўга шукалі, як яны сказалі, «радыкальныя чаты»: «Уручча 97», «Кіроўцы 97» ды інш. Але нічога ў тэлеграме яны не знайшлі наагул. Забралі камп’ютары, флэшкі, але мой тэлефон і тэлефоны дзяцей пакінулі», – адзначае яна.

Падазрэнні ў «тэрарызме» Дарʼя лічыць абсурднымі і беспадстаўнымі. «Мы нічога супрацьпраўнага ніколі не рабілі, і дома нічога ў нас не было. Вядома, гэта абсурд», – падкрэслівае яна.

  • 2 ліпеня Аляксандр Лукашэнка абвесціў, што спецслужбамі нібыта былі выкрытыя «спячыя тэрарыстычныя ячэйкі», мэтай якіх была «гвалтоўная змена ўлады ў дзень Ікс». У прыватнасці, ён згадаў Telegram-канала «Атрады грамадзянскай самаабароны Беларусі». Лукашэнка абвінаваціў Літву, Польшчу, ЗША, Украіну і Нямеччыну ў каардынацыі гэтых «ячэек».
  • 8 ліпеня КДБ заявілі, што ў Беларусі ладзіцца «шырокамаштабная аперацыя для зачысткі ад радыкальна настроеных асобаў». Чэкісты заявілі, што, у прыватнасці, гаворка ідзе пра ўдзельнікаў суполак «Атрады грамадзянскай самаабароны Беларусі» і «Буслы ляцяць». 12 ліпеня дзяржаўны тэлеканал АНТ паведаміў, што «ўсе фігуранты тэрарыстычных ячэек затрыманыя».
  • Улады не прывялі ніякіх рэальных доказаў існавання «тэрарыстычных ячэек» і тым больш датычнасці да іх дзейнасці заходніх спецслужбаў. Стварэнне «тэрарыстычнай справы» выглядае як чарговы віток самых масавых у найноўшай гісторыі Беларусі палітычных рэпрэсіяў. Следчы камітэт заяўляе, што са жніўня завялі больш як 2400 крымінальных справаў, звязаных з пратэстамі, а Генеральная пракуратура сцвярджае, што за гэты перыяд было зарэгістравана больш за 3000 такіх «злачынстваў». На 13 ліпеня 548 асобы прызнаныя палітычнымі вязнямі. Дакладная колькасць палітычна матываваных крымінальных справаў застаецца невядомай.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў