Менскі праграміст Антон Пажытных быў затрыманы працаўнікамі КДБ 7 ліпеня і на 72 гадзіны змешчаны ў ІЧУ на Акрэсціна. Але пасля трох содняў ён не выйшаў на свабоду, і ягонага цяперашняга статусу сваякі не ведаюць.
Пра абставіны затрымання Антона Пажытных распавяла belsat.eu ягоная жонка Дар’я:
«У мінулую сераду мы былі ў краме, а на выхадзе з яе нас каля машыны чакалі працаўнікі КДБ. Сказалі мужу, што маюць пастанову на ператрус нашай кватэры. У пастанове гаворка ішла пра тое, што ёсць падазрэнне, што ў нашай кватэры можа быць нешта, звязанае з крымінальнай справай аб «актах тэрарызму» (арт. 16 і 289 КК).
Яны правялі ператрус, а ўвечары мужа забралі, нібыта на размову ў КДБ. То бок гэта не допыт быў, адваката не выклікалі. Калі Антон з’язджаў, ён яшчэ не меў ніякага працэсуальнага статусу. Ужо пасля 23-й гадзіны муж патэлефанаваў і сказаў, што яго ўсё ж затрымліваюць на трое содняў, бо падазраюць у «акце тэрарызму».
Дар’я мяркуе, што ў чацвер і пятніцу ніякіх следчых дзеянняў не было, бо адваката, з якім мае дамову Антон, не выклікалі. «Усю суботу мы чакалі, што Антон выйдзе на свабоду. У ІЧУ казалі, што ён у іх, але калі яго вызваляць, яны не ведаюць. Ён так і не выйшаў. Мы з’ехалі з Акрэсціна толькі на пачатку першай гадзіны ночы ў нядзелю», – распавядае Дар’я.
Больш ніякай інфармацыі пра мужа Дар’я не мае. Невядомы ні ягоны статус на цяперашні час, ні дакладнае месцазнаходжанне. Хоць, імаверна, Антон застаецца ў ІЧУ, мяркуе жанчына.
«Адвакат накіраваў апавяшчэнне ў КДБ, у Следчы камітэт, у суды, на выпадак, калі яго будуць судзіць у межах адміністратыўнай справы. Але пакуль нічога высветліць не ўдалося», – тлумачыць Дар’я.
Антону Пажытных 34 гады. Ён працуе праграмістам на рэкламнай пляцоўцы. У Антона і Дар’і чацвёра дзяцей (малодшаму 5 гадоў, старэйшай – 13), жывуць яны ва Уруччы. Раней Антона ніколі не затрымлівалі і не прыцягвалі да адміністратыўнай адказнасці. Дар’ю сёлета судзілі паводле арт. 24.23 КаАП і аштрафавалі на 100 базавых велічыняў.
Дар’я распавядае, што падчас ператрусу КДБшнікі шукалі падпіскі на тэлеграм-каналы.
«Першае, што яны глядзелі, – гэта боты. Ці скідвалі мы камусьці штосьці. Але нічога не было. Яны шукалі канал «Атрады грамадзянскай самаабароны» – гэтага таксама не было. На маім тэлефоне доўга шукалі, як яны сказалі, «радыкальныя чаты»: «Уручча 97», «Кіроўцы 97» ды інш. Але нічога ў тэлеграме яны не знайшлі наагул. Забралі камп’ютары, флэшкі, але мой тэлефон і тэлефоны дзяцей пакінулі», – адзначае яна.
Падазрэнні ў «тэрарызме» Дарʼя лічыць абсурднымі і беспадстаўнымі. «Мы нічога супрацьпраўнага ніколі не рабілі, і дома нічога ў нас не было. Вядома, гэта абсурд», – падкрэслівае яна.
ІІ belsat.eu