Журналісты-расследавальнікі высветлілі, чаму Ганна Лукашэнка хавае свайго сапраўднага бацьку


Альянс расследавальнікаў Беларусі пры падтрымцы «Кіберпартызанаў» працягвае раскрываць таямніцы сям’і Лукашэнка.

Не так даўно Беларускі расследавацельскі цэнтр высветліў, што аўтарам мноства песень, якія становяцца лаўрэатамі розных прэмій Беларусі, з’яўляецца нявестка Аляксандра ЛукашэнкіГанна Сяргееўна Лукашэнка. Яна выкарыстоўвае сцэнічны псеўданім Ганна Селук. Здавалася б, гісторыя на гэтым сканчаецца. І яна проста аб сямейным дрэнным гусце, які насаджаецца адміністрацыйным рэсурсам у маштабах усёй краіны. Але аказалася, што гэта ўсяго толькі частка вялізнага «шкілета», які хавае ў сямейнай шафе клан Лукашэнкі.

Ганна Лукашэнка. Фота перададзена рэдакцыі

Складаючы генеалагічнае дрэва клану, АРБ звярнуў увагу на некаторыя неадпаведнасці ў адкрытых і закрытых крыніцах пра Ганну Лукашэнку.

Паводле звестак Вікіпедыі, Лукашэнка Ганна Сяргееўна ў дзявоцтве мела прозвішча Баравікова, але гэта памылковая альбо наўмысна скажоная інфармацыя.

Крыніца: «Вікіпедыя»

У дакументах дзяржаўнай аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы «Паспорт-МВД» у якасці бацькі Лукашэнкі Ганны Сяргееўны паказаны Віктар Іванавіч Гаравікоў 1959 года нараджэння. Тут узнікае пытанне: чаму ў яе афіцыйных дакументах бацькам паказаны Віктар Іванавіч Гаравікоў, а імя па бацьку ў яе – Сяргееўна?

Дакумент перададзены рэдакцыі

АРБ пры дапамозе «Кіберпартызанаў» удалося высветліць, што Віктар Іванавіч Гаравікоў у якасці бацькі Ганны ў яе дакументах і біяграфіі стаў згадвацца толькі пасля 2002 года, гэта значыць пасля заключэння афіцыйнага шлюбу з Дзмітрыем Лукашэнкам, калі яна змяніла сваё дзявочае прозвішча і адпаведна пашпарт.

У больш ранніх метрыках Ганны ў якасці бацькі паказаны зусім іншы чалавек, так АРБ знайшоў сапраўднага біялагічнага бацьку Ганны Сяргееўны Лукашэнка – Сяргея Уладзіміравіча Палешкіна 1956 года нараджэння. Менавіта яго пасля замужжа Ганна Сяргееўна Лукашэнка ўсяляк хавае ад старонніх вачэй, гэтак жа як інфармацыю пра свайго бацьку хавае яе свёкр – Аляксандр Лукашэнка. Аналагічным чынам хаваецца інфармацыя пра маці Мікалая Лукашэнкі.

Дакумент перададзены рэдакцыі

Раскрыць сямейную таямніцу Ганны Лукашэнка аказалася даволі складана. Для гэтага давялося зазірнуць у дакументы яе маці – Наталлі Віктараўны Гаравіковай, у дзявоцтве Цяханскай. Віктару Цяханскаму – гэта значыць дзеду па матчынай лініі – Ганна Лукашэнка пад сцэнічным псеўданімам Ганна Селук прысвячае свае песенькі. Тут усё зразумела.

Мама Ганны Лукашэнкі – Наталля Віктараўна Гаравікова двойчы выходзіла замуж, хоць Ганну яна нарадзіла па-за шлюбам, яшчэ да першага замужжа – 2 ліпеня 1980 года. Толькі ў 1983 годзе яна выйшла замуж за Сяргея Палушкіна. Праз некаторы час шлюб распаўся і пара развялася. У 1986 годзе Наталля Віктараўна выйшла замуж за Віктара Гаравікова, узяла яго прозвішча і, адпаведна, змяніла прозвішча Ганны. Вось такім чынам Ганна Палешкіна набыла прозвішча Гаравікова, але імя па бацьку ў яе засталося па бацьку – Сяргееўна.

Дакумент перададзены рэдакцыі

У архіўных запісах МУС БССР Сяргей Уладзіміравіч Палешкін 1956 года нараджэння першы раз згадваецца ў сакавіку 1988 года, як асуджаны Народным судом Віцебскага раёна Віцебскай вобласці паводле арт. 182 КК БССР 1960 года «Уцёкі з месца ссылкі»: караецца пазбаўленнем волі на тэрмін да 1 года. Сама назва артыкула азначае, што гэта быў не першы тэрмін Палешкіна, а – пакаранне за здзейсненыя ўцёкі з ссылкі, куды яго адправілі за папярэдняе злачынства.

На жаль, пакуль не ўдалося знайсці больш ранніх звестак, таму невядома, за што Палешкін быў асуджаны да ссылкі, але вядома, што за ўцёкі ён «сядзеў» у Папраўча-працоўнай калоніі №15 Магілёва. Адкуль вызваліўся 23 сакавіка 1989 года. Аднак на волі надоўга не затрымаўся: 27 ліпеня 1989 года суд Круглянскага раёна Магілёўскай вобласці асудзіў яго да 3 гадоў пазбаўлення волі за злачынства паводле арт. 141 КК БССР 1960 года: «Крадзеж з пранікненнем у жытло». Тэрмін ён адбываў у Папраўча-працоўнай калоніі №14 Навасады, таксама праходзіў прымусовае лячэнне ад алкагалізму. Пасля адбыцця часткі пакарання ў адпаведнасці з арт. 51 КК БССР пакаранне было замененае на больш мяккае, і тыя 7 месяцаў і 11 дзён калоніі, што заставаліся,  яму замянілі на гэтак званую «хімію» ў горадзе Маладзечна.

Дакумент перададзены рэдакцыі

Пасля вызвалення пра яго некаторы час не было нічога чуваць. У гэты час яго дачка Ганна падрасла, пачала сустракацца з Дзімам, з вельмі сціплым па тых часах прозвішчам Лукашэнка, тата якога летам 1994 года перамагае на першых выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Магчыма гэтыя падзеі ўскружылі галаву Сяргею Палешкіну, і ён здзейсніў чарговае злачынства: 21 лістапада 1994 года суд Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці вынес яму чарговы прысуд паводле ч. 2 арт. 87 КК БССР 1960 года «Крадзеж, здзейснены па папярэдняй змове групай асоб». Санкцыя артыкула прадугледжвае пазбаўленне волі да 6 гадоў, але суд аказаўся вельмі гуманным – Палешкін атрымаў усяго 2 гады.

Адбываць пакаранне яго зноў адпраўляюць у Папраўча-працоўную калонію №14 Навасады, а 7 лютага 1996 года суд Барысаўскага раёна Менскай вобласці вызваляе Палешкіна ўмоўна-датэрмінова. З улікам УДВ тэрмін пакарання павінен быў цалкам скончыцца 2 жніўня 1996 года, але да гэтага моманту ён здзейсніў чарговае злачынства і ўжо 16 жніўня 1996 года суд Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці выносіць новы прысуд паводле ч. 3 арт. 88 Крымінальнага кодэксу БССР 1960 года «Рабунак з пранікненнем у памяшканне ці іншае сховішча», санкцыя – ад 6 да 12 гадоў.

Дакумент перададзены рэдакцыі

Але тут здараецца невытлумачальнае. Суд прысудзіў яму ўсяго 4 гады і 4 месяцы зняволення: ніжэй за ніжнюю мяжу, без усялякіх на тое падстаў і гэта пры непагашаных і не знятых папярэдніх судзімасцях. Нічым іншым, як адносінамі Ганны і Дзмітрыя Лукашэнкі гэта не растлумачыць. Дадатковым пакараннем для Сяргея Палушкіна суд вызначыў абавязковы курс лячэння ад алкагалізму.

На гэты раз на волю ён выйшаў 6 кастрычніка 2000 года, але праз няпоўныя паўгода, 11 красавіка 2001-га, атрымаў чарговы прысуд паводле ч. 2 арт. 205 КК РБ «Крадзеж, учынены паўторна, альбо групай асобаў». На гэты раз Сяргей Палешкін разам з саўдзельнікам па прозвішчы Рабека скраў 18 курэй. Максімальная санкцыя – пазбаўленне волі на тэрмін да 4 гадоў. З улікам рэцыдыву ён атрымаў па верхняй планцы: 4 гады. Адбываць тэрмін яго адправілі ў Аршанскую папраўчую калонію №12.

Дакумент перададзены рэдакцыі

15 ліпеня 2002 года Палешкіну «скасцілі тэрмін» па амністыі, абвешчанай будучым цесцем, бо праз 5 дзён (20 ліпеня 2002 года) яго родная дачка Ганна выйшла замуж за Дзмітрыя Лукашэнку і ўзяла прозвішча мужа. Неўзабаве ў маладых нарадзілася дачка.

29 студзеня 2003 года суд Оршы вызваліў Сяргея Палушкіна ўмоўна-датэрмінова, а гэта мінус 11 месяцаў і 16 дзён да прысуду. Ён зноў адседзеў крыху больш за палову належнага.

Дакумент перададзены рэдакцыі

Практычна адразу Палешкін парушае ўмовы ўмоўна-датэрміновага вызвалення і 11 красавіка 2003 года суд замяняе УДВ на рэальны тэрмін, але перад гэтым яго прадбачліва адправілі на прымусовае лячэнне ад алкагалізму. Па іроніі лёсу, нараджэнне сваёй першай унучкі Анастасіі Лукашэнка Сяргей Палешкін адсвяткаваў у ЛПП, а 14 кастрычніка 2003 года яго этапавалі ў Папраўчую калонію №9 горада Горкі Магілёўскай вобласці. Выйсці на волю ён паспеў толькі да нараджэння другой унучкі Дар’і Лукашэнка, якая з’явілася на свет у сям’і Ганны і Дзмітрыя Лукашэнкаў 20 снежня 2004 года.

Менавіта з гэтых часоў Сяргея Палушкіна пачынаюць выкасоўваць з афіцыйных дакументаў Ганны Сяргееўны Лукашэнка.

Поўнае расследаванне пра Сяргея Палушкіна і Ганну Лукашэнка глядзіце тут.

Hавiны
Журналісты-расследавальнікі: ДАІ намагаецца не заўважаць п’яных супрацоўнікаў МУС за стырном
2023.06.07 19:38

Альянс расследвальнікаў Беларусі

Іншыя расследаванні АРБ тут і ў тэлеграм-канале

Выказваем падзяку «Кіберпартызанам» за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу.

Стужка навінаў