Супрацоўнікаў светлагорскага «Ранка» асудзілі да содняў і штрафаў


Праваабаронцы «Гомельскай вясны» паведамляюць падрабязнасці затрыманняў і судоў над супрацоўнікамі светлагорскага «Ранка», якіх затрымалі пасля публікацыяў пра выбух на Светлагорскім ЦКК.

Выбух на заводзе беленай цэлюлозы Светлагорскага ЦКК.
Фота: РАНАК / Telegram

Як паведамляецца, дзевяць супрацоўнікаў «Ранак – медыя» і «Ранак – рэклама» затрымалі яшчэ 9 чэрвеня. Іх затрымлівалі ў розных месцах пасля працоўнага дня, у тым ліку ў іншым горадзе. На ўсіх затрыманых склалі пратаколы па ч. 2 арт. 19.11 КаАП за нібыта распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў.

Журналіста Андрэя Ліпскага, аператараў Паўла Рабко і Уладзіміра Папова ды галоўнага рэдактара Вадзіма Вежнаўца асудзілі на 7 содняў арышту кожнага.

Маркетолагу Марыне Бычкоўскай, галоўнай бухгалтарцы Алене Кісялёвай і сакратарцы Крысціне Казяльковай прызначылі штрафы ў памеры 25 базавых велічынь. Ганну Згурскую і Лізавету Шэвяленка адпусцілі пасля складання пратаколаў з прычыны цяжарнасці і інваліднасці адпаведна.

Каментар
«Вадкасць мела рэзкі пах». Затрымалі журналістаў, што пісалі пра выбух на ЦКК. Што вядома?
2023.06.12 14:02

Раніцай 12 чэрвеня стала вядома, што ў Светлагорску затрыманыя 8 працаўнікоў мясцовага парталу «Ранак». Дакладная прычына затрымання была невядомая.

Паводле крыніцы, працаўнікоў медыя затрымалі нібыта за падпіску на суполку «Светлік. Светлагорск» у «Аднакласніках» (не ўнесеная ў спіс «экстрэмісцкіх»). Але сапраўднай прычынай для затрымання мог стаць сюжэт пра выбух на Светлагорскім цэлюлозна-кардонным камбінаце (ЦКК), які здарыўся 7 чэрвеня і ў якім загінулі трое чалавек.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў