Адсутнасць Расеі ўжо не турбуе. У Фінляндыі і Латвіі стартаваў чэмпіянат свету па хакеі з шайбаю


Сусветнае першынство Міжнародная федэрацыя хакею з шайбай на лёдзе (IIHF, International Ice Hockey Federation) арганізоўвае з 1920 года, і сёлета спаборніцтвы маюць ужо 86-ы парадкавы нумар. Першапачаткова чэмпіянат планеты мусіў прыняць Санкт-Пецярбург і там 21 верасня 2021 года ўжо прапанавалі лагатып турніру. Аднак Расеі не было наканавана восьмы раз у гісторыі арганізаваць прэстыжныя баталіі. Міжнародная федэрацыя хакею на фоне ваеннай агрэсіі ва Украіне зацвердзіла гаспадарамі чэмпіянату планеты Тампэрэ і Рыгу.

Маціяс Нідэрбергер з Нямеччыны пʼе ваду падчас матчу групавога этапу Чэмпіянату свету па хакеі IIHF 2023 паміж Швецыяй і Нямеччынай, 12 траўня 2023 г. у Тамперэ. Фота: Joel Marklund / Zuma Press / Forum
Маціяс Нідэрбергер з Нямеччыны пʼе ваду падчас матчу групавога этапу Чэмпіянату свету па хакеі IIHF 2023 паміж Швецыяй і Нямеччынай, 12 траўня 2023 г. у Тамперэ.
Фота: Joel Marklund / Zuma Press / Forum

Такім чынам, Фінляндыя прымае турнір дзясяты раз, Латвія – трэці. У спаборніцтвах гуляюць прадстаўнікі 13 краінаў з Еўропы, дзвюх – з Паўночнай Амерыкі ды адной – з Азіі. Пасля таго, як у 2020-м годзе з прычыны пандэміі COVID-19 здарыўся перапынак у паслядоўным шэрагу штогадовых чэмпіянатаў свету, Расея так пакуль і не рэпрэзентавала сваю краіну годна. У 2021-м пасля санкцыяў, накладзеных на Расейскае антыдопінгавае агенцтва і ў сувязі з рашэннем Спартовага арбітражнага суда расейскім нацыянальным камандам было забаронена выкарыстоўваць дзяржаўныя сцяг і гімн і, уласна, назву дзяржавы на Алімпійскіх гульнях і чэмпіянатах свету на два гады: са снежня 2020 года да снежня 2022-га. Цікава, што спачатку былі рэкамендацыі заблакаваць расейскія дзяржаўныя сімвалы на спаборніцтвах тэрмінам на чатыры гады, але ў выніку пакаранне было скарочанае ўдвая. Як аказалася пазней, тое, першапачатковае рашэнне, можна было смела пакідаць у сіле, бо цяпер ёсць забарона не толькі на сцяг і гімн, але і агулам на выступ у міжнародных спаборніцтвах. І на сённяшні дзень – бестэрміновая.

Беларусь была абмежаваная з іншай прычыны. Яна пазбавілася магчымасці правесці чэмпіянат свету – 2021 у сябе пасля бліскуча праведзенай Беларускім фондам спартовай салідарнасці працы. Фонд літаральна прымусіў Міжнародную федэрацыю хакею пазбавіць Менск статусу сугаспадара чэмпіянату планеты за масавыя палітычныя рэпрэсіі, учыненыя ўладамі Беларусі пасля выбараў 2020 года.

May 12, 2023, TAMPERE, Finland: 230512 André Petersson of Sweden reacts during the 2023 IIHF Ice Hockey World Championship group stage game between Sweden and Germany on May 12, 2023 in Tampere. .Photo: Joel Marklund / BILDBYRÃ…N / kod JM / JM0457.bbeng ishockey ice hockey ishockey-vm 2023 ishockey-vm vm 2023 iihf ice hockey world championship sverige sweden germany tyskland,Image: 775452386, License: Rights-managed, Restrictions: * Austria, Denmark, Finland, France, Norway, Sweden, Switzerland and The Netherlands OUT! *, Model Release: no, Credit line: Joel Marklund / Zuma Press / Forum
Андрэ Петэрсан са Швецыі падчас матчу групавога этапу чэмпіянату свету па хакеі 2023 паміж Швецыяй і Нямеччынай, 12 мая 2023 г. у Тампэрэ.
Фота: Joel Marklund / Zuma Press / Forum

Прэзідэнт IIHF Люк Тардыф, у адрозненне ад свайго папярэдніка Рэнэ Фазэля, аказаўся моцным і цвёрдым кіраўніком міжнароднай федэрацыі. Яму надакучыла чакаць, калі Расея вернецца да нармальнага жыцця, ды штогод перакладаць пытанне аднаўлення Расеі і Беларусі на міжнародных спаборніцтвах ад аднаго кангрэсу да другога. Раней ён прызнаваўся, што хоча бачыць Расею на чэмпіянатах свету, але акалічнасці вышэйшыя за яго. А ў сярэдзіне красавіка выказаўся канкрэтна. Ягоныя словы падае ESPN: «Я спадзяюся, што Расея і Беларусь вернуцца як мага хутчэй, бо гэта будзе азначаць, што вайна скончаная. Але цяпер гэта пытанне бяспекі нашых заўзятараў, нашых камандаў. І ніхто не ведае, колькі часу зойме такая сітуацыя. Пакуль плануем, што наступны разгляд справы допуску Расеі і Беларусі будзе ажыццёўлены ў сакавіку 2024 года. Калі IIHF прадоўжыць гэтую забарону і праз год, то рашэнне паўплывае на права Расеі і Беларусі ўдзельнічаць у Алімпійскіх гульнях 2026 года, паколькі гэтыя краіны не здолеюць выступіць у кваліфікацыі, прызначанай на 2025 год».

Нягледзячы на тое, што Міжнародны алімпійскі камітэт у асобе прэзідэнта Томаса Баха даў слабіну, праз рэкамендацыі і на азначаных умовах дазволіўшы міжнародным федэрацыям самым вырашаць, ці дапускаць да ўдзелу ў іхных спаборніцтвах атлетаў з Расеі і Беларусі, Люк Тардыф і тут застаўся непахісным: «IIHF не прытрымліваецца рэкамендацыяў МАК, бо хакей – гэта камандны від спорту. І такія крокі – небяспечныя. Міжнародная федэрацыя хакею спасылаецца на ацэнку рызыкі, якую яна правяла. І прыйшла да высновы, што дапускаць Расею і Беларусь да спаборніцтваў цяпер востра небяспечна».

Расейская федэрацыя хакею назвала перасцярогі IIHF надуманымі. І ўвогуле, чаго толькі не чулі міжнародныя федэрацыі розных відаў спорту на свой адрас з расейскага і беларускага боку. І тое, што яны не самастойныя, што імі дзеля сваёй выгады кіруюць амерыканцы, і што палітыка засляпіла вочы кіраўнікам федэрацыяў, і што яны парушаюць Алімпійскую хартыю, а таксама звычайную чалавечую мараль. Не было галоўнага: прызнання, што спорт – гэта адно, а вайна з вялізнай колькасцю ахвяраў – зусім іншае.

«Я разумею, – казаў Люк Тардыф, – што тут мае месца палітычны падыход. І ў мяне як у чалавека ёсць уласнае разуменне сітуацыі. Але на маёй пасадзе ў IIHF я мушу прымаць рашэнні ў адзінстве з нашым кіраўніцтвам і абараняць нашыя спаборніцтвы».

У Беларусі вельмі невысокі ўзровень у гэтым відзе спорту, і яна мала падае голас, таму што на яго ніхто ў сусветным хакеі не зверне ўвагі. Тым больш калі нацыянальнай федэрацыяй кіруе веславальнік-канаіст Аляксандр Багдановіч. А вось на чале ФХР (Федэрацыя хакею Расеі) стаіць трохразовы алімпійскі чэмпіён і дзесяціразовы чэмпіён свету менавіта па хакеі – сам Уладзіслаў Траццяк. І – дэпутат ажно чатырох скліканняў Дзяржаўнай думы ад партыі «Единая Россия». Ён і іншыя расейцы, той жа Вячаслаў Фяцісаў, двухразовы алімпійскі чэмпіён і сяміразовы чэмпіён свету, не стамляюцца абурацца на нядопуск да спаборніцтваў, але пры гэтым ганебнасць расейскай агрэсіі не прызнаюць ні словам, ні паўсловам. Толькі як бы ні шырыліся і не памнажаліся іхныя крыўды, абразы, агіда – усе яны выглядаюць наіўнымі і легкадумнымі, таму гэта ўсё ў пустую ў сэнсе вяртання на міжнародную арэну, пакуль на чале іх краіны стаіць Пуцін, тым больш калі працягваецца вайна.

May 12, 2023, TAMPERE, FINLAND: 230512 Teemu Hartikainen of Finland celebrates with teammates after scoring 1-0 during the 2023 IIHF Ice Hockey World Championship group stage game between Finland and USA on May 12, 2023 in Tampere. .Photo: Joel Marklund / BILDBYRÃ…N / kod JM / JM0456.bbeng ishockey ice hockey ishockey-vm 2023 ishockey-vm vm 2023 iihf ice hockey world championship finland usa jubel,Image: 775393476, License: Rights-managed, Restrictions: * Austria, Denmark, Finland, France, Norway, Sweden, Switzerland and The Netherlands OUT! *, Model Release: no, Credit line: Joel Marklund / Zuma Press / Forum
Чэмпіянат свету па хакеі 2023 года, гульня паміж Фінляндыяй і ЗША, 12 траўня 2023 г. у Тамперэ.
Фота: Joel Marklund / Zuma Press / Forum

Але вернемся да чэмпіянату свету – 2023. І тут падключу да размовы вольнага беларускага спартоўца, былога дырэктара хакейнага клубу «Лакаматыў» (Ворша) (у тым ліку кіраўніка аршанцаў у самы пачэсны сезон каманды, калі яна, створаная толькі ў 2018 годзе, выйшаўшы з дывізіёну Б здолела дабрацца да плэй-оф Экстралігі і ў чвэрцьфінале двойчы перагуляць будучага чэмпіёна – менскае «Юнацтва») Яўгена Мазуру.

«Чэмпіянат свету – гэта заўсёды цікава, – упэўнены спадар Яўген. – І ці ёсць там расейцы, ці не – гэта не істотна. Ды і нагадаю, што на мінулым чэмпіянаце яны занялі толькі 5-е месца (выступалі пад назваю АКР – каманда Алімпійскага камітэту Расеі), саступіўшы ў чвэрцьфінальным оўвэртайме канадцам. Але, думаю, цяпер іншым зборным не да шкадавання з нагоды адсутнасці Расеі. Кожная рыхтуецца, пераймаецца перш за ўсё ўласным узроўнем хакею, канкурэнтаздольнасцю ў кампаніі моцных супернікаў. І я думаю, што праблемаў з тым, каб прадаць інтрыгу гэтага чэмпіянату, не будзе. Вось, калі ласка, на старце дзейныя чэмпіёны планеты, фіны, прагулялі з даволі буйным лікам, 1:4, зборнай ЗША. Чэхія правяла вельмі цікавы матч супраць Славаччыны і, двойчы саступаючы ў ліку, усё ж вырвала перамогу 3:2. Пры тым што першыя матчы мала што значаць, некаторыя зборныя адразу пачалі самым сур’ёзным чынам высвятляць адносіны. І хто тут будзе ўзгадваць пра Расею? Але ўсё самае-самае распачнецца бліжэй да другой паловы.

Матчы групы А праходзяць, як і летась, на новым стадыёне ў Тампэрэ, адкрытым у мінулым годзе пад чэмпіянат планеты – 2022. Найсучаснейшая «Нокія-Арэна» можа змясціць больш за 13 тысяч гледачоў. Тут акрамя двубояў групавога турніру адбудуцца таксама паўфіналы, матч за трэцяе месца і галоўны фінал. Іншая васьмёрка праводзіць сустрэчы на «Арэна-Рыга» (змяшчае больш за 10 тысяч гледачоў). Фармат турніру застаўся нязменным. На папярэднім этапе 16 камандаў, падзеленыя на дзве роўныя групы, згуляюць па колавай сістэме. За перамогу ў асноўны час будуць налічваюцца традыцыйныя тры пункты, за ўзяцце оўвэртайму або поспех у булітах (выніковых нічыіх у хакеі не існуе) – два балы, параза пасля 60 хвілінаў гульні – нуль пунктаў, па-за межамі асноўнага часу – адзін пункт. Найлепшыя чатыры каманды з кожнай падгрупы выходзяць у чвэрцьфінал і згуляюць паводле перакрыжаванай сістэмы з супернікамі з іншых групаў (чацвёрты з першым, трэці з другім і гэтак далей). Чэмпіянат свету па хакеі – 2023 праходзіць з 12 да 28 траўня. І вынікі яго мы таксама абавязкова падвядзем на гэтай платформе.

Аляксандр Пуціла belsat.eu

Стужка навінаў