Збігнеў Раў: Польшча будзе дамагацца вызвалення беларускіх палітвязняў


У чацвер 13 красавіка падчас выступу ў Сейме кіраўнік польскага МЗС Збігнеў Раў сярод іншых пытанняў узгадаў і пытанне Беларусі.

Кіраўнік МЗС Польшчы Збігнеў Раў.
Фота: МЗС Польшчы

«Нашая доўгатэрміновая мэта – дэмакратычная, вольная і незалежная Беларусь, – заявіў Збігнеў Раў. – Польшча не будзе ў бяспецы, пакуль яе суседзі не будуць вольныя і суверэнныя, здольныя да дэмакратычных рашэнняў пра свой лад і кірунак развіцця».

Раў падкрэсліў, што месца беларусаў – у «супольным еўрапейскім доме» і Польшча будзе паслядоўна імкнуцца да такой будучыні Беларусі, а тым часам даваць часовы прытулак усім, хто не можа сёння пачувацца ў Беларусі як удома і каму пагражае небяспека праз іхныя палітычныя перакананні.

Міністр зазначыў, што цяпер Польшча лічыць Беларусь цалкам залежнай ад Расеі, якой кіруе пазбаўлены дэмакратычнага і грамадскага прызнання рэжым, што ператварыў радзіму беларусаў у вялікую турму і перадаў яе тэрыторыю Расеі для ажыццяўлення атак супраць Украіны.

Раў дадаў, што Польшча накіроўвала ўладам Беларусі прапанову, якая б павялічыла поле для палітычных і эканамічных манеўраў Беларусі ўзамен на спыненне рэпрэсіяў і пераследу, але гэтыя размовы не прынеслі выніку. Паводле міністра, цяперашнюю палітыку Беларусі змогуць спыніць толькі дэмакратычныя перамены, якія ў тым ліку дазволяць дзяржаве зноў скарыстацца прапановай супрацы ў межах Усходняга партнёрства.

«Таму Польшча падтрымлівае і будзе падтрымліваць беларускае незалежнае асяроддзе, у тым ліку медыі, беларускіх уцекачоў, студэнтаў і прадпрымальнікаў. Мы будзем дамагацца вызвалення палітвязняў, у тым ліку дзеячаў польскіх арганізацыяў на чале з Анджэем Пачобутам», – заявіў Збігнеў Раў.

Кіраўнік польскага МЗС таксама дадаў, што калі ўлады Беларусі і далей будуць адмаўляць у вызваленні Пачобута і працягваць рэпрэсіі супраць сваіх грамадзянаў, у тым ліку прадстаўнікоў польскай меншасці, ды правакаваць міграцыйныя атакі, Польшча будзе паслядоўна імкнуцца да накладання чарговых санкцыяў з боку Еўразвязу.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў