МЗС Беларусі: Польшча мінуе ўсю Еўропу


Беларусь самым сур’ёзным чынам асцерагаецца агрэсіўных дзеянняў з боку польскага кіраўніцтва, заявіў прэс-сакратар беларускага МЗС Анатоль Глаз.

Анатоль Глаз, прэс-сакратар МЗС Беларусі.
Фота: mfa.gov.by

МЗС Беларусі занепакоены заявай кіраўніка польскага ўраду пра тое, што ЗША паабяцалі размясціць на польскай тэрыторыі некалькі тысячаў жаўнераў у дадатак да тых, якія ўжо прысутнічаюць у Польшчы.

«Мы публічна і на ўсіх узроўнях кажам пра тое, што самым сур’ёзным чынам асцерагаемся агрэсіўных дзеянняў польскага кіраўніцтва. Фінансуюць экстрэмістаў, рыхтуюць нейкія баявыя дружыны супраць беларускага насельніцтва, праводзяць актыўную мілітарызацыю, – заявіў Анатоль Глаз. – Гэта ж відавочныя і ўсім вядомыя факты. Пры гэтым дзеянні цяперашняга ўраду часам фанатычныя, не вызначаюцца логікай і рацыянальнасцю, а таму не заўсёды прадказальныя».

Прадстаўнік дыпламатычнага ведамства згадаў пра закрыццё Польшчай пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю «на шкоду ўласнаму насельніцтву і бізнесу», а таксама пра пастанову Рады міністраў Польшчы наконт невыканання ў дачыненні Беларусі палажэнняў Дамовы аб звычайных узброеных сілах у Еўропе.

«Відавочнае жаданне яшчэ больш схаваць ад свайго найбліжэйшага суседа інфармацыю пра свае ўзброеныя сілы, – сказаў прэс-сакратар МЗС Беларусі. – Нагадаю: гэты дакумент ацэнены Генасамблеяй ААН як «кутні камень еўрапейскай бяспекі». Ён, хоць і састарэў, але ўсё ж больш-менш вызначаў вайсковы баланс. І вось польскі ўрад цалкам свядома разбурае апошнія юрыдычныя апоры еўрапейскай сістэмы бяспекі. Мінуе ўсю Еўропу».

Анатоль Глаз падкрэсліў, што Беларусь не зацікаўленая ў эскалацыі і выказаў намер паглядзець, «наколькі шумна адрэагуюць еўрапейскія сталіцы на адназначна дэструкцыйны крок польскага ўраду».

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў