ФСБ Расеі: замах на Татарскага арганізавалі ўкраінскія спецслужбы і расейскія апазіцыянеры


ФСБ Расеі заявіла, што за выбухам у Санкт-Пецярбургу, у выніку якога загінуў пракрамлёўскі ваенны блогер Уладлен Татарскі, стаяць «украінскія спецслужбы і іх агентура, у тым ліку расейскія апазіцыянеры, якія хаваюцца за мяжой», паведамляе «Коммерсантъ».

Уладлен Татарскі і статуэтка, у якой была выбухоўка.
Фота: bloknot.ru

Расейскія спецслужбы лічаць, што 26-гадовая грамадзянка РФ Дар’я Трэпава ажыццявіла замах у выніку неаднаразовых заклікаў кіраўнікоў ФБК (Фонд барацьбы з карупцыяй, створаны Аляксеем Навальным) Леаніда Волкава і Івана Жданава да падрыўной дзейнасці (Волкаў і Жданаў абвешчаныя ў Расеі замежнымі агентамі, ФБК прызнаны экстрэмісцкім і забаронены ў РФ).

Разам з Дар’яй Трэпавай, паводле ФСБ, за арганізацыю выбуху адказны грамадзянін Украіны Юрый Дзянісаў. Ён нібыта з дапамогай сэрвісу дастаўкі перадаў дзеўчыне выбуховую прыладу. Выбухоўка, паводле следства, знаходзілася ў статуэтцы, якую Трэпава перадала Татарскаму падчас ягонага выступу ў кавярні «Street Food Bar» у Санкт-Пецярбургу 2 красавіка.

Юрый Дзянісаў, паводле ФСБ, у Расею прыехаў з Кіева, праз тэрыторыю Латвіі ў лютым 2023 года і пачаў збіраць звесткі пра Татарскага, а адразу пасля здзяйснення замаху 3 красавіка вылецеў праз Арменію ў Турцыю. Расейскія спецслужбы абвясцілі Дзянісава ў міжнародны вышук.

Дар’я Трэпава была затрыманая. Ёй прад’явілі абвінавачванне ў тэрарызме.

Расейскі пракрамлёўскі ваенны блогер Уладлен Татарскі загінуў 2 красавіка ў выніку выбуху, які адбыўся падчас выступу блогера ў кавярні «Street Food Bar» у Санкт-Пецярбургу. Следчы камітэт Расеі распачаў крымінальную справу аб тэракце і незаконным нашэнні выбуховых прыладаў.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў