У пошуках дома: мультыкультурная рэальнасць новых беларускіх намадаў


Нашая чытачка з нікам Алаіза Пашкевіч публікуе філасофскае эсэ пра новых беларускіх качэўнікаў, пошук сябе і свайго дому.

Мая бабуля Марыя Паўлаўна трапіла ў Беларусь па размеркаванні, з аптымізмам пакінуўшы родны Тамбоў у імя «аднаўлення народнай гаспадаркі» – маштабнага плану для пераадолення ваенных разбурэнняў, нанесеных БССР фашысцкай акупацыяй і бітвамі на яе тэрыторыі. Паходзіла яна з сям’і патомных аптэкараў, а ў Беларусі, дзе загінуў кожны чацвёрты, лекары і лекі былі на вагу золата. У вёсцы Засулле Стаўбцоўскага раёну Менскай вобласці, дзе новапрыбылай даручылі загадваць сельскай аптэкай, пазнаёмілася з дзедам, палякам Станіславам, работнікам чыгункі. Так зʼявілася мая мама. Скончыўшы Віцебскі медычны, яна, як і шмат якія выхадцы з беларускіх вёсак, перабралася ў сталіцу – будаваць дом, карʼеру і камунізм. У сярэдзіне мінулага стагоддзя наўрад ці нехта мог выказаць здагадку, што навыкі адаптацыі і будаўніцтва «з нуля» спатрэбяцца ўнукам савецкіх энтузіястаў – у акалічнасцях, якія ніхто з нас не выбіраў.

Андрэй, прадпрымальнік, арганізатар сацыяльных актыўнасцяў. Батумі – Тбілісі. «З’язджаючы, узяў з сабой мінімум рэчаў, яны змяшчаюцца ў кішэні адзення. Каб не адчуваць дыскамфорту, у эміграцыі патрэбныя толькі рукі, свежая галава і фізічнае здароўе. Іншыя важныя рэчы заўсёды са мной, і яны нематэрыяльныя»

Намады, паводле Фэлікса Маркара (Félix Marquardt), які даследуе вытокі феномену і яго актуалізацыю ў сучасных умовах, – натуральны стан прадстаўнікоў прысвойвальнай эканомікі, паляўнічых-збіральнікаў, якія яшчэ не спазналі прывабнасці аселага ладу жыцця і мала зацікаўленыя ў камерцыі на скрыжаваннях гандлёвых шляхоў, гарадоў. Прыкладна 12 000 гадоў таму нашыя продкі блукалі па зямлі невялікімі качавымі плямёнамі ў пошуках ядомай расліннасці і жывёлы для палявання. Схемы іх перамяшчэння дыктавала прырода: месцазнаходжанне змянялася ў залежнасці ад доступу да ўрадлівых земляў і адсутнасці неспрыяльных умоваў надвор’я і драпежнікаў.

«Імкненне да міграцыі, пошуку, падарожжаў мае глыбінныя карані і застаецца базавым, інстынктыўным, – разважае Маркар. – Калі б у нас не было качавога інстынкту, чалавечы род усё яшчэ засяляў бы тэрыторыю Афрыкі. Хто ведае, можа, мы б наогул вымерлі. 98 % свайго часу на зямлі ў выглядзе анатамічна сучасных разумных істот мы правялі, перамяшчаючыся малымі групамі паляўнічых і збіральнікаў. Міграцыя і пастаянны рух былі нормай, а не выключэннем. Жыццё з нараджэння да смерці ў вёсцы, горадзе ці мегаполісе – досыць нядаўняя і вельмі анамальная зʼява».

Да нядаўніх часоў, аднак, ні намады, ні качэўнікі, ні (і)мігранты не гучалі як «натуральныя» канцэпцыі для сярэднестатыстычнага еўрапейца. Аднак са здушэннем беларускага пратэсту і пачаткам вайны ва Украіне міграцыя перамясцілася на плошчы еўрапейскіх (і не толькі) гарадоў, у чаргу па харчы ў крамцы за вуглом і на дзіцячыя пляцоўкі, адкуль цяпер чутныя размовы на дзвюх ці трох мовах.

Мазаіка гісторый беларусаў, якія вымушана пакінулі краіну ў выніку палітычнага крызісу і рэпрэсіяў, значна больш разнастайная і ахоплівае як лічбавае племя айцішнікаў, так і абяднелыя бізнесоўцы або прадпрымальнікі пад пагрозай банкруцтва (у тым ліку ў выніку санкцыяў), рэпрэсаваных актывістаў, праваабаронцаў, валанцёраў, культурніцкіх работнікаў і журналістаў. Асобная катэгорыя – беларусы, якія перажылі двайную траўму: збеглі ў Кіеў ці Львоў – ад Лукашэнкі і, пасля 24 лютага, ад Пуціна – у Еўропу.

Назіраючы за тым, з якой хуткасцю беларусы прыдумляюць і рэалізуюць стартапы (школы, кавярні, каворкінгі, агенцтвы) у каардынатах іншых геаграфій, зноў узгадваю Фэлікса Маркара. У апісанні нацыі новых намадаў ён адзначаў, што значная доля мігрантаў застаецца незаўважанай шырокай публікай і не трапляе ў скандальныя навіны сусветных СМІ: «Гэты працэс разгортваецца павольна, роўна і досыць гладка – як зліццё, а не ўварванне».

Што для вас цяпер дом?

Прапанаваўшы новым намадам падзяліцца здымкамі трох рэчаў, якія асацыююцца ў іх з домам, я атрымала галерэю партрэтаў, дзе кожны прадмет выразна кажа сам за сябе, дапамагаючы лепш зразумець стан і каштоўнасці беларусаў, якія апынуліся ў вымушанай іміграцыі. «Што для вас цяпер дом? Наколькі гэта паняцце змянілася за апошнія гады? Чаму вучыць дарога?» – пыталася ў іх я, і многія адказы гучалі так, нібы мы ўсе па-ранейшаму пад адным агульным дахам.

Надзя, аналітык звестак у фінансавым (цяпер замарожаным) стартапе. Менск – Кіеў – Будапэшт – Порту – Фігейра-да-Фош
  • Шалік. У Менску ў мяне была калекцыя шалікаў розных відаў. Цяпер застаўся адзін, максімальна прыстасаваны для падарожжаў: займае мінімум месца і добра сагравае.
  • Італьянскае мыла. Мы ўзялі яго, калі з’язджалі з Менску ў снежні 2021. Заўсёды раней куплялі такое дамоў, таму яно для мяне пахне нашай кватэрай. Несвядома закінула яго ў заплечнік, калі пакідалі Кіеў. Цяпер мыла суправаджае нас у пераездах па Венгрыі і Партугаліі.
  • Чокер з рачнога жэмчугу. Дачка ў Кіеве захапілася пляценнем з бісеру, увесь дзіцячы пакой быў у дробных пацерах. Чокер яна зрабіла для мяне за некалькі дзён да вайны.
Вераніка, рэкрутарка ў геймдэў-кампаніі, парт-тайм-валанцёрка. Менск – Кіеў – Варшава
  • Кніга Паці Сміт «Проста дзеці». Яе я закінула у заплечнік яшчэ ў Менску, у кастрычніку 2020, калі думала, што еду ў Кіеў максімум на два месяцы. Мяне і весяліць, і захапляе гэтая наша жаночая рыса – збіраеш сумку ў паніцы і спешцы, але паспяваеш падумаць, што паставіш на паліцу на новым месцы. Кніга – гісторыя вельмі трапяткіх адносін двух выдатных творчых людзей, спявачкі Паці Сміт і фатографа Робэрта Мэплторпа, гісторыя іх жыцця щ Нью-Ёрку ў 1960-х. Цудоўная, нават цяпер чытаецца добра.
  • Брошка. Былы каханы прывёз, вядома ж, з Кіева, дзе чакаў у жніўні 2020-га, як будзе развивацца крымінальная справа нашага агульнага сябра. Мы з ім вельмі любілі песню «Гранаты» гранж-гурта «Пионерлагерь пыльная радуга» з Цверы. Праз паўтара года пасля жніўня-2020 торбу я збірала пад сірэны і выбухі, якія даносяцца здалёк. Учора зноў трапілася на вочы цытата Оскара Ўайлда, што жыццё куды часцей імітуе мастацтва, чым мастацтва жыццё. Гранаты, заморская, блін, садавіна, гучна падаюць на стол у кожным украінскім доме. Ва ўсіх дамах, дзе цяпер жывуць людзі з сэрцам і сумленнем.
  • Шкарпэткі. Ну, гэта наогул класіка. Які беларус перш за ўсё пасля пераезду не пойдзе шукаць тое, што так важна бачыць у доме і што праз мяжу так проста не правязеш? Купіла ў Кіеве, але да Варшавы дабраўся толькі адзін. Так што гэты самотны паношаны хлопец – усім хатам хата. Падабаецца думаць, што калі я вярнуся, на месцы другога ў скрыні ўжо будзе ляжаць жовто-блакитный.
Саша, блогер, ініцыятар праекту «Інклюзіўны барыста», вандроўны барыста, у цяперашні час распрацоўвае ідэю мабільнага электраскутэра-кавярні. Ліда – Менск – Стамбул – Афіны – Барсэлона – Тэнэрыфэ…
  • Велік, гадзіннік і пасведчанне. Але наогул нейкіх асаблівых рэчаў у мяне няма, не прывязаны я да іх… Перад ад’ездам асаблівымі прадметамі займаецца хутчэй мая мама – абразок кладзе, напрыклад. У яе падыход татэмны, а ў мяне практычны.
Таня, рэжысёрка, журналістка. Менск – Кіеў – Варшава
  • Штаны. Іх я купіла насамрэч ужо тут, у Варшаве, бо з’язджалі мы хутка і толькі з двума торбамі, так што шмат з сабой не возьмеш. Але яны максімальна падобныя на тыя, якія я насіла ў Беларусі і ва Украіне. Прысутнасць падобных рэчаў супакойвае.
  • Духі. Я вельмі люблю пахі і парфумы, таму ўзяла з сабой пару скляначак, проста каб любімыя водары былі побач. Гэтую парфуму я набыла ў Маскве, і яна мае водар язміну і рэзкай лістоты.
  • Жорсткі дыск. Наогул усе жорсткія дыскі сталі першым, што я паклала ў сумку, калі абвясцілі вайну, таму што там у мяне ўся мая праца.
Саша, псіхолаг. Менск – Кіеў – Адэса – Кіеў – Тбілісі – Бакурыяні – Шэквэтылі…

За першы год сваёй эміграцыі я змяніў 30 кватэращ – жартую, што ўжо сам магу весці «Кватэрнае пытанне». У кожную мы пераязджалі не з заплечнікам, а з усімі рэчамі, таму турыстычны прыкол таго, што адбываецца, здзьмула ў першыя тыдні.

«У здымных кватэрах рэдка бывае душа. Большасць арэнднага жытла абязлічаная пад нейкі стандарт, каб удыхнуць жыццё ў інтэр’ер, у кожнай новай кватэры ці доме я раскладваю алтар. На алтары – усякія памятныя штукі: каменьчык з Адэсы, крышталь вісмуту з кіеўскай крамы, люлечка для рапэ, імбрычак для кітайскай гарбаты, свечка. Гэтыя рэчы – нітачкі з месцамі, дзе я быў раней. Калі выкарыстоўваць мову псіхааналізу, усе яны – «пераходныя абʼекты», заспакаяльныя прадметы, як лялька ці маміна куртка ў дзяцінстве, нешта, што кажа пра тое, што ўсё добра і ў парадку».

  • Маленькі імбрычак для гарбаты маёй дзяўчыны;
  • Люлечка для рапэ на падоранай тканіны з Перу;
  • Падарунак ад сяброўкі – бронзавы жук.
Маша, выкладчыца англійскай. Менск – Кіеў – Турцыя – Арменія – Грузія
  • Келіхі для віна. Заўсёды перш за ўсё стараюся набыць іх у новай кватэры. Для мяне гэта спосаб песціць сябе ў дробязях: можна, напэўна, піць з любых, але хочацца з прыгожых. У нейкім сэнсе дом – там, дзе ідэальныя вінныя куфлі.
  • Свечка. Мы, натуральна, не возім свечкі з сабой, а набываем на месцы. Але праз пах (хай ніяк з табой і дадому пакуль не звязаны) яны ствараюць тую самую хатнюю атмасферу выгоды.
  • Сабака. Сабаку, вядома, з нацяжкай можна аднесці да прадметаў, але яе прысутнасць сведчыць аб сур’ёзнасці намераў. Калі мы перавезлі з сабой жыць сабаку, значыць, дом нейкі час будзе тут.
Віялета, фотажурналістка. Менск – Ляйпцыг – Берлін – Кіеў – Львоў – Вільня
  • Фотаздымак Даньеля Мюлера Янсэна (Daniel Müller Jansen) з серыі «Great Expectations» no. 33, 2016–2022. З Беларусі я прыехала ў Ляйпцыг. У першыя дні ў новым месцы трапіла на фотафестываль «f/stop». Сярод прома-матэрыялаў я знайшла гэты здымак — дакладная асацыяцыя з паняццем «дом» у той момант. Пасля я перавозіла гэты здымак з кватэры ў кватэру, і ён ужо крыху патрапаўся па дарозе. Апісанне праекту аўтара гэтай фатаграфіі аказалася іранічным і збольшага прароцкім для беларусаў. «Вялікія надзеі» паказваюць месцы, дзе можна ўбачыць як чаканне, так і вялікія надзеі большасці грамадзян Паўднёвай Афрыкі. Надышоў час будаваць, як аднойчы сказаў Нэльсан Мандэла, паклаўшы пачатак працэсу, які працягваецца і сёння».
  • «Алтар». Мае скарбы, якія я збіраю на сваім шляху ў эміграцыі, для ўсякіх магічных рытуалаў.
  • Кветкі. За апошнія 9 месяцаў у мяне было 12 пераездаў. У кожнай новай кватэры я купляла сабе кветкі. Для мяне гэта якар, які ў любым месцы дае адчуванне дома.

Сярод найбольш папулярных кірункаў для новай хвалі беларускай эміграцыі – краіны, якія мяжуюць з Беларуссю: Польшча, Літва і Латвія. Паводле Міністэрства замежных справаў Польшчы, з чэрвеня 2020 года да ліпеня 2021 года беларусы атрымалі больш за 178 000 візаў. Літва выдала больш за 4000 гуманітарных і 20 000 нацыянальных. 206 чалавек накіравалі запыт на атрыманне прытулку. Нечакана звярнула на сябе ўвагу і Грузія – дзяржава, якая патрабуе ад новых намадаў з Беларусі найменшую колькасць дакументаў і вылучаецца прымальнымі коштамі. З пачатку вайны туды выехалі амаль 16 000 беларусаў, за 2021 – больш за 35 000.

Інтэрв’ю
«Думаюць, што забіваючы, вызваляюць ДНР і ЛНР». Саша Філіпенка – пра сваю новую кнігу і пра тое, як яна тлумачыць сённяшнія падзеі
2022.04.12 14:56

АП/ММ, фота прапанаваныя рэдакцыі belsat.eu

Стужка навінаў