«Некаторыя беларусы не заслужылі свабоды». Шчырае інтэрвʼю з беларускім уцекачом


Гамяльчук Радзівон Бягляк вучыўся ў ЗША, працаваў у міжнароднай кансалтынгавай кампаніі ў Маскве. Але гэты жнівень цалкам змяніў ягонае жыццё. Ён прыехаў прагаласаваць у Беларусь, а трапіў у сапраўднае пекла. Вось ужо восьмы месяц ён жыве ў Латвіі, мае статус уцекача і не верыць, што здолее вярнуцца ў Беларусь.

Радзівон Бягляк. Беларускі ўцякач у Латвіі.
Фота: архіў героя

«Яны не людзі, а звяры»

Радзівон Бягляк нарадзіўся і вырас у Гомлі, але працяглы час жыў па-за межамі роднага гораду. Вучыўся ў Менску, а потым доўга працаваў у сталіцы кансультантам у сферы кіравання.

«З цягам часу зразумеў, што ў Беларусі я мала чаго дасягну. Працаваў у розных кампаніях, і стала ясна, што тут шануецца лаяльнасць і знаёмствы – тады ты можаш нешта зрабіць. Але трэба сядзець і маўчаць у анучку. Бо інакш галаву адкусяць. Або ты мусіш супрацоўнічаць з нейкімі органамі. Таму я паступіў у ЗША, вучыўся на MBA два гады ў топавым універсітэце са стыпендыяй. Потым вярнуўся ў Расею, дзе працаваў у міжнароднай кампаніі», – распавядае пра свой лёс Радзівон.

Але ўсё змянілася ў жніўні 2020 года. Ён вярнуўся ў родны Гомель, каб прагаласаваць. І трапіў у пекла. 10 жніўня ён быў на цэнтральнай плошчы гораду. Там яго і затрымалі.

«Я спадзяваўся, што міліцыя ў Беларусі адэкватная. Мы ўсё ж людзі, я быў упэўнены, што здолеем дамовіцца. Калі я пабачыў міліцыянтаў, якія рэчы яны выраблялі, стала відавочна: яны не людзі, а звяры, яны адбітыя без тармазоў. Без пярэчанняў выканаюць які заўгодна загад».

Калі праз пару дзён катаванняў Радзівона выпусцілі, ён паехаў у Маскву, а адтуль адразу ўцёк у Латвію. Выбраў краіну паводле простых параметраў: яна мае сухапутную мяжу з Расеяй, і супрацоўнікі консульства Латвіі першыя адказалі хлопцу. Цяпер яму надалі альтэрнатыўны статус – усе правы, як ва ўцекачоў, але трэба будзе штогод яго пацвярджаць.

Радзівон Бягляк падчас вучобы ў ЗША.
Фота: архіў героя

Палова людзей у лагеры – беларусы

Увесь гэты тэрмін Радзівон пражыў у лагеры для ўцекачоў. Літаральна на мінулым тыдні ён пераехаў ва ўласную кватэру. Умовы, кажа ён, даволі прыстойныя. Прынамсі, лепшыя, чым былі ў інтэрнаце БДЭУ, дзе Радзівон жыў падчас навучання.

«Новая мэбля, відаць, што Латвія атрымлівае шмат дапамогі ад Еўразвязу. У цэнтры – вельмі добрыя супрацоўнікі. Агулам у цэнтры жыве каля 80 чалавек, прыкладна палова з іх – беларусы. Таксама шмат расейцаў, бангладэшцаў, в’етнамцаў, ёсць украінцы», – распавядае Радзівон.

Беларускі свет
Як беларускія ўцекачы жывуць у лагерах
2021.01.12 19:30

Ён не сутыкнуўся з вялікай культурнай розніцай. Падкрэслівае, што латышы талерантнта ставяцца да расейскамоўных. Праўда, часам маладыя людзі не ведаюць, што яны ўцекачы з Беларусі і крыўдзяцца, калі не разумеюць латышскай мовы.

«Тут вельмі шмат людзей, якія надзвычай доўга жывуць у Латвіі, але не вучаць латышскую мову і нахабна сябе паводзяць», – тлумачыць хлопец.

Але ён запэўнівае, што менталітэт латышоў не моцна адрозніваецца ад беларускага. Яны таксама спакойныя і памяркоўныя, мо нават яшчэ больш памяркоўныя. Але больш ганарацца сваёй мовай, культураю, шануюць гісторыю, помнікі, адзначаюць традыцыйныя святы.

«Усё тое самае, што было б у Беларусі, каб не Лукашэнка», – сумна адзначае Радзівон.

Альтэрнатыўны статус дазваляе ўцекачам працаваць у Латвіі. І Радзівон падкрэслівае, што практычна кожны чалавек знайшоў працу адпаведна сваёй адукацыі і кампетэнцыям. Ён працуе ў кансалтынгавай кампаніі.

Беларусы Латвіі на шэсці.
Фота: архіў героя

«У беларусаў няма прыстойнасці, якая ёсць у латышоў»

Радзівон перакананы, што большасць уцекачоў не вернецца ў Беларусь:

«Усе нарэшце зразумелі, што проста так сітуацыя не зменіцца. Не прыйдзе аніякі ратавальнік, аніхто не націсне на Лукашэнку! Гэтая рэч будзе цягнуцца яшчэ вельмі доўга. У Паўночнай Карэі тэрор працягваецца амаль 80 гадоў. Калі ўсе былі ў Беларусі, адчувалі адрэналін, глядзелі аналітыкаў – Каца, напрыклад, якія распавядалі казку пра 3 % на вуліцах, што змусяць Лукашэнку сысці. Як высветлілася, калі рэвалюцыю рабіць няўмела, і сілавікі не пераходзяць на бок народу, гэты стан можа цягнуцца вельмі доўга».

Ён не верыць, што сілавікі пяройдуць на бок народу.

«Я проста бачыў іхныя вочы, ім біць людзей – задавальненне. Сілавікоў паднялі з бруду, далі ўладу і дручок – таму ім заробку нават не трэба. Ім трэба біць людзей, бо яны былі нікім, але іх зрабілі начальнікамі. Мае словы справядлівыя і стасоўна паловы лукашэнкаўскіх чыноўнікаў», – кажа Радзівон.

Інтэрв’ю
«Стаяў ззаду – 300 руб. У авангардзе – да 800». Вялікая размова з былым кантрактнікам унутраных войскаў
2021.04.04 08:00

Таксама хлопец перакананы, што некаторыя беларусы не заслужылі свабоды. А таму ўсім актыўным варта проста пакідаць краіну і будаваць уласную будучыню па-за межамі Беларусі.

«У беларусаў няма той прыстойнасці, якая ёсць у латышоў. Пад прыстойнасцю я маю на ўвазе няздольнасць маўчаць, калі ты бачыш, як чалавека б’юць, як чыніцца беззаконне. А беларусы могуць. І могуць працягваць хадзіць на працу.

Вось у Польшчы ў 1980-я гады палякі не здолелі, яны пачалі баставаць. Прыбалты сталі ў ланцугі, біліся з экіпажамі, у іх над галовамі стралялі з кулямётаў. Але яны не пайшлі працаваць. А беларускія працоўныя пайшлі. І пакуль яны не зразумеюць і не заплоцяць за гэта сур’ёзны кошт, – нічога не памяняецца. Яны заслугоўваюць таго, як яны жывуць. Я лічу, што высокакваліфікаваным спецыялістам не трэба марнаваць свае рэсурсы на рабочых, якія не здолелі выступіць супраць».

Апошнія гадзіны жыцця Аляксандра Віхора

Радзівон Бягляк – адзін з відавочцаў апошніх хвілінаў жыцця Аляксандра Віхора. У афіцыйную версію са спыненнем сэрца ён адмаўляецца верыць.

«Ягоная сястра казала, што ўсе пальцы былі пераламаныя! Чэрап прабіты, гематомы на спіне… Гэта дакладна не быў інфаркт!» – абураецца хлопец.

Аляксандр Віхор.
Фота: архіў героя

З Аляксандрам ён «пазнаёміўся» ў Чыгуначным РУУС Гомля 11 жніўня.

«Ён правёў ноч у спартзале на голых дошках. Калі я яго пабачыў стала ясна, што ў хлопца здала псіхіка. Я не ведаю, як у мяне не здала псіхіка… Саша ўскокваў, у яго былі дзіўныя ідэі… А 9-й вечара прыцягнулі новую порцыю затрыманых, іх зноў пачалі біць. Прычым вельмі моцна! Літаральна забівалі людзей! Аляксандр зусім зваряцеў, але за яго заступіўся нейкі лейтэнант. Але потым павезлі ў бусіку, пырскалі ў твар газам, а пазней яго забралі і збілі да смерці».

Развітанне з Аляксандрам Віхорам у Гомлі. 16 жніўня, 2020.
Фота: «Белсат»

Латышы моцна падтрымліваюць беларусаў

Радзівон кажа, што беларуская дыяспара ў Латвіі надзвычай моцная. На выбары прыйшлі прагаласаваць 2 тысячы чалавек – агулам у краіне жыве каля 2 млн асобаў.

«Яны за гэты адзін вечар пазнаёміліся, пасябравалі і стварылі незалежную арганізацыю. Мы шмат працуем, стасуемся і дапамагаем адно аднаму. Калі мы толькі прыехалі ў жніўні, то нам вазілі ежу, старыя ноўтбукі, вопратку, цацкі».

Суразмоўца «Белсату» не верыць, што зможа вярнуцца на радзіму, і заклікае беларусаў з’язджаць, пакуль ёсць магчымасць.

Ксенія Тарасевіч belsat.eu

Стужка навінаў