Уцекачы з Украіны змогуць легальна заставацца на тэрыторыі Польшчы цягам 18 месяцаў, а таксама атрымаюць грашовую дапамогу.
У суботу ўвечары, 12 сакавіка, прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда падпісаў Закон аб дапамозе ўцекачам з Украіны, які мае зваротную сілу з 24 лютага 2022 года.
Закон гарантуе грамадзянам Украіны, а таксама іхным сужэнцам, у якіх няма ўкраінскага грамадзянства, але якія прыехалі ў Польшчу з пачаткам расейскай агрэсіі, легальнае перабыванне на тэрыторыі Польшчы цягам 18 месяцаў. Легальным будзе таксама перабыванне дзяцей, якіх украінкі, што ўцякалі ад вайны, нарадзілі ўжо на тэрыторыі Польшчы.
Згодна з Законам, праз 9 месяцаў уцекачы змогуць звяртацца па атрыманне дазволу на часовае перабыванне ў Польшчы тэрмінам на тры гады.
Украінскія ўцекачы таксама атрымаюць нумар PESEL, змогуць распачаць легальную працу ў Польшчы і атрымаць доступ да медычных паслуг. Школьнікі і студэнты змогуць працягнуць навучанне ў школах і іншых навучальных установах Польшчы.
Уцекачы з Украіны атрымаюць таксама аднаразовую фінансавую дапамогу памерам 300 злотых на чалавека.
Паводле Закону, дапамогу памерам 1200 злотых на месяц на аднаго чалавека атрымаюць таксама людзі, якія цяпер забяспечваюць уцекачам жытло. Дапамога будзе выплачвацца цягам двух месяцаў, але ў выключных выпадках можа быць падоўжаная.
Украінцаў, якія жылі на тэрыторыі Польшчы да пачатку вайны, Закон не датычыць. Аднак у выпадках, калі іхныя візы ці дазволы на часовае перабыванне закончацца раней, чым вайна, будуць працягнутыя да канца года.
Акрамя таго, згодна з Законам, у бюджэце будзе створаны адмысловы мэтавы рэзерв, а ў Банку народнай гаспадаркі (BGK) з’явіцца Фонд дапамогі.
ГГ, belsat.eu