«Расейцы прыйшлі па нас». Як беларусы рэагуюць на вышук у Расеі, і што раіць юрыст


«Але ж прыкольна гучыць гэтае словазлучэнне – “федэральны вышук”», – рэагуе сузаснавальнік фонду «BYSOL» Андрэй Стрыжак на тое, што разам з яшчэ 2900 асобамі з Беларусі ён трапіў у расейскі вышук. «Белсат» даведаўся, што пра сітуацыю думаюць людзі з гэтага спісу – і як сябе засцерагчы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Затрыманні ў цэнтры Масквы пасля абвяшчэння прысуду Аляксею Навальнаму. Масква, Расея. 2 лютага 2021 года.
Фота: Георгій Малец / Вот Так / Белсат

«Варкута, Магадан для нязгодных беларусаў?»

Пра вышук стала вядома з базы Міністэрства ўнутраных справаў Расеі.

«Вось нейкія там чыноўнікі з пагонамі, адным пальцам наклацалі твае дадзеныя на кампе – і ты для дзяржавы перамясціўся з адной катэгорыі грамадзянаў у іншую. Практычных наступстваў аніякіх, бо і так усё было добра зразумела і вядома, але пачуцці прыкольныя», – піша Андрэй Стрыжак.

«На Расею ў госці пакуль не завіце», – жартуе журналіст і грамадскі актывіст Алесь Кіркевіч. Чаму ён апынуўся ў спісе, не зразумела. «Выглядае, што за нацыянальнасць», – адзначае ён.

Hавiны
У Арменіі арыштавалі беларуса, абвешчанага ў вышук за ўхіленне ад войска
2024.02.05 22:45

«Расейцы прыйшлі па нас. Якім будзе наступны крок? Варкута, Магадан для нязгодных беларусаў? Бо на новыя турмы патрэбныя грошы, якія ёсць толькі там…», – піша праваабаронца і былы палітвязень Леанід Судаленка, які таксама ў вышуку, хаця толькі 21 ліпеня 2023 года выйшаў на волю ў Беларусі і з’ехаў за мяжу.

«Беларускі рэжым распачаў супраць мяне чатыры крымінальныя справы, я даведалася, што і ў Расеі пра мяне не забываюць. Хоць дакладная прычына абвяшчэння ў вышук застаецца няяснай, відавочна, што гэта частка намаганняў Крамля, скіраваных на запалохванне і прымус да маўчання беларускіх журналістаў і аналітыкаў. Я таксама ведаю, што ёсць у вышуку ва ўсіх краінах СНД», – піша запрошаная працаўніца «Atlantic Council» Ганна Любакова.

Варта падумаць пра міжнародную абарону

Тое, што беларусы ў вышуку ў Расеі, – гэта амаль сто адсоткаў азначае, што яны ў вышуку і ў Беларусі, мяркуе юрыст Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Міхаіл Кірылюк.

«Гэта, дарэчы, добрыя навіны для беларусаў, што хтосьці знайшоў спосаб рабіць пошук у адкрытых крыніцах. І цяпер чалавек можа спраўдзіць, ці яму сапраўды нешта пагражае. Але я як адвакат, які працаваў у Беларусі, магу сказаць, што тое, што вас там няма, яшчэ не азначае, што можна спакойна ехаць у Беларусь.

Беларускія сілавікі, каб не рабіць сабе дрэнную статыстыку, не адкрываюць дадзеных, калі гэта не якая-небудзь буйная палітычная справа. Усім зразумела, што чалавек з’ехаў, і яны не хочуць паказваць “вісякі”. Калі гэта звычайны актывіст, ён проста можа быць у базе КДБ ці ГУБАЗіКу», – кажа Міхаіл Кірылюк.

Паколькі Расея, як і лукашэнкаўскія сілавікі, выкарыстоўвае вышук у якасці рэпрэсіўнага інструменту, варта загадзя падрыхтавацца. Дапаможа тут абмежаванне паездак у небяспечныя краіны і міжнародная абарона.

«Для мяне спіс бяспечных краінаў – гэта ЕЗ, ЗША, Вялікая Брытанія, Аўстралія. У краінах накшталт Тайланду, як мы бачым, у людзей былі праблемы. Гэта яшчэ ў Тайландзе невялікі ўплыў Расеі. А калі браць больш залежныя ад Расеі краіны, такія як Турцыя, то лепш асцерагчыся і атрымаць міжнародную абарону ў краінах ЕЗ. Вось, напэўна, адзінае, што можна рэкамендаваць.

Нават унутры ЕЗ, у Славеніі, быў выпадак, што чалавека затрымалі, калі ён ехаў з краіны свайго сталага жыхарства ў іншую краіну. Нехта яго адсачыў і падаў у міжнародны вышук. Рэкамендацыя такая: калі ёсць доказы палітычнага пераследу – падаваць дакументы на міжнародную ахову ў краіне, у якой ты перабываеш, каб былі доказы загадзя, што ты палітычна пераследуешся ў Беларусі», – працягвае суразмоўца.

У выпадку са Славеніяй атрымалася пацвердзіць факт пераследу і вызваліць чалавека.

«Але сам факт пабыць нават у еўрапейскай турме некалькі месяцаў, пакуль суд прызначаць, – нічога вясёлага. Лепей падрыхтавацца на ўсялякі выпадак, бо ўлады Беларусі злоўжываюць [інструментам міжнароднага вышуку. – Рэд.] і могуць называць не такія артыкулы, як масавыя пратэсты, якія ўжо зразумелыя для паліцыі ЕЗ. А могуць напісаць пра падаткі, наркотыкі ці ўвогуле педафілію», – падводзіць рысу Міхаіл Кірылюк.

Разбор
Адкуль могуць дэпартаваць і экстрадаваць у Беларусь на палітычны запыт, а дзе бяспечна
2024.02.04 14:00

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў