З 14 лютага паветраны рух над Украінай, магчыма, будзе спынены. Пра гэта паведаміў народны дэпутат Вярхоўнай Рады Аляксей Ганчарэнка, які таксама з’яўляецца старшынём міжфракцыйнага дэпутацкага аб’яднання «За дэмакратычную Беларусь».
Офіс прэзідэнта Украіны і Міністэрства інфраструктуры гэтую інфармацыю абвяргаюць.
Дэпутат Аляксей Ганчарэнка ў сваім тэлеграм-канале параіў тым, хто знаходзіцца за мяжой і хоча вярнуцца ва Украіну, паспяшацца, паколькі, паводле яго здагадак, «у бліжэйшы тыдзень-два, верагодна, гэта будзе зрабіць вельмі складана».
«Адна з найбуйнейшых страхавых брытанскіх кампаній ужо разаслала апавяшчэння аб тым, што з заўтрашняга дня з 16:00 па Кіеве спыняецца страхоўка грамадзянскіх самалётаў, якія знаходзяцца ў паветранай прасторы Украіны. Уласнікі самалётаў, якія знаходзяцца ў лізінгу, ужо забараняюць сваім бартам залятаць у паветраную прастору Украіны. На дадзены момант KLM адмяніў свае рэйсы, Sky Up ужо садзіць рэйс з Фуншала ў Кішынёў, сёння з’явіцца забарона ад Air France», – напісаў Ганчарэнка.
Кіраўніцтва нямецкай авіякампаніі Lufthansa таксама паведаміла, што ўважліва назірае за развіццём сітуацыі вакол Украіны і разглядае варыянт са спыненнем авіярэйсаў. Аднак пакуль такое рашэнне не прынятае.
У сваю чаргу дарадца кіраўніка Офісу Прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк заявіў, што калі б украінскія ўлады не пайшлі на закрыццё паветранай прасторы, то гэта нагадвала б «частковую блакаду», а рашэнні некаторых авіяперавозчыкаў «не маюць нічога агульнага з рашэннямі ці палітыкай нашай дзяржавы».
У Міністэрстве інфраструктуры Украіны заявілі, што «неба над Украінай застаецца адкрытым, дзяржава працуе над папярэджаннем аб рызыках для авіяперавозчыкаў».
«Інфармацыя аб закрыцці паветранай прасторы Украіны не адпавядае рэчаіснасці. Закрыццё паветранай прасторы – суверэннае права Украіны, адпаведнае рашэнне не прынята», – паведамілі ў ведамстве.
13 лютага адбылося рабочую нараду з удзелам кіраўніцтва Офіса Прэзідэнта Украіны па сітуацыі. Прынята рашэнне аб недапушчэнні далейшага пагаршэння сітуацыі. У міністэрстве падкрэслілі, што большасць авіякампаній прадаўжаюць работу без якіх-небудзь абмежаванняў: цяпер 29 замежных авіякампаній выконваюць рэйсы з 34 краін.
АД, belsat.eu