У МУС пацвердзілі, што ў Менску падарвалі міліцэйскі аўтамабіль


Міністэрства ўнутраных справаў і Следчы камітэт заявілі пра затрыманне 45-гадовага менчука, падазраванага ў падрыванні міліцэйскага аўтамабіля і шапіку «Табакеркі».

Паводле МУС, мужчына быў затрыманы ўначы 13 студзеня. У яго канфіскавалі камп’ютарную тэхніку з інструкцыямі па вырабе самаробных выбуховых прыладаў, кампаненты і рэчывы для вырабу, гатовыя прылады.

У СК адзначылі, што каля 04:50 8 студзеня ля будынку УУС адміністрацыі Цэнтральнага раёну Менску быў падарваны міліцэйскі аўтамабіль. Ноччу 13 студзеня аналагічным чынам быў пашкоджаны кіёск «Табакерка» і сметніца каля дому 91 на Старавіленскім тракце.

Тады як МУС кажа, што падазраванага затрымалі «на месцы ўчынення чарговага злачынства», СК паведамляе пра тое, што ён патрапіў у поле зроку сілавікоў «у выніку правядзення сумесных з супрацоўнікамі крымінальнага вышуку Менску следчых дзеянняў і аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў».

Меркаванае месца падрыву міліцэйскага аўтамабіля.
Фота: МотолькоПомоги / Telegram

45-гадовы мянчук раней не судзімы. Зараз ён змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання.

У яго ўдома знайшлі не менш як 5 падрыхтаваных да выкарыстання выбуховых прыстасаванняў і ў вялікіх колькасцях розныя хімічныя рэчывы і кампаненты для іх вырабу, а таксама даведачная літаратура па выбуховых рэчывах, парах і піратэхнічных саставах.

СК заяўляе пра яго датычнасць таксама да аналагічнага падрыву ў Цэнтральным раёне Менску ў кастрычніку 2020 года.

Дзеянні мужчыны кваліфікаваныя паводле арт. 289 КК («Акт тэрарызму, учынены паўторна»).

Hавiны
Матолька: Каля Цэнтральнага РУУС адбыўся выбух
2022.01.08 14:16

Пра выбух каля Цэнтральнага РУУС 8 студзеня паведамляў Антон Матолька. Паводле яго звестак, гэта «Geely», які належыць Дэпартаменту аховы.

Пра падрыў «Табакеркі» ўначы 13 студзеня паведамляў тэлеграм-канал «Посмотри, брехня?».

Артыкулы
«Улады вельмі моцна баяцца салідарнасці». Пра новаўвядзенні ў Крымінальны і Адміністратыўны кодэксы
2022.01.13 18:21

МГ belsat.eu

Стужка навінаў