«Кампаніі рознічнага гандлю тэлекамунікацыйнаю тэхнікаю патрабуецца юрысконсульт. Патрабаванні: вышэйшая юрыдычная адукацыя, досвед працы 2–3 гады, гатовасць да камандзіровак, мужчына, 25–30 гадоў». Тэлефаную на пазначаны ў абвестцы нумар.
– Скажыце, калі ласка, наколькі жорсткае патрабаванне – быць мужчынам, каб прэтэндаваць на вакансію юрысконсульта?
З таго боку адказвае жаночы голас:
– Гэта жорсткае патрабаванне. Гэта звязанае з камандзіроўкамі. Як паказвае практыка, з часам дзяўчынам становіцца праблематычна ездзіць у камандзіроўкі. Яны ў нас здараюцца 1–2 разы на тыдзень.
У патрабаваннях да гандлёвага прадстаўніка арганізацыі-дыстрыб’ютара электрашчытавога абсталявання «мужчына, 25–33 гады» ўказанае ў першым радку. Далей працадаўца піша пра наяўнасць асабістага аўто, пражыванне ў Менску, досвед працы і актыўную жыццёвую пазіцыю. Цікаўлюся, ці зробяць для мяне выключэнне тут.
– Мужчына – гэта абавязкова. Мы працуем у будаўнічым сегменце. Чалавеку трэба будзе бегаць па будоўлях, у брудзе, размаўляць з рабочымі ды прарабамі. У сілу менталітэту гэты кантынгент не ўспрымае жанчын. Мы ўжо рабілі эксперыменты з жанчынамі, – голас на тым баку разбіў мары аб суворую рэчаіснасць стэрэатыпаў.
Загадчык складу ў кампаніі, якая гандлюе аўтазапчасткамі. Паводле абвесткі, кандыдат на гэтую пасаду мусіць быць мужчынам з 35 гадоў, адказным, сабраным і валодаць камп’ютарам. Ужо не спадзеючыся на поспех, тэлефаную туды.
– Гэта не жорсткае патрабаванне. Гатовыя разглядаць вашую кандыдатуру, – абнадзеіў працадаўца.
Гэткі самы адказ я пачула ад забаўляльнага сайту ды інтэрнэт-крамы, якія шукалі пазаштатнага мадэратара і кур’ера.
Частымі аказаліся абвесткі з вакансіямі, дзе працадаўцы ўказвалі адваротнае патрабаванне – «жанчына» ці «дзяўчына». Для чысціні эксперыменту прашу свайго калегу-мужчыну затэлефанаваць у папулярную менскую сетку крамаў сушы. Вакансія – «памочнік адміністратара». Прэтэндэнтам на гэтую працу неабходна ўсяго толькі быць «дзяўчынаю прыемнага выгляду, з 18 да 25 гадоў». Адказ працадаўцы аказаўся досыць нечаканым:
– Мы ўжо бралі некалькі разоў хлопчыкаў – не пайшло. У абавязкі ўваходзіць прыбіранне памяшканняў, ім гэта не падабалася.
Дзяржава не выкарыстоўвае патэнцыялу сваіх грамадзянаў
– Хлопчык зграбе свае рэчы пад ложак, яму скажуць: «Малайчына», а дзяўчынцы: «Ну, ты ж дзяўчынка! Як не сорамна!» Калі такі хлопчык трапляе на працу, дзе трэба прыбіраць, аказваецца, ён не можа гэтага рабіць».
У 2013 годзе выйшаў у свет дапаможнік у нефармальнай адукацыі «Гендарны лікбез». Алена – аўтарка раздзелу аб праблемах працаўладкавання жанчын у Беларусі. Даследчыца лічыць, што часта наймальнік прымае рашэнні не на падставе прафесійных якасцяў кандыдатаў.
– Класіка жанру: «Шукаем сімпатычных, камунікабельных дзяўчат для раздачы рэкламных буклетаў. Аплата – $ 3 за гадзіну», – прыводзіць прыклад Алена. – Абаяльны малады чалавек можа рабіць гэта з няменшым поспехам, чым дзяўчына. Якая розніца, якога полу будзе распаўсюджвальнік буклетаў? Калі я была б працадаўцам, я імкнулася б вытрымаць баланс. Ёсць розныя кліенты, і яшчэ не вядома, хто каму больш спадабаецца. Верагодна, з прычыны нізкай аплаты працадаўца разлічвае зацікавіць сваёй прапановаю маладых жанчын».
Камандзіроўкі, фізічныя нагрузкі, зносіны з «цяжкім» кантынгентам, дэкрэтны адпачынак – усё гэта штучныя стэрэатыпы наймальнікаў, перакананая адмыслоўца. «Праз гэта працадаўцы могуць абсекчы дасведчаных і актыўных працаўнікоў, – падсумоўвае Алена Ляшкевіч. – У выніку церпяць і наймальнікі, і работнікі, і дзяржава. Чалавечы патэнцыял не выкарыстоўваецца напоўніцу».
У сваёй пастанове найвышэйшы орган судовай улады прызнаў, што ўказанне полу і ўзросту парушае правы патэнцыйных прэтэндэнтаў на працу. У дакуменце, падпісаным старшынём Канстытуцыйнага суда Пятром Міклашэвічам, прапаноўваецца Савету міністраў падрыхтаваць праект зменаў у Працоўны кодэкс і закон «Аб занятасці насельніцтва».
Не гледзячы на гэта, Леанід Свецік не ўзгадвае у сваёй практыцы выпадкаў, калі сушукальнікі скардзіліся на дыскрымінацыйныя ўмовы працадаўцаў. Не даводзілася аказваць такой дапамогі юрысту, намесніцы старшыні жаночай сеткі «Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў» Алене Яськовай. «Даказаць гэта немагчыма, – лічыць яна. – Такія скаргі не маюць судовай перспектывы. Права наймальніка – браць ці не браць – без тлумачэнняў прычынаў аспрэчыць у судзе пры сённяшнім неразуменні гендарнай роўнасці нерэальна».
Тым часам лёс прапанаваных зменаў у Працоўны кодэкс невядомы нават самому спадару Свеціку.
Аліна Каранкевіч, belsat.eu