Ванэса-Мэй з’явіцца на публіцы ў сукенцы ад беларускага дызайнера


Сусветна вядомая скрыпачка Ванэса-Мэй выйдзе на сцэну Палацу Рэспублікі 17 лютага ў сукенцы ад беларускага дызайнера.

Менеджары зоркі звярнуліся ў адно з канцэртавых агенцтваў Беларусі з просьбаю знайсці таленавітых мадэльераў, гатовых падаць артыстцы ўборы для выступлення ў беларускай сталіцы.

Ванэса-Мэй вельмі патрабавальная ў плане строяў. Яе не раз бачылі на паказах самых вядомых куцюр’е свету. Артыстка нават сама з’яўлялася на подыуме: падчас паказу ў Парыжы калекцыі вясельных сукенак Жана-Поля Гат’Е скрыпачка прадэманстравала беласнежны ўбор мадэльера з нязменнаю скрыпкаю ў руках.

Якім параметрам мусіць адпавядаць сукенка беларускага дызайнера, каб спадабацца Ванэсе-Мэй? Партал, прысвечаны беларускай модзе, «Pret-a-portal.by» выбраў трох дызайнераў, якія ствараюць уборы ў стылі скрыпачкі. Разглядаліся менавіта вечаровыя сукенкі, дастаткова простыя і ў той жа час дарэчныя на канцэрце класічнай музыкі. У выніку скрыпачцы паказалі ўборы брэндаў «BOITSIK», «FUR GARDEN» і дызайнера Ганны Драгацэннай. Нягледзячы на ўяўную прастату, уборы – шыкоўныя і могуць спалучацца з ігрою на скрыпцы. Ужо цяпер зорка выбірае фасон і колер свайго строю.

Сукенкі з калекцыі беларускіх дызайнераў традыцыйна разлічаныя на мадэлей з ростам, вышэйшым за сярэдні. Але беларускія мадэльеры запэўніваюць, што паспеюць да канцэрту падагнаць упадабаную Ванэсаю сукенку пад фігуру.

Ванэса-Мэй – папулярная скрыпачка, якой няма роўных у жанры кросоўвэр (класічная музыка ў сучаснай апрацоўцы). На рахунку скрыпачкі больш за 40 плацінавых узнагародаў за творчасць і 10 млн прададзеных дыскаў. Часопіс «People» уключыў яе ў лік 50 самых прыгожых людзей планеты, а часопіс «FHM» назваў яе адною са 100 найпрыгажэйшых жанчын свету. Агулам артыстка гастралявала ў 50 краінах і грала на ўсіх найлепшых пляцоўках свету.

Верная спадарожніца Ванэсы – акустычная скрыпка «Guadagnini», на якой артыстка выконвае большасць сваіх твораў. Інструмент быў выраблены ў 1761 годзе і набыты юнаю Ванэсаю ў 1988 годзе на аўкцыёне за 150 тыс. фунтаў стэрлінгаў. Праз сем гадоў «Guadagnini» скралі, але даволі хутка паліцыі ўдалося вярнуць яе гаспадыні. За некалькі гадзінаў да выступлення Ванэса-Мэй упала са скрыпкай са сцэны – інструмент разляцеўся на кавалачкі. Яго рамантавалі вельмі доўга і аддалі назад у найлепшым выглядзе. Ванэса падкрэслівае, што ўсім сэрцам прывязалася да скрыпкі і нават дала ёй адмысловае імя – «Gizmo».

{movie}Ванэса-Мэй грае музыку Баха|right|9146{/movie}

М.Я., паводле БелаПАН

Стужка навінаў