Як міністр абароны Віктар Хрэнін вырашыў сваё кватэрнае пытанне


У медыя трапілі звесткі, што міністр абароны Віктар Хрэнін у 2020 годзе выкарыстаў арыгінальную схему, каб стаць уласнікам элітных апартаментаў на праспекце Пераможцаў, 27 у Менску.

Паводле дадзеных «Нашай Нівы», прасторная трохпакаёвая кватэра плошчай 94 квадратныя метры знаходзіцца ў прэстыжным доме насупраць Стэлы. Віктар Хрэнін не проста набыў дзяржаўную кватэру, а аформіў яе ў растэрміноўку на 7 гадоў, агульная сума якой складае 133 000 рублёў. На той момант гэта было $52 000, у той час як рынкавы кошт адпаведных кватэр каля $300 000.

Дом №27 па праспекце Пераможцаў пабудаваны ў 2012 годзе, у ім маецца 338 кватэраў, часткай з іх валодае таварыства ўласнікаў, астатнімі – Галоўнае гаспадарчае ўпраўленне Кіраўніцтва справамі прэзідэнта (далей – ГГУ).

Напрыканцы 2013 года загадам кіраўніка справамі прэзідэнта РБ ад 21 лістапада 2013 года № 289 «Аб бязвыплатнай перадачы нерухомай маёмасці» 20 кватэр перададзеныя ад ГГУ ў аператыўнае кіраванне «Дыпсэрвісу». Журналісты не валодаюць звесткамі, ці заставаліся пасля гэтага ў гэтым доме іншыя кватэры, якія знаходзяцца ў падпарадкаванні ГГУ і якія не перададзеныя ў аператыўнае кіраванне «Дыпсэрвісу».

Альянс расследавальнікаў Беларусі вывучыў пералік памяшканняў дзяржаўнага жыллёвага фонду ў доме №27 па праспекце Пераможцаў, якія знаходзяцца ў аператыўным кіраванні ДУ «Галоўнае ўпраўленне па абслугоўванні дыпламатычнага корпусу і афіцыйных дэлегацыяў «Дыпсэрвіс» і высветліў, што там жывуць замежныя дыпламаты і асобы з прыраўняным да іх статусам.

На практыцы ж перадача службовай нерухомасці ад ГГУ ва ўпраўленне «Дыпсэрвісу» вырашаецца службовым ліставаннем з Упраўленнем справамі прэзідэнта і матывуецца неабходнасцю павелічэння прыбыткаў ад пазабюджэтнай дзейнасці.

У 2020 годзе ў доме №27 па праспекце Пераможцаў «Дыпсэрвіс» кіраваў 20 службовымі кватэрамі, сем з іх – трохпакаёвыя, толькі адна з іх пад №152 мае плошчу 94 «квадраты». Меркавана, генерал мог стаць уладальнікам менавіта гэтай кватэры.

У 2018 годзе кватэра №152 рашэннем 22-13/271 размеркавана для пражывання работнікаў Суда Еўразійскага эканамічнага звязу, гэта не адмяняе таго, што ў 2020 годзе рашэнне магло быць перагледжана і дзяржаўная маёмасць перааформлена ва ўласнасць міністра абароны.

Адзіная дачка Хрэніна – Марына – замужам, жыве ў Горадні, працуе ў мясцовым аддзяленні «Беларусбанка». Верагодна, муж і жонка плануюць пераезд у сталіцу, і кватэра насупраць Стэлы не будзе пуставаць.

Акрамя кватэры ва ўласнасць на праспекце Пераможцаў, 15 траўня 2020 года Хрэнін атрымаў службовы катэдж пад №24/1 у афіцыйнай рэзідэнцыі «Дразды», дзе пражываюць вышэйшыя чыноўнікі і асобы, асабліва набліжаныя да Лукашэнкі. Жыллё ў «Драздах» надаецца па яго асабістым распараджэнні.

Хрэнін прызначаны міністрам абароны 20 студзеня 2020 года, а ў сярэдзіне траўня ўжо мог святкаваць наваселле ў «Драздах».

«Драздоўскі» катэдж адносіцца да так званага «спецжылфонду». Гэта «спараны» асабняк, які зарэгістраваны з суседнім пад адным агульным нумарам праз дроб. У карыстанне міністру абароны аддадзены № 24/1, агульная плошча якога 135,7 метраў квадратных; суседняя №24/2 – 142,7 «квадраты» – у старшыні Дзяржаўнага камітэту маёмасці, цяпер гэтую пасаду займае Дзмітрый Матусевіч.

Цікава, што да 2020 года замацаванне катэджаў у Драздах для вышэйшых чыноўнікаў і сілавікоў было іншым. Папярэднік Хрэніна – экс-міністр абароны Андрэй Раўкоў жыў у катэджы №22/1, з ім па суседстве – міністр унутраных спраў Юрый Караеў; у катэджах №24/1 і №24/2 – міністр па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Вашчанка і старшыня КДБ Валерый Вакульчык адпаведна. У 2020 годзе па нейкіх прычынах Лукашэнка вырашыў рассяліць сваю світу ў іншым парадку.

Альянс следчых ужо распавядаў, як кватэры ў падарунак атрымалі цырульнік Лукашэнкі і ягоны асабісты целаахоўнік.

Прыдворны спявак і кампазітар Яўген Алейнік, які напісаў«Любимую не отдают» («Каханую не аддаюць»), стаў уладальнікам маёмасці ў афіцыйнай рэзідэнцыі «Азёрны» ў Астрашыцкім гарадку. У гэтым выпадку выкарыстоўвалася схема, аналагічная з «прыватызацыяй» кватэры Хрэніна.

Ва ўсіх выпадках у ланцужку па пераафармленні нерухомасці засвяціліся Кіраўніцтва справамі прэзідэнта і «Дыпсэрвіс».

Альянс расследавальнікаў Беларусі

Расследованні АРБ можна глядзець тут.

Вы можаце падтрымаць каманду АРБ:

Paypal: arb2021@protonmail.com

Bitcoin: bc1qyr365v0y6mgzljldhyfu5gx9nwemylfzzrh0zc

belsat.eu / Авер

Стужка навінаў